Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


Чым не жаніх?

Не скажу дакладна, якім чынам трапіў у рукі Пятру часопіс, дзе ён вычытаў аб'яўку, што незамужняя Кацярына, даярка па прафесіі, шукае сабе прынца. Аднак гэта зацікавіла яго не на жарт. Пятро адразу падумаў: «А чым я не прынц?! Можа, я той самы, хто ёй, незамужняй даярцы, у самы раз?» І пачаў дзейнічаць — рашуча і энергічна. Раскапаў у сямейным архіве фотакартку — нічога, што на ёй ён быў малады і з шавялюрай. Яшчэ і падбадзёрыў сябе: «Чым не жаніх?!»

Купіў на пошце канверт, уклаў туды пісульку, што гатовы стварыць сямейны саюз. Пра сябе напісаў зусім мала. Што мае «коркі» трактарыста, жыве з маці. Прызнаўся таксама, што быў жанаты. Але далей пайшло-паехала: і жонка быццам трапілася гультаяватая, і не гатавала яму, і паглядала на чужых мужчын, а гэта ўжо — выбачайце! Давялося разбегчыся. Аліменты ўжо выплаціў два гады таму. Цяпер — вольны птах з усіх бакоў. Арол, адным словам. А там хай сама вырашае. Не напішаш жа той незамужняй даярцы Кацярыне, што жонка была як жонка, і таксама, дарэчы, рабіла на ферме даяркай, але паколькі яе Пятро злоўжываў, то яна ўцякла разам з дзіцем да маці ў суседняе сяло... Потым ён прыводзіў яшчэ адну кабету, другую... і ўсё заканчвалася аднолькава: жыві ты, Пятро, лепш адзін. Шчасліва заставацца. У сваёй мясцовасці ніхто з жанчын больш з ім не хацеў мець ніякіх стасункаў. І вось цяпер у яго з'явіўся шанц. Тым больш што Кацярына жыве далёка — нават у іншай вобласці. Паспрабуй даведайся, хто ён ёсць на самай справе...

Адказала жанчына даволі хутка: прыязджай, чакаю. Тыдзень Пятро не піў, раз-пораз паглядаючы ў люстэрка: ну, як там твар, свежы ці не? Аднойчы, глянуўшы ў тое ж самае люстэрка, заявіў сам сабе: «Ажур! Цяпер можна ехаць!» Маці пахваліўся: так і так, рыхтуйся пабачыць неўзабаве новую нявестку. З гэтай прычыны мяне не будзе колькі дзён. А паколькі на працы ў калгасе ў яго даўным-даўно адабралі трактар, то адпрошвацца там не было патрэбы. Сустракай, Кацярына!

Яна і сустрэла. Прыветна, як і мае быць. Накрыла стол. У цэнтр яго паставіла бутэльку гарэлкі. Выпілі па чарцы, а калі Пятро сабраўся напоўніць па другой, жанчына сваю адставіла ўбок.

— Мне хопіць, пара на ферму, — сказала. — А ты тут пачакай. Вярнуся, тады бліжэй і пазнаёмімся. Так ты мне падабаешся, не налягаеш на гарэлку — па твары ж бачна. А без мужчыны цяжка ў вёсцы.

— Яшчэ б! — не без гонару падтакнуў Пятро.

Калі Кацярына вярнулася з дойкі, ён ляжаў на канапе і моцна хроп. На стале стаяла пустая бутэлька, а побач з ёй пачатая: яе Пятро прывёз з сабой, але не спяшаўся адразу выстаўляць.

Жанчына не стала яго будзіць. А раніцай, перад тым як ісці на ферму, паказала жаніху на дзверы.

— Едзь, даражэнькі туды, адкуль прыехаў. Такога мужчыну я магу знайсці далёка не ходзячы...


Прывычка

Алергалагічнае аддзяленне бальніцы, дзе давялося мне нядаўна папраўляць здароўе, часова знаходзіцца на чацвёртым паверсе. Нічога страшнага, вядома, у гэтым няма, нават калі некаторым хворым і цяжка падымацца на такую вышыню, — ёсць, у рэшце рэшт, грузавы ліфт, дзяжурныя жанчыны разумеюць, што за катэгорыя хворых (астматыкі ў асноўным), таму выручаюць, падвозяць.

— Пацярпіце яшчэ крышачку: хутка скончыцца рамонт у аддзяленні, пераедзем на свой першы паверх, — суцяшаюць хворых.

Аднак не гэта мне запомнілася найбольш. Памяшканне сталовай было надзвычай светлае, і гэта зразумела: на ўсю сцяну — два шырокія і высокія акны. Як на тэрасе. А калі яшчэ і кормяць добра, то чым не курорт!

У першы ж дзень звярнуў увагу на аднаго даволі саліднага мужчыну сярэдняга веку. Атрымаўшы ежу на раздачы, ён сеў спачатку спінай да акна. Пакорпаўся ў страве, потым зрабіў кіслы выгляд, нешта прамумкаў сабе пад нос і перасеў — тварам да акна. І адразу ж хуценька запрацаваў лыжкай. Ажно, як кажуць, нос упрысядкі хадзіў.

