Вы тут

Ці пабудуюць у лесе ў Бараўлянах школу?


У 2014 годзе Прэзідэнт даручыў Мінаблвыканкаму і Мінскаму гарвыканкаму пабудаваць у прыгарадзе сталіцы два сады-школы. Абласныя ўлады паспяхова справіліся з гэтай задачай. У выніку ў 2016-м у вёсцы Лескаўка Бараўлянскага сельсавета адкрыўся дзіцячы сад на 230 месцаў. І ў 2018-м — школа на 720 месцаў. А вось горад сутыкнуўся з праблемай пошуку месца для будаўніцтва. Справа ў тым, што ў Бараўлянах праблематычна знайсці падыходзячыя плошчы: забудова вельмі шчыльная. Пытанне вывучалі адпаведныя службы, якія прыйшлі да высновы, што пад комплекс дзіцячы сад-школа неабходна не менш як пяць гектараў зямлі. Удалося падабраць два ўчасткі — адзін на землях сельгасугоддзяў, другі — у лясным масіве. Спыніліся на апошнім. Паколькі гэта лес першай катэгорыі, на будаўніцтва аб'екта патрабаваўся дазвол Прэзідэнта, які быў атрыманы.


Дзіцячыя школьныя і дашкольныя ўстановы як паветра неабходны Бараўлянам. Шмат дзяцей бацькі возяць у школы і дзіцячыя садкі ў сталіцу. У Бараўлянах на чарзе ў дзіцячы сад стаіць каля 5000 малых. Каб вырашыць праблему, неабходна яшчэ сем такіх устаноў. Участак лесу для будаўніцтва комплексу выбралі невыпадкова: не ставіць жа аб'ект у чыстым полі на пяску. Аднак з гэтым не пагадзілася частка жыхароў, якія стварылі ініцыятыўную групу. Яны сцвярджаюць, што аб'ект не лепшым чынам паўплывае на экалогію, паветра, жывёльны і раслінны свет. У выніку спецыялістамі, вучонымі была праведзена адпаведная экспертыза.

Бараўлянскі сельвыканкам арганізаваў чарговы сход для абмеркавання справаздачы па ўздзеянні аб'екта на навакольнае асяроддзе. Дарэчы, папярэдне гэтая працэдура праходзіла з 27 жніўня па 25 верасня. У сельвыканкаме быў заведзены журнал, дзе ўсе зацікаўленыя маглі пакінуць свае запісы. Усяго ўнесена шаснаццаць заўваг і прапаноў.

— Сесіяй Мінскага раённага Савета дэпутатаў 24 жніўня зацверджаны генеральны план пасёлка Лясны і вёскі Бараўляны, — паведаміла старшыня сельвыканкама Жанна ВАРАБЕЙ. — Асноўнае, што ўлічвалася яго распрацоўшчыкамі, — забеспячэнне аб'ектамі сацыяльнай сферы населеных пунктаў Лясны, Бараўляны, Лескаўка, Вопытны. Дакументам прадугледжаны сем дзіцячых садоў і чатыры школы, вызначаны месцы для гэтых і іншых сацыяльных аб'ектаў. Адзін з участкаў — у вёсцы Бараўляны па вуліцы Жамчужнай для ўзвядзення дзіцячага сада на 240 і сярэдняй школы на 1020 месцаў.

— Мы супраць установы адукацыі менавіта тут, сярод лесу. Гэта ўнікальны куток прыроды з яго расліннай і жывёльнай разнастайнасцю. Тут водзяцца рэдкія віды птушак і жывёл, у тым ліку і занесеныя ў Чырвоную кнігу. Напрыклад, зялёны дзяцел, чарналобы саракапут, сапсан і нават жук Борас Шнайдэра, што пацверджана вывадамі незалежнай экспертызы па ініцыятыве жыхароў, — раздаліся воклічы з залы.

Між іншым, загадчык навукова-даследчай лабараторыі экалогіі ландшафта БДУ Савелій Кузьмін адзначыў, што вучоныя, спецыялісты ўсебакова вывучылі сітуацыю, жывёльны і раслінны свет, карпатліва правялі даследаванні па ўсіх пазіцыях, якія паказалі, што ў гэтым лясным масіве плошчай 4,8 гектара не выяўлена вышэйазначаных звяроў, насякомых і птушак. Напрыклад, жук Борас Шнайдэра селіцца там, дзе ёсць ссохлая драўніна, у камлях дрэў пасля пажарышча. Сухастой на гэтым лясным участку своечасова прыбіраецца дзеля бяспекі людзей. Чарналобы саракапут гняздуецца толькі на поўдні Беларусі, пераважна ў Гомельскай вобласці, у дубовых і змешаных лясах. Тут жа растуць толькі хвойныя пароды дрэў.

Што датычыцца лілеі кудраватай, якая занесена ў Чырвоную кнігу, то яна тут сапраўды расце. Вучоны прапанаваў: калі будаўніцтва пачнецца, перасадзіць расліны ў іншае месца. Для гэтага заказчык павінен атрымаць дазвол адпаведных службаў. Такі вопыт у Беларусі ёсць.

— Але ж да школы дзяцей будуць прывозіць на машынах, тысячы машын, падумайце, як гэта будзе ўздзейнічаць на навакольнае асяроддзе. акрамя таго, кацельная, адходы гаспадарчай дзейнасці значна пагоршаць экалогію. Вунь у лесе звалкі смецця і ніхто іх не прыбірае... — выказвала прэтэнзіі аўдыторыя.

Дарэчы, а хто захламляе лес, як не самі мясцовыя жыхары? Нездарма кажуць, чыста так, дзе не смецяць.

Кацельня будзе працаваць на газавым паліве і пагрозы навакольнаму асяроддзю не нясе, растлумачылі спецыялісты.

Разам з тым нямала і прыхільнікаў будаўніцтва дашкольнай і школьнай дзіцячых устаноў. У прыватнасці, дырэктар Бараўлянскай сярэдняй школы № 2 Алена Хіля заклапочана, што дзеючая школа перапоўнена — 1650 вучняў, у кожным класе па 30 чалавек. Акрамя таго, многія педагогі не маюць свайго жылля, гадамі вымушаны здымаць кватэры за свае невялікія зарплаты. «А там, дзе ініцыятыўная група прапаноўвае школу, мы хацелі б, каб з'явілася жылая забудова. Магчыма, нарэшце абзавядзёмся сваім кутком», — падтрымалі яе калегі.

Кропка ў гэтая няпростай сітуацыі пакуль не пастаўлена.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Чым бліжэй лес...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.