Вы тут

«Простыя словы, простыя рэчы», і чаму з іх трэба смяяцца?


(гумарыстычная рэцэнзія)

Здаецца, гумар існуе паўсюль. Самыя рэйтынгавыя перадачы і серыялы на тэлебачанні гумарыстычныя, большая частка кантэнту ў сацыяльных сетках — смешныя гісторыі ці карцінкі. Смешная рэклама хутчэй запамінаецца. Нават у газетах (дзякуй богу, не ў гэтай) ёсць дзіўная рубрыка з анекдотамі. Тое, што не наўпрост смешнае, — іранічнае ці сатырычнае. Цесная сувязь попыту і прапановы ні для кога не таямніца, але, гледзячы на некаторыя з гэтых «прапаноў», задаешся пытаннем: «Гэта сапраўды смешна?»


Як павінна быць, каб было смешна, — пытанне без пэўнага адказу. Але стваральнікі кніжнай серыі «Несур’ёзна пра сур’ёзнае» вырашылі, што смешна тое, што найбольш падобна да жыцця. Прынамсі, такое ўражанне ствараюць дзве свежыя (абедзве падпісаныя ў друк у чэрвені гэтага года) кнігі, што пабачылі свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці» з гэтай серыі — зборнік вершаў «Цярністы мой шлях!..» Аляксандра Мартыненкі і зборнік апавяданняў «Матрошкі з малаткамі» Васіля Найдзіна. Абедзве вокладкі жыццярадасна аформлены карцінамі Валянціна Губарава і вуглаватым шрыфтам, што павінна настройваць на гумарыстычны змест побытавага характару — чытво лёгкае і цікавае.

«Матрошкі з малаткамі» прапануюць нам тое, чаго ў жыцці і так хапае, — размовы. У асноўным, гэтыя апавяданні змяшчаюць дыялогі калег, сяброў, сваякоў, аўтара з рэдактарам, часам, праўда, унутраны маналог героя або змест ліста. Тэмы гэтых размоў максімальна набліжаюць аўтара да чытача, бо знаёмыя кожнаму: адносіны з жанчынамі, сваякамі, калегамі, праблемы на працы. І нельга сказаць, што сітуацыі, якія абмяркоўваюцца, асаблівыя ці новыя. Напрыклад, мужчына спазніўся на працу і піша вельмі літаратурную тлумачальную. Або мужчына хацеў падгледзець за жанчынамі ў лазні і яму нечым тыркнулі ў вока. Здаецца, даўно прыдуманы фармат сітуацыйных камедый такія сюжэтныя схемы выкарыстоўвае даволі часта. Добра, калі сюжэт можна згарнуць да кароткай формулы, бо з такімі апавяданнямі гэта часам неяк не працуе.

У апавяданні В. Найдзіна «Матрошкі з малаткамі», якое і дало назву зборніку, дырэктар ды намеснік дырэктара размаўляюць пра адпачынак, праблемы свайго бізнесу, недысцыплінаваных падначаленых, пра тое, што жонка аднаго з іх ходзіць у кіно з бухгалтарам, і шмат пра што яшчэ, пераскокваюць з аднаго на другое, на трэцяе, вяртаюцца да першага і абсалютна заблытваюць чытача ў плыні сваёй размовы. Праз гэта апавяданне падаецца зацягнутым, а карціна, якую яно дробнымі штрыхамі выбудоўвае, — карыкатурай. Магчыма, менавіта на карыкатурны паказ рэчаіснасці такая стылістыка і накіраваная, але яна ўсё ж такі абцяжарвае ўспрыманне.

Каб падкрэсліць карыкатурнасць персанажаў, аўтар надзяляе іх памяншальна-ласкальнымі прозвішчамі: Лапушкін, Мякішкін, Кацюлькін, Булачкін... Зборнік падзяляецца на дзве часткі, напэўна, з задумай аддзяліць сатыру ад гумару, але яскравага адрознення паміж творамі не заўважаецца. Апавяданні з гэтай кнігі нагадваюць тыя самыя анекдоты з газет, якія разрасліся ў гісторыі з жыцця. Такі сюжэтны ход, дарэчы, таксама прысутнічае ў некалькіх апавяданнях («З каго смяёмся?», «Анекдот»).

Звернемся да вершаў.

«Цярністы шлях» Аляксандра Мартыненкі падзяляецца на тры часткі. Першая прысвечана жыццю на лецішчы, агароду, суседзям — яны, дарэчы, даволі канкрэтныя персанажы, якія пераходзяць з верша ў верш. Другая частка засяроджана на кашэчых матывах: аўтара альбо раздражняюць каты, альбо ён размаўляе са сваім катом, альбо асацыіруе сябе з катом. Але і тут сустракаюцца апісанні жыццёвых сітуацый, накшталт «начальнік ЖКГ паслізнуўся ў галалёдзіцу» ці «шукаў натхненне ў кавалку сала». Трэцяя частка — экзістэнцыяльныя роздумы пра месца чалавека ў жыцці, сэнс існавання, прызнанне паэта (некалькі вершаў пра помнік) і гэтак далей. Хаця і тут не абышлося без побытавых показак.

Асноўныя тэмы такія ж простыя-знаёмыя чытачу, як і ў кнізе прозы, толькі, здаецца, з лягчэйшым стаўленнем да жыцця. Оды ляноце, вершы пра ежу ды гарэлку, пра заляцанні да суседак. Тут ёсць нават пародыя на верш Пастарнака «Зімовая ноч», толькі пра бліны.

Але ў апошняй частцы зборніка вектар рэзка змяняецца. Замест суседкі Раіскі пастаянным персанажам становіцца Муза (менавіта з вялікай літары), а аўтар пачынае філасофстваваць пра тое, як трэба жыць і што будзе потым. Такі рэзкі пераход, напэўна, павінен ахарактарызаваць аўтара як рознабаковую асобу і застаецца на сумленні ўкладальніка (яго радкі некалькі разоў з’яўляліся эпіграфамі да вершаў зборніка).

Нават калі не звяртаць увагі на «кровь — любовь», «весна — от сна», «мгновенье — вдохновенье», бясконцыя дзеяслоўныя рыфмы, атрымліваецца, што ўсе вершы — альбо бытапісанне, альбо рэфлексія (альбо разам). Можа, не варта так крытычна ставіцца да гумарыстычных па задуме твораў? Можа, і не варта было, калі б не апошняя частка, у якой аўтар неаднаразова адзначыў: «Я паэт, я хачу, каб мяне запомнілі».

Такія кнігі прыводзяць чытача, хаця б крыху абазнанага ў паэзіі, да вялікіх роздумаў пра яе прыроду і прызначэнне. Але варта адзначыць, што на смех ад гэтых твораў усё ж такі «прабівае»!

Ці адпавядаюць разгледжаныя кнігі заяўленаму ў назве серыі «несур’ёзна пра сур’ёзнае»? Усё прачытанае можна абагульніць так: зрэз жыццёвых сітуацый, побытавых здарэнняў, спроба паглядзець на свет, людзей і сябе самога з іншага боку, быццам аддалена. Так лягчэй разабрацца, што вартае смеху, а што — наадварот.

Засталося апошняе пытанне. Што ў гэтай рэцэнзіі такога гумарыстычнага? Тое ж самае, што і ў разгледжаных кнігах.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.