Далей, колькі ні назіраў за тым мужчынам, ён сядаў заўсёды тварам да акна. Так атрымалася, што давялося і мне прымасціцца побач з ім. І тут я ўсё зразумеў! За акном віравала жыццё. А з чацвёртага паверха, ды яшчэ калі стол перад самым акном, усё відаць бы на далоні. Вунь ідзе прыгажуня-медычка ў белым халаціку, за ёй спяшаецца малады хлопец, а крыху паводдаль кульгае старэнькая бабулька. У прыёмны пакой, відаць, шлёгае, бо закінула за спіну пузатую торбу, а хадзе дапамагае кавенькай. На суседнім двухпавярховым будынку кідаецца ў вочы шыльдачка: «Буфет». Туды заходзяць, адтуль выходзяць. Не з пустымі рукамі. Цікава, што яны там набылі? Работнікі лячэбніцы, а яны ў спецвопратцы, іх ні з кім не зблытаеш, пераносяць нейкі грувасткі лячэбны апарат. Спыняцца, адпачнуць і зноў бяруцца за яго. Сапраўды, цяжкаваты, мусіць. Непадалёк ад іх дворнік падмятае, шаркае мятлой даволі энергічна, натрэніравана. Адразу відаць: спецыяліст... Жыццё ідзе! Так-так, амаль як на экране тэлевізара. Толькі што без гуку. І тут мне ўсё стала зразумела: мой сусед прывык дома прымаць ежу толькі перад экранам тэлевізара. На ўсялякі выпадак я пазней пацікавіўся ў яго, ці не памыляюся. Аказалася, у самую кропку. Ён шырока ўсміхнуўся і шчыра прамовіў:

— Ну так! Чым не тэлевізар, га?! Пакуль назіраеш, што адбываецца на двары бальніцы, глядзіш, і талерка пустая. А так бы корпаўся паўдня. Прыемнага апетыту! А я пабег на працэдуры.

Прывычка, пагадзіцеся, усё ж моцная рэч!


Без людзей

Некалі гэтае балота было неад'емнай часткай жыцця нашай вёскі. Ды не адной нашай — і некаторых навакольных таксама. Тут нарыхтоўвалі мае землякі торф на паліва. Уручную. Капалі, сушылі, а потым ставілі на калёсы шырокія, надта аб'ёмныя кашы і, загрузіўшы іх з горкай,
везлі да хат. Калі не памыляюся, дзесяць такіх кашоў торфу хапала нам на зіму.

Нарыхтоўка гэтага паліва вялася кампанейна, як і нарыхтоўка сена. У прызначаны час і вельмі дружна, арганізавана. Людзі працавалі-варушыліся, як мурашы. Гэта потым наладзілі выраб брыкету ў раёне і выпісвалі яго ўсім, хто жадаў, а маім бацькам, паколькі яны працавалі настаўнікамі, дык прывозілі нават бясплатна. Быў час, як кажуць, была эпоха!..

Пазней і зусім людзі махнулі на балота рукой.

Яшчэ запомнілася балота дурніцамі. Гэтых ягад было заўсёды шмат, і хто не ленаваўся, той усю зіму быў з варэннем ці проста так наядаўся дасыта, душу адводзіў, а некаторыя цёткі і дзяўчаты нават неслі дурніцы на базар у Старыя Журавічы, прадавалі, а на выручаныя грошы там жа нешта куплялі. Мой землячок і сусед Колька Шчарбакоў, пухам зямелька яму, таксама не адставаў ад жанчынак — меў спрыт у зборы гэтых ягад, сам адносіў на той жа журавіцкі кірмаш, а на выручаныя грошы купляў сабе да школы тое-сёе з адзення. Сям'я была вялікая, трэба было круціцца. А балота ахвотна выручала працавітых і разваротлівых.

Раслі там і абабкі на тонкіх высокіх ножках, бо ім няпроста было выбіцца з-пад моху.

Нядаўна я спісаўся ў «Аднакласніках» з зямлячкай Тамарай Філімонавай. Гэта цяпер яна сталічная жыхарка, мінчанка, а раней жыла ў Кашалёўках — яе хата была якраз праз дарогу ад балота. У вёсцы ўжо нікога няма. Нічога не паробіш: такі лёс напаткаў не толькі гэтае паселішча. Пацікавіўся неяк у зямлячкі, ці бывае яна калі на сваім балоце, ці не сумуе па ім? Жанчына ў адказ: «Што ты! Якое балота?! Цяпер там пабываць немагчыма — усё зарасло, бо зайсці туды людзі баяцца, няма ні дарожак, ні сцежак. Кажуць, якіх толькі істот не развялося цяпер там! Жах!..»

Калі мы, малеча, беглі збіраць на балота дурніцы, перад тым як зайсці на яго, абавязкова казалі: «Багун, багун, мы ў балота, ты — з балота!» Гэта каб не балела галава.

І ўсё ж хочацца пабываць на балоце. І зноў сказаць: «Багун, багун...» Ну, а калі і сапраўды туды небяспечна заходзіць, то хоць бы пастаяць перад ім. І пакланіцца. За торф. За ягады. За шчаслівае дзяцінства...

Васіль ТКАЧОЎ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Тварам да акна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».