Вы тут

Як 5G зменіць свет


«Халадзільнік паведамляе, што ў ім скончылася малако, ці сам замаўляе яго праз службу дастаўкі».

Пятае пакаленне мабільнай сувязі — 5G абяцае небывалыя хуткасці доступу да інтэрнэту. Нягледзячы на тое, што афіцыйна стандарты для разгортвання 5G-сетак яшчэ не працуюць, ужо сёння іх тэстуюць у розных кутках свету. Так, у ЗША анансавалі стварэнне сеткі пятага пакалення да канца 2018 года. У Расіі ўжо паспелі запусціць першую адкрытую зону стандартам 5G/ІMT 2020, якая працуе на тэрыторыі цэнтра «Сколкава». Не так даўно на міжнароднай выстаўцы Tіbо-2018 у Мінску таксама прадэманстравалі магчымасці 5G, а спецыялісты заявілі, што беларускія аператары ўжо цяпер тэхналагічна гатовыя ўкараняць сувязь пятага пакалення, стандарты якой выйдуць гэтай восенню. Паводле ацэнак, неўзабаве гэтая сувязь будзе найбольш актуальная для камерцыйнага выкарыстання. Толькі тут з'яўляецца цалкам лагічнае пытанне: а ці трэба яно нам? Можа, прасцей давесці да розуму LTЕ, які ахоплівае ў Беларусі толькі 75 % насельніцтва? Пры выездзе на тую ж трасу М-1 недалёка ад Мінска не толькі 4G, але і 3G адмаўляецца працаваць. Нягледзячы на тое, што да цяперашніх магчымасцяў нашых аператараў у беларусаў часта з'яўляюцца прэтэнзіі, чакаецца, што менавіта ўкараненне 5G павінна вырашыць многія з іх. Новае пакаленне сувязі паўплывае і на больш глабальныя моманты, якія сур'ёзна зменяць жыццё людзей усяго свету.


Трэба больш хуткасці

Хуткасць, як заўсёды, лепш за ўсё тлумачыць, чаму ўкараненне сеткі 5G будзе зручным для карыстальнікаў. Так, вядома, што ў чацвёртым пакаленні хуткасць інтэрнэту вар'іруецца ад 100 Мбіт/с да 1 Гбіт/с. У сваю чаргу 5G нам абяцае пачатковую хуткасць у 2 Гбіт/с, а на піку будзе дасягаць 20 Гбіт/с. А гэта ў 20 разоў хутчэй.

Навошта так хутка? Сёння ў многіх кропках свету ёсць праблема з пакрыццём LTЕ. Прынцыпова ўкараненне 5G таксама яе не вырашыць, але чакаецца, што, з улікам таго, што нават на самых нізкіх значэннях новая мабільная сувязь будзе ў некалькі разоў хутчэйшая за LTЕ на яе піку сёння. Гэта дазволіць не адчуваць карыстальнікам ніякіх праблем падчас спажывання кантэнту, які ўжо звыклы для нас.

Разам з тым хуткасць сеткі 5G усё яшчэ знаходзіцца на стадыі тэставання. Самы вялікі яе паказчык быў устаноўлены на ўзроўні 71.75 Гбіт/с.

Разумны дом, разумны горад, разумныя заводы...

Вялікія хуткасці і паляпшэнне доступу мабільнага інтэрнэту дазволяць змяніць саму сутнасць работы з глабальнай сеткай, калі не толькі карыстальнік дае заданне гаджэтам на адлегласці, але і самі прыборы змогуць весці дыялог і каардынаваць работу.

Гаворка ідзе пра «інтэрнэт рэчаў»: бесправадныя аб'екты аб'ядноўваюцца ў адну сетку і дапаўняюць адзін аднаго, падладжваюцца і спрашчаюць жыццё чалавека. Напрыклад, уявіце, што вы едзеце дадому з работы і адпраўляеце галасавое паведамленне ў бартавы камп'ютар свайго аўто, задаючы маршрут. Пасля гэтага праз 5G машына перадае інфармацыю вашай мікрахвалёўцы дома, што вы едзеце, і ўжо можна пачынаць разаграваць вячэру, а халадзільнік паведамляе, што ў ім скончылася малако і што па маршруце трэба заехаць у краму, ну, ці сам замаўляе яго праз службу дастаўкі. Прычым малако можна даставіць да патрэбнага часу таксама без дапамогі чалавека — з падобнай задачай неўзабаве змогуць спраўляцца лятучыя дроны.

І гэта зусім не футурыстычные апісанне таго, што можа здарыцца ў нейкай там далёкай будучыні. Шмат што з гэтых элементаў ёсць ужо цяпер, аднак глабальна ўсё гэта не злучана ў адзіную сетку. З магчымасцямі 5G мы наблізімся да «інтэрнэту рэчаў».

Разважаючы далей, можна сказаць, што «інтэрнэт рэчаў» паспрыяе з'яўленню «разумнага дома», які зможа самастойна падладжваць усё для зручнасці жыхара без яго ўдзелу. Гэта дазволіць зберагаць час і нават сэканоміць на аплаце паслуг ЖКГ, бо нават калі вы забудзецеся выключыць дзе-небудзь святло, то сам разумны дом выключыць яго за вас.

