Вы тут

Трансфармацыя навучання: чытанне з пялюшак, фізіка з трох гадоў?


Сёння добрая частка людзей занятая ў прафесіях, пра якія яны не марылі ў маленстве. Папросту на той час іх яшчэ не існавала. А сёння большасці сучасных дзяцей даследчыкі (60—80 %) у розных краінах прадракаюць занятасць на работах, якія яшчэ трэба вынайсці. Развіццё тэхналогій, новыя адкрыцці ў розных навуковых галінах будуць патрабаваць ад работнікаў асаблівых навыкаў. Ці трэба гэта ўлічваць бацькам? Ці варта ўжо з самага далікатнага ўзросту «працаваць» над будучым дзіцяці? Што выйграюць ад такіх сучасных прапаноў нашы малыя? І це не ўпускаем мы нешта важнае ў выхаванні дзяцей, захапляючыся ўсім тым, што хаваецца за словамі «ранняе развіццё»?


Адкуль бяруцца вундэркінды?

Вы заўважылі, як змяніліся дзіцячыя перадачы? Колькі інфармацыі праз іх падаецца маленькаму чалавечку! Нават мульцікі ненавязліва знаёмяць дзяцей з геаграфіяй, гісторыяй, біялогіяй, матэматыкай, тэхнікай і гэтак далей. З'явіліся новыя цацкі і і цэлыя гульні-комплексы, скіраваныя на работу з дзецьмі, у тым ліку і такія, як чытанне і матэматыка для немаўлят, замежная мова і творчасць з пялюшак. Акрамя прадуманых цацак, бацькам прапануецца безліч разнастайных дапаможнікаў і падручнікаў, майстар-класаў у сямейных цэнтрах, вэбінараў і адкрытых урокаў у інтэрнэце, дзе дарослых знаёмяць з тым, чаму і як вучыць дзяцей.

З кожным годам усё больш разнастайнымі становяцца праграмы развіццёвых цэнтраў, і калі раней асноўнай прапановай была «падрыхтоўка да школы», дык сёння можна запісаць дашкольнікаў у арт-майстэрні, тэатральныя і кінашколы, студыі мультыплікацыі і мадэльныя агенцтвы, цыркавыя студыі, пазнаёміць з робататэхнікай, навучыць гатаваць... З чатырохгадовымі карапузамі ўжо нават праводзяць займальныя вопыты па біялогіі, хіміі і фізіцы, а з пяці малых могуць пачаць знаёміць з ментальнай матэматыкай (суперхуткасны лік у галаве).

Вы сачылі за перадачай, дзе Максім Галкін знаёміў з «пупсамі», якія арыентуюцца ў геаграфіі, астраноміі, анатоміі і гэтак далей? Паверце, многія з гэтых дзетак зусім не вундэркінды — пры жаданні і вы сваіх малых у трох-пяцігадовым узросце можаце навучыць, напрыклад, распазнаваць сузор'і, адрозніваць сцягі, гербы і сталіцы краін, называць аўтараў найграных класічных мелодый ці шэдэўраў жывапісу і многаму іншаму. Нават для самых маленькіх выпускаюцца атласы, карты, размалёўкі, тэматычныя паштоўкі, цацкі, гульні і нават цэлыя камплекты (у якіх прадугледжана ўсё — ад разнастайных цацак да дапаможнікаў для бацькоў, дзе да дробязаў прапісана, як прыпаднесці інфармацыю малым, у наяўнасці дзясяткі тэматычных гульняў і нават аўдыя- і відэадыскі).

Сёння вам падкажуць, як немаўлят навучыць замежным мовам, як з імі праводзіць эксперыменты і расказваць пра розныя адкрыцці ў галіне навукі і тэхнікі. І гэта сапраўды цікавыя і дзейсныя методыкі. Вы будзеце здзіўлены, як хутка і як многа ўсяго можа засвоіць малеча. Ёсць і спецыяльныя эстэтычныя праграмы для немаўлят. Напрыклад, з музыкай дзетак пачынаюць знаёміць нават тады, калі яны яшчэ знаходзяцца ў мамы ў жываце, а для немаўлят распрацаваны праграмы накшталт «каляровых нотак». Ужо ў такім узросце іх вучаць найграваць простыя мелодыі (зразумела, спачатку мамы самі ціснуць дзіцячымі пальчыкамі на клавішы сінтэзатара, куды загадзя прычэплены каляровыя налепкі). А як толькі немаўля навучыцца сядзець — яму ўжо раяць даваць фарбы. І зноў жа прапануюцца разнастайныя дапаможнікі, гульні, наборы картак, якія дапамогуць пазнаёміць з колерамі і формамі.

