Вы тут

Адметныя выстаўкі верасня


З пачаткам восені культурнае жыццё ў краіне ажывае. Музеі і мастацкія галерэі спрабуць выклікаць у гледачоў разнастайныя эмоцыі. Якімі творчымі праектамі можна натхніцца?


1. Мастацкая галерэя «Арт-Беларусь»

Работа Настассі Колас

У межах культурнай прасторы дэманструецца цікавы праект «Women in action», прысвечаны паспяховым беларускім жанчынам у розных сферах. Арганізатары вырашылі нагадаць беларускам, што яны нясуць у сабе магутны асобасны патэнцыял, незямную прыгажосць і наперадзе іх абавязкова чакае поспех.

Падрыхтоўка праекта была дастаткова доўгая. У цэнтры ўвагі — выстаўка «Пярэварацень» Настассі Колас, работы якой звязаны з Беларуссю і ўпісаны ў сусветны кантэкст. Мастачка нарадзілася ў Мінску, жыве ў Таронта. З дапамогай прасторавых інсталяцый, скульптуры і лінзавых прыстасаванняў яна дамагаецца трансфармацыі вобразаў. У сваіх кампазіцыях аўтарка разглядае ўплыў на грамадства прадуктаў глабалізаванай эстэтычнай творчасці і тое, як яны засвойваюцца ў асяроддзі розных мясцовых супольнасцяў. Настасся заклікае гледачоў зазірнуць за матэрыяльную абалонку твораў. У рамках праекта прапануюцца сустрэчы са знакамітымі жанчынамі — Настассяй Колас, мастачкай Эвелінай Домніч, якая працуе ў жанры Art Science, што аб’ядноўвае мастацтва, навуку і філасофскія практыкі. Наперадзе — сустрэча з публіцысткай і экаахоўніцай Таццянай Новікавай і размова з Яўгеніяй Андраюк пра тое, што ёсць чалавечая годнасць. Падчас сустрэч слухачы могуць задаваць гераіням адкрытыя пытанні, каб зразумець, у чым сакрэт іх поспеху

2. Мастацкая галерэя «Высокае месца»

Іван Дмухайла «Прывакзальная плошча 1950-х»

Калекцыянеры Аляксандр і Іна Радаевы прадстаўляюць выстаўку з прыватнай калекцыі «Мінск. Горад і людзі». У экспазіцыі прадстаўлена больш за 60 жывапісных і графічных работ, сярод якіх можна ўбачыць цэнтральныя вуліцы ў жывапісных работах Міхаіла Чэпіка «Мост над Свіслаччу» і Абрама Кроля «Плошча Леніна», графічных аркушах Сямёна Геруса «Круглая плошча» і Анатоля Тычыны «Праспект Сталіна». Можна ўспомніць тую ж Прывакзальную плошчу ўзору 1967 года, што застанецца ў гісторыі ў невялікай лінагравюры Арлена Кашкурэвіча.

У кагосьці пакіне сумнае ўражанне разбураны Мінск часоў акупацыі ў рабоце 1943 года «Мінск. Руіны» Мікалая Дучыца і пасляваенныя руіны сталіцы на палотнах Віталя Цвіркі «Мінск» 1944 года і «Зімовы дзень. Ускраіна Мінска» 1946 года. А ў творы Меера Аксельрода 1928 года захаваны вядомы двухпавярховы дом з чырвонай цэглы, які стаяў у раёне Ніжняга рынка і які знеслі яшчэ да вайны…

Калекцыянеры Іна і Аляксандр Радаевы ўпэўненыя, што горад — гэта не толькі будынкі, але яшчэ і людзі, якія напаўняюць прастору энергіяй: напрыклад, у творы Уладзіміра Стальмашонка «Пасля змены на заводзе», Альгерда Малішэўскага «Рабочыя на вуліцы», Аляксандра Сямілетава «Сталявар», Леаніда Шчамялёва «Незнаёмка»…

3. Мастацкая галерэя «Беларт»

Твор Вольгі Шкарубы

Выстаўка жывапісу мужа і жонкі Вадзіма Богдана і Вольгі Шкарубы толькі адкрылася ў сценах галерэі. Мастакі ў творчасці абсалютна не падобныя адзін на аднаго, але разам іх работы ўспрымаюцца гарманічна.

