Вы тут

Будаўнікі могуць узвесці для шматдзетных сем'яў 15 тысяч кватэр у год


У студзені — жніўні бягучага года ў нашай краіне сумарна пабудавана 22,8 тысячы новых кватэр. У эксплуатацыю ўведзена 2 мільёны 24,1 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Амаль 37 % кватэр пабудаваны для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — 742,1 тысячы квадратных метраў. Сёння на пытанні аб арэндным жыллі і аб шматдзетных сем'ях расказаў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка.


— Колькі жылля неабходна пабудаваць сёлета, каму і дзе?

— Усяго па краіне, улічваючы ўсе крыніцы фінансавання, у бягучым годзе запланавана ўзвесці 4 мільёны квадратных метраў жылля. З дзяржпадтрымкай трэба пабудаваць 800—900 тысяч квадратных метраў жылля. З агульнага аб'ёму ўведзенага жылля для маючых патрэбу 491 тысяча «квадратаў» пабудавана з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі, 460,4 тысячы — у шматкватэрных жылых дамах у гарадах. У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 596,2 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля (29,5 % ад сумарнага ўводу па краіне).

Дагнаць шматдзетную чаргу — цалкам рэальна

— У Беларусі на пачатак гэтага года на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў было 678 тысяч сем'яў, з іх 35 тысяч — шматдзетныя. Чарга рухаецца вельмі павольна. Не забяспечваецца магчымасць уступлення ў будаўніцтва ў якасці шматдзетнай сям'і на працягу года. Гэта назіраецца ў цэлым шэрагу рэгіёнаў, асабліва ў буйных гарадах, у тым ліку ў Мінску.

— Па шматдзетных. На працягу года гэтую катэгорыю людзей трэба накіраваць на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай. Гэта так. Трэба, але пры ўмове наяўнасці сродкаў.

— Наколькі мне вядома, праблема чэргаў для шматдзетных пачала вырашацца менавіта ў бягучым годзе. Пастаўлены грандыёзныя задачы. На ваш погляд, яны будуць выкананы?

— «Даганяць» вялікую чаргу і сапраўды цяжка. Але можна і трэба гэта рабіць. Толькі сёлета за першае паўгоддзе для шматдзетных было пабудавана больш, чым за ўвесь мінулы год. Усяго сёлета запланавана пабудаваць для гэтай катэгорыі чаргавікоў 7 тысяч 29 кватэр. Гэтая задача цалкам выканальная. Больш за тое, мінулым урадам ставілася задача на 2019—2020 гады выходзіць на будаўніцтва не менш як 10 тысяч кватэр у год для шматдзетных. Для будаўнікоў і гэтыя лічбы цалкам рэальныя. Пытанне толькі ў грашах.

— Цяпер ільготныя крэдыты шматдзетным выдаюцца не толькі сістэмнымі банкамі?

— Так, гэта ўжо не дырэктыўнае крэдытаванне асобнымі банкамі, а крэдытаванне з элементамі субсідый і іншымі камерцыйнымі банкамі. Тут мы задзейнічаем банкаўскі капітал, які таксама атрымлівае сваю карысць. Калі прыватныя банкі пачнуць больш актыўна ўкладваць фінансы ў крэдытаванне жылля, то будаўнічыя кампаніі могуць узвесці ў год нават 15 тысяч кватэр для шматдзетных. Гэта таксама рэальна.

Дзеці-сіроты самастойна жыллё не пабудуюць

— Акрамя шматдзетных каму яшчэ дзяржава плануе павялічваць дапамогу пры будаўніцтве жылля?