Многаму малых могуць вучыць не чужыя цёткі ў нейкіх сямейных цэнтрах, а самі бацькі ў хатніх умовах. І самае галоўнае: вы не толькі развіваеце памяць і ўменне засвойваць вялікую колькасць інфармацыі, але вам не трэба ламаць галаву, чым заняць малога.

Толькі пашукайце (у кнігарнях, магазінах з дзіцячымі гульнямі, у інтэрнэце) — і знойдзеце шмат цікавых рэчаў, якія скіраваны на развіццё логікі, увагі, памяці, фантазіі, хуткасці рэакцыі, ужо маўчу пра розныя пропісі, штрыхоўкі і азбукі.

Не забываюць бацькі і пра псіхалагічныя заняткі, прычым гэта ўжо не толькі работа з праблемамі малых, а навучанне дзяцей, як распазнаваць эмоцыі, паводзіць сябе ў розных сітуацыях і ўзаемадзейнічаць з іншымі. Падавацца такое выхаванне можа праз казкі, апавяданні, спецыялізаваныя кніжкі, а таксама праз новыя цацкі і праграмы, напрыклад, казкатэрапію, арт- ці музычную тэрапію, sandplay (гульні з пяском) ці псіхалагічны тэатр. У будучым гэтыя веды спатрэбяцца нашым дзецям, калі дарослымі яны будуць працаваць у камандзе ці шукаць шляхі ўздзеяння на кліентаў.

Школа да школы?

На жаль, сёння для многіх бацькоў ранняе развіццё — гэта план дзеянняў па навучанні дзіцяці чытанню і ліку. Пры гэтым некаторыя яшчэ і шукаюць такія цэнтры, дзе малых гэтаму будуць вучыць з трох (і нават раней) гадоў. І дарэмна! Часта ў школах ранняга развіцця дзецям даюць усё тое, што малыя праходзяць у дзіцячым садку. Не вядзіце дзетак туды, дзе ці не з пялюшак прымушаюць выводзіць палачкі, кручкі ці літаркі. Маляванне, лепка, мазаіка не горш развіваюць (ці, калі вам больш падабаецца, рыхтуюць руку да пісьма). Літары дзіця можа лёгка запомніць, калі вы знойдзеце адпаведныя настольныя гульні, лічбы засвоіць у маляванні ці аплікацыях па нумарах. Нават задачкі можна рашаць, калі разам гуляеце ў спартыўныя гульні. Няхай дзіця лічыць, колькасць галоў (а колькі трэба яшчэ забіць, каб было дзесяць?) ці збітыя кеглі (а колькі было ці засталося стаяць?), скачкоў (колькі іх трэба, каб даскакаць да лаўкі?).

У сваім захапленні ідэяй ранняга развіцця важна, каб мы не пазбавілі сыноў і дачок звычайных дзіцячых забаў, ім патрэбны час на гульні з разнастайнымі цацкамі, на сустрэчы з сябрамі.

Мы часта аддаём малых на заняткі па падрыхтоўцы да школы, а часу, напрыклад, на мастацкія ці спартыўныя гурткі (а сёння іх таксама вялікі выбар) не хапае. Завітайце ў фізкультурна-спартыўныя цэнтры, ЖЭСы ці цэнтры дадатковай адукацыі. Для дашкольнікаў тут шмат цікавых заняткаў, а карысці ад іх не менш. Яны таксама развіваюць уменне слухаць, разважаць, запамінаць, канцэнтравацца, дзейнічаць па ўзоры — усе тыя навыкі, якія так спатрэбяцца будучаму школьніку. Ды і на базе школ часта працуюць танцавальныя, спартыўныя і іншыя гурткі для хлопчыкаў і дзяўчынак
3—5-гадовага ўзросту.

Не трэба забывацца, што дзіця развіваецца і ў выніку ўзаемадзеяння з бацькамі. Сумесныя гульні, паходы ў музеі, тэатры, падарожжы і нават прагулкі па парку могуць шмат даць. Калі ўсе выхадныя дзіця наведвае нейкія заняткі, ці застаецца ў вас з ім час на нешта агульнае? Ці не страчваецца аўтарытэт бацькоў? Ці зможа малое ў адказ на пахвалу з гонарам адказаць: «Гэта мяне мама навучыла!». Што, пасталеўшы, раскажа пра сваё маленства? Ці ўспомніць, напрыклад, як з татам гулялі ў футбол, а з мамай стваралі святочныя ўпрыгажэнні? Падумайце пра гэта, перш чым нагружаць дзіця шматлікімі гурткамі і секцыямі...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».