Вы тут

Як будзе развівацца будаўнічая галіна на Віцебшчыне?


На чарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў на адрас будаўнікоў прагучала нямала крытыкі. А раней яна была агучана на пасяджэнні аблвыканкама.


Па сутнасці, галіна можа стаць адным з лакаматываў эканомікі, але ж у сферы будаўніцтва не ўсё добра. Хаця ёсць нямала добрых прыкладаў, калі ёсць чаму павучыцца аўтсайдарам.

Канешне, у першую чаргу паказчык эфектыўнасці працы будаўнікоў — увод жылля. У Прыдзвінскім краі ў студзені — ліпені пабудавалі каля 134 тысяч «квадратаў» — 45 % ад задання.

Як канстатавала старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна, неэфектыўна працуе кожная чацвёртая будаўнічая арганізацыя. Пры гэтым, у адрозненне ад дзяржаўных, камерцыйныя працуюць паспяхова. Напрыклад, ёсць у абласным цэнтры фірма, памер прыбытку якой перавышае агульны паказчык каля дзесяці перасоўных механізаваных калон.

А ў цэлым чысты прыбытак недзяржаўных будаўнічых арганізацый большы, чым у так званых камунальных, прыкладна ў 3,5 раза. І наконт экспарту паслуг: сітуацыя аналагічная — каля 90 % ад прыватных фірмаў.

Эканаміст таксама расказала пра тое, што прыкладна ў палове раёнаў вобласці і ў Наваполацку меншы аб'ём будаўніча-мантажных работ. Ад дзяржаўных будаўнікоў, як падкрэсліла выступоўца, мясцовая ўлада чакае «работы над памылкамі».

Калі абмяркоўвалі вынікі першага паўгоддзя, сваімі думкамі падзяліўся губернатар.

За шэсць месяцаў здалі пад ключ 119,1 тысячы «квадратаў» жылля. Адпаведнае гадавое заданне Савета Міністраў у цэлым па вобласці перавыканалі на 4,8 %. Але кіраўніцтва абласной вертыкалі ўлады акцэнтавала ўвагу тых, ад каго залежыць узвядзенне і ўвод жылля пад ключ, не расслабляцца.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў патрабаваў актывізаваць працэс і зрабіць усё магчымае, каб выканаць гадавы план, і даручыў кіраўнікам гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў наладзіць сістэмны кантроль. У прыватнасці, калі не будзе дастатковай колькасці рабочых, не арганізуецца праца і па выхадных і святах і, зноў жа, пры адсутнасці кантролю за будаўніцтвам, выкананне гадавога задання вобласцю ў цэлым можа быць сарванае.

Напрыклад, ёсць факты нездавальняльнай работы выканкамаў па каардынацыі ўзвядзення шматкватэрнага жылля, на будаўніцтва якога ў неабходных аб'ёмах вылучаны грошы дзяржаўнай падтрымкі. Сярод праблемных у гэтым пытанні — Аршанскі, Браслаўскі, Полацкі раёны, Наваполацк і Віцебск.

Дарэчы, у абласным цэнтры, як канстатавалі ў камітэце па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама, трэба пабудаваць палову ад усяго жылля на Віцебшчыне. Адпаведнае заданне за першыя шэсць месяцаў было выканана толькі на 39,1 % (пабудавалі каля 59,1 тысячы «квадратаў»). І, бадай, як агучылі па пасяджэнні, галоўная прычына тармажэння — маруднасць пры афармленні праектна-каштарыснай дакументацыі.

Наўрад ці буйныя гарады Віцебшчыны можна параўнаць з мегаполісамі ў пытанні ўрбанізацыі, нават з Мінскам, дзе забудова ўжо даволі шчыльная. Таму трэба развіваць гарады-спадарожнікі.

Аказваецца, у вялікіх гарадах Прыдзвіння амаль адсутнічаюць свабодныя зямельныя ўчасткі для будаўніцтва шматпавярховак. У прыватнасці, у Наваполацку такіх участкаў ужо няма. Распрацавалі дэталёвыя планы двух мікрараёнаў, перадпраектную дакументацыю іх забудовы. А вось грошы на распрацоўку праектнай дакументацыі і на пракладку інжынерных сетак — у дэфіцыце.

Штогод запланавана значнае павелічэнне долі індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Гэта прадугледжана дзяржаўнай праграмай «Будаўніцтва жылля на 2016—2020 гады». Як адзначалі на пасяджэнні, сёлета адпаведная работа недастаткова вядзецца ў Верхнядзвінскім, Лепельскім, Полацкім,Чашніцкім і Талачынскім раёнах.

У вобласці існуе добры вопыт супрацоўніцтва ва ўзвядзенні жылля з КНР. Сёлета, у прыватнасці, пры тэхніка-эканамічнай дапамозе кітайскага ўрада запланавана пабудаваць па адным доме ў Лепелі, Полацку, Наваполацку, а таксама ў абласным цэнтры. Там адзначаць наваселлі малазабяспечаныя грамадзяне, якія маюць права на дзяржаўную дапамогу ў вырашэнні жыллёвага пытання.

Сярод пунктаў абласной стратэгіі вырашэння праблем будаўніцтва — актывізацыя работы па адводзе зямлі, праекціроўшчыкаў. Важная задача — не дапусціць перавышэння кошту 1 квадратнага метра жылля, якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай.

У 2019 годзе на Віцебшчыне ўсяго запланавана ўзвесці каля 300 тысяч квадратных метраў жылля.

Задзел, як лічаць спецыялісты, трэба зрабіць ужо ў кастрычніку. Каб усё паспець пабудаваць своечасова.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».