Вольга — натура імпульсіўная, часам незадаволеная вынікам. Бо знаходзіцца ў пошуку новых тэм і спосабаў іх увасаблення. Але пры на эксперыменце атрымліваюцца шчырыя і лірычныя карціны. Іх можна назваць своеасаблівымі паэтычнымі назіраннямі за станам прыроды. Знаходзячыся ў палоне разнастайных уражанняў, Вольга імкнецца максімальна выразна зафіксаваць характар з’яў прыроды і прадметы, адлюстраваць уласнае здзіўленне і захапленне. Яна выказвае сваё стаўленне да тэмы непасрэдна ў працэсе працы, адразу на палатне. Гэта спроба ўцягнуць гледача ў працэс стварэння.

Вадзім Богдан крок за крокам удасканальвае майстэрства малюнка, набывае ўпэўненасць і вызначае кола сваіх творчых інтарэсаў і прыхільнасцяў. Ад твора да твора ён ставіць перад сабой новыя мэты і паспяхова вырашае складаныя творчыя задачы. У яго светаадчуванні няма дысанансу, карціны ўспрымаюцца як адзін акорд сімфоніі фарбаў. У пейзажных творах уражанні мастака злучаюцца з аўтарскай фантазіяй, у іх ёсць тое няўлоўнае дыханне прыроды, што, як правіла, знаходзіць эмацыянальны водгук

4. Нацыянальны Гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Срэбны выраб з калекцыі Маскоўскай ювелірнай школы.

Тут працуе выстаўка са збору Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы «Сярэбраны век ювеліраў Расіі».

Маскоўская ювелірная школа прадстаўлена вырабамі сусветна вядомай фірмы Ільі Губкіна, прыдворнага пастаўшчыка Расійскага імператарскага двара, і майстэрні Ільі Аўчыннікава, заслугай якой з’яўляецца адраджэнне і развіццё нацыянальнага стылю. У экспазіцыі — творы фірмы Івана Хлебнікава, які спецыялізаваўся на вытворчасці дыяментавых, залатых і срэбных вырабаў.

Прадметы побыту арыстакратаў не адрозніваюцца візуальнай раскошай, але кожны з іх — шэдэўр мастацтва і прыклад філіграннай працы. Як, напрыклад, цукарніца майстэрні Аўчыннікава, прыкрытая сурвэткай. Толькі праз пару секунд разумееш: сурвэтка насамрэч таксама зробленая са срэбра, але майстры здолелі надзвычай тонка перадаць узор і фактуру тканіны. Уражвае і птушка Сірын — з-пад рук Фабержэ, — крылы якой упрыгожаны простым ружовым кварцам.

Падрыхтоўка да прыезду ювелірных шэдэўраў у музейшчыкаў заняла амаль год. Але выстаўка атрымалася незвычайна цікавая і захапляльная.

5. Дом Масквы

Ганна Сілівончык «Незвычайнае і неадназначнае».

Выставачна-творчы праект «Культурная дыпламатыя. Масквічы ў Беларусі, беларусы ў Маскве» арганізаваны, каб прадэманстраваць актуальнае мастацтва ў дзвюх краінах. У праекце задзейнічаны адразу тры пляцоўкі. Акрамя Дома Масквы экспазіцыя размясцілася ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» і Музеі тэатральнай і музычнай культуры.

У экспазіцыі прадстаўлены карціны такіх знакамітых і адметных беларускіх мастакоў, як Васіль Касцючэнка, Леанід Гоманаў, Валерый Славук, Рыгор Іваноў, Аксана Аракчэева, Надзея Бука, Васіль Пяшкун, Ганна Сілівончык, і іншых. Яркім дадаткам стануць творы вядомых расійскіх аўтараў, напрыклад, Андрэя Очнева, Валянціна Чопыка, Васіля Худзякова, Алены Хайлавай, Таццяны Халева…

Дзякуючы праекту гледачы змогуць параўнаць мастацкае майстэрства творцаў двух гарадоў, прааналізаваць асаблівасці беларускай і расійскай школ выяўленчага мастацтва, а таксама асабіста пазнаёміцца з некаторымі мастакамі: у межах выстаўкі запланаваныя майстар-класы творцаў дзвюх краін.

Матэрыялы паласы падрыхтавала Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».