— У нас яшчэ ёсць пэўная катэгорыя людзей, якой будзе цяжка вырашыць жыллёвую праблему без дапамогі краіны. Гэта дзеці-сіроты. Зараз нашым міністэрствам рыхтуецца адпаведны праект указа, дзе мы прапануем павелічэнне (значнае) субсідый. Пакуль гэты дакумент толькі ў распрацоўцы. Яго абавязкова неабходна ўзгадніць з Мінфінам краіны. Бо нашы прапановы не могуць быць адарваныя ад рэальнага бюджэту, яго выканання. Канчатковыя лічбы па гэтым праекце павінны быць вывераныя і ўзважаныя. Таксама міністэрства прапануе павялічыць дапамогу пры будаўніцтве жылля сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

— Цэны для чаргавікоў будуць стрымлівацца дырэктыўна?

— Тут пытанне не адназначнае. Калі ўтрымліваць цэны пастаянна, не даваць ім ходу наогул, то можна «пакласці» будаўнічую галіну, загубіць яе. У той жа час адпускаць цэны ў свабоднае плаванне — няправільна, не гатовыя нашы людзі жыць падчас «дзікага капіталізму». Тут больш за ўсё падыходзіць слова «рэгуляванне». Ёсць устаноўка, каб кошт квадратнага метра быў не большы за ўзровень сярэдняй зарплаты па краіне. Так яно і ёсць. Цяпер цана квадратнага метра для тых, хто будуе з дзяржпадтрымкай, каля 830 рублёў. Павышаюцца заробкі — адпаведна расце кошт метра.

Летась мы даведзеную цану квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай вытрымалі, уклаліся ў меншую суму, чым была вызначана. Да канца года максімальны кошт не павінен перавысіць 923 рублі за квадратны метр. Зараз перад будаўнічай галіной стаіць задача адшукваць унутраныя магчымасці для зніжэння сабекошту сваёй прадукцыі.

За арэндным жыллём будучыня

— Ваша меркаванне аб камерцыйным жыллі: ці сапраўды яно трэба нашым людзям на сучасным этапе? У свой час амаль 100 % жылля зрабілі прыватным, а цяпер што?

— Не разумею вашага сарказму. На маю асабістую думку камерцыйнае жыллё, або як яго называюць у народзе «арэнднае», нашым людзям проста неабходна. Такая форма рашэння жыллёвага пытання дае таленавітым і актыўным людзям шанц шукаць работу па прызванні, не азіраючыся на наяўнасць «метраў» дзесьці ў іншым месцы. У той жа час наяўнасць арэнднага жылля дазваляе мясцовым уладам па магчымасці вырашаць кадравыя праблемы, іншыя задачы з неабходнымі працоўнымі рэсурсамі.

— Колькі арэнднага жылля будзе пабудавана сёлета?

— Усяго па краіне будзе пабудавана 90 тысяч «квадратаў» камерцыйнага жылля. Менш за ўсё пабудуюць такога жылля ў Віцебскай вобласці (5,5 тысячы квадратных метраў), а больш — на Гродзеншчыне (23,5 тысячы). Акрамя таго, у Гомельскай вобласці будзе пабудавана 18,9 тысячы квадратных метраў арэнднага жылля, у Брэсцкай — 17,5 тысячы, у Магілёўскай — 10 тысяч, у Мінску — 7,6 тысячы і Мінскай вобласці — 7 тысяч «квадратаў». Шмат гэта ці мала — цяжка сказаць адназначна. У кожным рэгіёне праблема арэнднага жылля ацэньваецца па-свойму. Акрамя таго, пастаўленыя задачы прывязваюцца да мэтавага фінансавання таго ці іншага горада.

Напрыклад, у Мінску ў бягучым годзе будуецца такое жыллё за тыя грошы, якія паступілі ад эксплуатацыі камерцыйных кватэр. Тры дамы ў сталіцы будуюцца па такім механізме. Атрымліваецца, што чым больш арэнднага жылля ў краіне, тым больш актыўна яно зможа само сябе ўзнаўляць. А ўлічваючы вялікія чэргі на такое жыллё, адназначна — за імі будучыня.

Акрамя таго, арэнднае жыллё могуць будаваць непасрэдна вытворчыя прадпрыемствы. А гэтыя кватэры новыя ўласнікі маюць права размяркоўваць па сваім меркаванні.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Нам бы квадратных метраў больш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?