Вы тут

У Мінску паказваецца дакументальны фільм пра шведскага генія


Мы жывём у час выдатнай кінападзеі — рэтраспектывы аднаго з найвялікшых, найвядомейшых і найуплывовейшых рэжысёраў у гісторыі кінематографа Інгмара Бергмана. Дваццаць адрэстаўраваных фільмаў паказваюцца на вялікім экране ў мінскія выхадныя.


Гэта называецца «Уік-энды з Бергманам» і арганізуецца Цэнтрам аўдыёвізуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн» пры падтрымцы пасольства Швецыі ў Беларусі і Шведскага інстытута. А паралельна заплыву ў кіно геніяльнага рэжысёра на экранах сталічных кінатэатраў можна ўбачыць дакументальны фільм, ён так і называецца — «Бергман», які то цвяроза, то сентыментальна распавядае, наколькі супярэчлівай персонай Інгмар Бергман быў.

У 2018 годзе мы святкуем стагоддзе Інгмара Бергмана, а пра яго, здаецца, не сказаў толькі лянівы. Заўважана, што пасля выхаду чарговага «прысвячэння» — Элвісу Прэслі, Пабла Пікаса або, нарэшце, знакамітаму рэжысёру — узнікае пытанне, што новага можна было сказаць, калі ўжо патрачана так многа слоў. І кожны раз аказваецца, што дастаткова слоў у такіх выпадках не бывае. Не кажучы ўжо пра актуалізацыю імені, вяртанне да таго, што змяніла свет мастацтва, у гэтым выпадку мастацтва кіно, і тым факце, што дакументальны фільм — сам па сабе самастойны твор.

Дакументальную работу Яне Магнусан, якая да гэтага таксама зрабіла «Уварванне да Бергмана» для шведскага нацыянальнага тэлебачання, крытык Vаrіеtу назваў «адным з самых сумленных партрэтаў кінамастака». І прэм'ера гэтага партрэта адбылася на Канскім кінафестывалі.

Сумленнасць карціну сапраўды вылучае. Без лішняга захаплення Яне Магнусан паказала, што, будучы геніяльным рэжысёрам, Інгмар Бергман быў вельмі супярэчлівай асобай. Расказы пра поспехі яго фільмаў і тэатральных пастановак суправаджаюцца гісторыямі аб тым, што класік, напрыклад, падтрымліваў нацыстаў і суперажываў Германіі падчас Другой сусветнай вайны. Пра тое, што Бергман быў вельмі бязладным бацькам — ён, дарэчы, гэта прызнаваў — і непастаянным у любоўных стасунках. Што ён выкарыстаў свой аўтарытэт, каб маральна знішчыць віднага і шматабяцальнага акцёра ў Каралеўскім драматычным тэатры, у каментарыях гэта растлумачылі канкурэнцыяй.

Дакументальная карціна бярэ за пункт адліку вельмі насычаны для рэжысёра 1957 год. У 1957-м у Бергмана, які пакутаваў ад язвы страўніка, выйшла некалькі фільмаў, сярод якіх «Сёмая пячатка» і «Сунічная паляна», было пастаўлена некалькі спектакляў, адбылося мноства змен у асабістым жыцці. Гэты год дэманструе фенаменальную працаздольнасць Бергмана, паказвае кірунак яго інтарэсаў, канчаткова і беспаваротна робіць яго знакамітым аўтарам.

Карціна змяшчае ў сабе сцэны з фільмаў, архіўныя планы са здымачных пляцовак ці тэатральнай сцэны, інтэрв'ю Бергмана для тэлебачання і яго адказы на пытанні дакументалістаў, каментарыі яго калег, вучняў, сваякоў і каханых. На экране з'яўляюцца брат Інгмара Бергмана, адна з яго жанчын, той самы акцёр, што пацярпеў ад гневу вялікага рэжысёра.

Якімі б ні выглядалі супярэчнасці асобы, нават з доляй сантыментаў фільм дае магчымасць гледачу самому вырашаць вечную дылему — як ставіцца да таго, хто стварае вялікае кіно, але падтрымлівае нацыстаў. Бергман, акрамя таго, што аказваецца выкрытым, фігуруе ў кранальных і пацешных сцэнах. Ён смешыць і выклікае простую чалавечую прыязнасць. Ён арганічны ў сваёй стыхіі — на здымачнай пляцоўцы, ён жартуе і засяроджана ўглядаецца ў месца дзеяння, ён далікатна і пакорліва адказвае на пытанні журналіста.

Нарэшце, яго кіно. «Сёмая пячатка», «Персона», «З жыцця марыянетак», «Фані і Аляксандр», «Восеньская саната» — у кожным з фільмаў рэжысёр «ствараў уласны свет — свет, дзе ён распавядаў, што значыць быць такім чалавекам, як Інгмар Бергман». Дакументальная карціна вельмі прыгожа паказвае, што дзяцінства Бергмана і яго сям'я, яго стасункі з жанчынамі, яго страхі, некантралюемыя пачуцці і ўспаміны ўвасобіліся ў кожнай карціне, што кожная работа — насамрэч пра самога Бергмана. І ў гэтым, магчыма, хаваецца адзін са шматлікіх, але сакрэт.

Магчыма, няма зараз больш важнай справы, чым паглыбіцца ў «Бергмана». Фільм паказваецца ў кінатэатрах «Піянер», Fаlсоn Сlub Буцік Кіно і Sіlvеr Sсrееn Gаlіlео.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Супярэчлівы «Бергман»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?