Робім брошку


Нават калі ў сям'і невялікі дастатак, умеючы абыходзіцца з іголкай, можна стварыць рэчы, у якіх будзеш выдзяляцца з натоўпу, — упэўнена кіраўнік сталічнай «Школы моды і стылю» Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі «Зорка» Алеся КОЛАС. — Так, старую вопратку можна пафарбаваць або з дапамогай друку нанесці цікавыя прынты, ці ўпрыгожыць вышыўкай, аплікацыяй, у рэшце рэшт, выкарыстаць для іншых вырабаў. Знойдзецца прымяненне старому паліто ці берэту, сумцы, джынсавай вопратцы. Не палянуйцеся зразаць гузікі і спражкі, распускаць старыя ўборы, што ўжо пацёрліся, і выкарыстоўвайце фурнітуру. Матэрыялы для будучых вырабаў сустрэнеце і ў інтэрнэце — людзі могуць аддаваць іх танна ці нават бясплатна.


Алеся прапанавала чытачам «Звязды» зрабіць брошку ці завушніцы. Вам спатрэбяцца: скура (ці яе замяняльнік) або фетр (калі ён тонкі і мяккі, бяром некалькі пластоў, паміж імі кладзём кардонку) для асновы, бісер — каб абшыць выраб па контуры ў тэхніцы «амерыканскі шывок», яго памер залежыць ад таўшчыні загатоўкі. У сярэдзіне размяшчаем прышыўныя стразы (яны могуць быць з пластыку або шкла) ці прыгожыя гузікі. А таксама для нашых упрыгажэнняў спатрэбяцца бусіны і стразы ў цапах. Добра, калі вы падбераце дэталі з гранямі — выраб будзе зіхацець. Не паскупіцеся на бісер — напрыклад, з бусін з напыленнем фарба злазіць, прайграе ваша праца і ў выпадку, калі бісер не адкалібраваны. Лепш скарыстацца лёскай альбо падбіраць белыя ніткі, калі вы працуеце з празрыстым бісерам.

Спачатку зрабіце выкладку і вызначце, якога памеру будзе аснова ўпрыгажэння (дыяметр вырабу роўны памеру цэнтральнага страза і дзвюм самым вялікім бусінам, што знаходзяцца вакол яго). Спачатку шаблон намалюйце на паперы, а пасля перанясіце на фетр (скуру). Цэнтральныя стразы (яны размяшчаюцца з двух бакоў) і бусіны трэба «прайсці» іголкай па два разы — тады яны будуць лепш трымацца.

Можаце па-рознаму выкарыстоўваць такое ўпрыгажэнне. Калі хочаце зрабіць з яго падвеску, падыдуць віскозныя, сінтэтычныя шнуры ці ланцужкі, а звычайная сашчэпка дапаможа замацаваць выраб на ёлцы.

Падрыхтавала Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Ствараем разам з «Зоркай»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?