Але аўтаномнае жыллё — гэта не мяжа магчымасцяў «інтэрнэту рэчаў». Далей ідзе «разумны горад», які дазволіць на аснове метаду аўтаматычнай ідэнтыфікацыі аб'ектаў рэгуляваць вялікую колькасць працэсаў без удзелу чалавека. Святлафоры, рух, асвятленне горада, пачатак і канец ацяпляльнага сезона — можа працаваць узгоднена, эканамічна. Таксама сюды магчыма дадаць ідэю з аўтаномнымі заводамі і фабрыкамі, дзе чалавек выконвае функцыю маніторынгу, а не прадукцыйнай сілы.

Рэвалюцыя на дарогах

З «разумным горадам» праз новае пакаленне сувязі змогуць мець зносіны і разумныя аўто. Не так даўно на Сусветным кангрэсе мабільнай сувязі ў Барселоне быў прадстаўлены канцэпт 5G аўтамабіля ад Quаlсоmm. Распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што ён здольны ўзаемадзейнічаць з прыладамі вакол сябе, апрацоўваючы інфармацыю на скрыжаваннях, напрыклад, пра тое, якое святло паказвае цяпер святлафор і калі яно зменіцца.

Машыны падчас паездкі будуць кантраляваць сваё месцазнаходжанне адносна іншых аўто. Гэта паменшыць колькасць «сляпых зон» кіроўцы і патэнцыяльна скароціць колькасць аварый, уратуе нямала жыццяў.

Вядома, што развіццё беспілотнага транспарту моцна затарможвае недасканаласць алгарытмаў, якія адказваюць за апрацоўку інфармацыі пра месцазнаходжанне пешаходаў на дарозе. Так, у сакавіку, беспілотнік Ubеr збіў у ЗША жанчыну, якая перасякала дарогу па-за пешаходнай зоны.

Чакаецца, што з 5G і «інтэрнэтам рэчаў» такіх сітуацый магчыма будзе пазбегнуць. Аўто зможа, напрыклад, праз 5G-смартфон вызначыць, што па дарозе ідуць людзі, і своечасова затармазіць.

Кантэнт для віртуальнай і дапоўненай рэальнасці

Укараненне 5G дазволіць змяніць і спажыванне відэакантэнту. З яго хуткасцю ў лічаныя секунды спампоўваюцца гігабайты відэа. Сёння ўсё шырэй у наша жыццё ўкараняецца відэа ў фармаце 4K. На змену яму хутка прыйдзе 8K. Давядзецца купляць большыя маніторы і тэлевізары? І так, і не. Вы, вядома, зможаце працягнуць глядзець відэа па стандартнай схеме, але ў хуткім часе светам пачне кіраваць віртуальная рэальнасць. VR-шлем дазволіць наблізіць 5D-кінатэатр бліжэй да дома. Фільмы, серыялы не проста можна будзе глядзець, але і паглыбляцца ў іх.

З тэхналогіямі дапоўненай рэальнасці павялічыцца ўзровень інтэрактыўнасці ўсяго свету. З дапамогай АR-акуляраў мы зможам атрымліваць звесткі аб навакольных аб'ектах, толькі зірнуўшы на іх. Таксама дзякуючы 5G зможам атрымліваць інфармацыю не толькі пра іншыя прылады вакол нас, але і пра карыстальнікаў, якія валодаюць імі. Верагодна, што магчымасць зносінаў і знаёмстваў таксама перайначыцца.

Дзякуючы 5G VR- і АR-тэхналогіі можна будзе выкарыстоўваць і ў навучанні. Гаджэты змогуць мадэляваць любыя сітуацыі і заданні для вучняў школ, а настаўнік зможа быць з імі ўвесь час на сувязі. Прычым індывідуальна. Поле для развіцця ў гэтым кірунку практычна бязмежнае.

На гульні

І, вядома ж, зменіцца ўся гульнявая індустрыя. Каб уявіць, як менавіта можа выглядаць гульня найбліжэйшай будучыні, варта паглядзець фільм «Першаму гульцу падрыхтавацца». Там расказваецца пра спецыяльны касцюм, які паглыбляе гульцоў у гульнявы свет, дапамагае ім узаемадзейнічаць, камунікаваць і фізічна адчуваць усе тонкасці гульнявога асяроддзя, напрыклад, змены тэмпературы, удары і стральбу.

Вы скажаце, што гэта фантастыка? Расчарую і парадую адначасова: у Беларусі распрацоўваюць такую разумную вопратку. У кампаніі Tеslаsuіt ствараюць касцюм, які дзякуючы ўбудаванай сістэме электрастымуляцыі і клімат-кантролю можа паглыбіць гульца ў віртуальны свет і прымусіць адчуваць яго тэмпературу, а таксама адчуваць усё, што адбываецца, на сабе.

Цяпер ён узаемадзейнічае з акулярамі віртуальнай рэальнасці і камп'ютарам. Аднак каманда распрацоўшчыкаў збіраецца ў далейшым адмовіцца ад «жалеза» на карысць воблачных тэхналогій. Актыўная праца над гэтым пачнецца са з'яўленнем 5G. Такім чынам можна будзе памяняць падыход да гульняў, якія стануць куды бліжэй да чалавека пасля 2020 года, калі чакаецца масавае ўкараненне 5G і падобны касцюм будзе не даражэй за гульнявую кансоль (яе прыкладная цана цяпер пачынаецца ад 300—400 долараў).

З менш фантастычнага — 5G прастымулюе з'яўленне новых смартфонаў, кансоляў, планшэтаў. Так што, калі хочаце ісці ў нагу з тэхналогіямі і рынкам, можаце ўжо пачынаць адкладаць грошы на абнаўленне сваіх гаджэтаў пасля 2020 года.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.