Вы тут

Дэпутацкі корпус у хуткім часе разгледзіць праграму дзеянняў урада


Пра гэта на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу паведаміў яе старшыня Уладзімір Андрэйчанка. Дарэчы, восеньская сесія адкрываецца 2 кастрычніка, цяпер у Палаце знаходзіцца больш за 40 законапраектаў, палову з іх плануецца разгледзець.


Па словах спікера, ужо ў найбліжэйшы час — 5 кастрычніка — дэпутатам трэба будзе разгледзець пытанне аб дачы згоды на прызначэнне Сяргея Румаса прэм'ер-міністрам, а некалькі пазней — заслухаць праграму дзейнасці абноўленага ўрада. «Цяпер праект праграмы актыўна абмяркоўваецца ва ўрадзе, і, мяркую, ужо ў другой палове кастрычніка мы атрымаем яго ў рабочым парадку для вывучэння і прапрацоўкі ў пастаянных камісіях», — адзначыў ён.

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў: дэпутацкаму корпусу варта самым уважлівым чынам разгледзець палажэнні праграмы, перш за ўсё, праз прызму мэт і задач пяцігадовага плана развіцця краіны, стварэння належных умоў для фарміравання новых галін эканомікі, падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу.

Акрамя таго, ён адзначыў, што на восеньскай сесіі дэпутацкаму корпусу трэба будзе разгледзець праекты рэспубліканскага бюджэту на 2019 год і новага Падатковага кодэкса. Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, яны яшчэ не ўнесены ў Палату прадстаўнікоў, але ўжо сёння па выніках актыўнай працы шэраг ініцыятыў парламентарыяў падтрыманы.

«Варта завяршыць работу па ініцыяваных дэпутатамі праектах законаў па пытаннях інвестыцый і прыватызацыі. Мы дамаўляліся, што ў лістападзе правядзём парламенцкія слуханні па інвестыцыйнай тэматыцы з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, бізнес-супольнасці, міжнародных экспертаў», — дадаў спікер.

На думку старшыні Палаты прадстаўнікоў, важным крокам для падтрымкі прадпрымальніцтва і разняволення дзелавой ініцыятывы стане прыняцце законапраекта аб дэкрыміналізацыі правапарушэнняў у эканамічнай сферы, таксама самую пільную ўвагу трэба ўдзяліць зменам Жыллёвага і Працоўнага кодэксаў.

Уладзімір Андрэйчанка дадаў, што неабходна падводзіць рысу па законапраектах аб пітным водазабеспячэнні, імянных прыватызацыйных чэках. Акрамя таго, ён нагадаў, што парадак дня сесіі будзе напаўняцца яшчэ цэлым шэрагам значных праектаў законаў, якія будуць унесены ў Палату прадстаўнікоў у найбліжэйшыя месяцы. Сярод іх — законапраекты па пытаннях гаспадарчых таварыстваў, натуральных манаполій, аплатных паслуг, гандлю, аўдытарскай, рэкламнай і інавацыйнай дзейнасці.

Дарэчы, асобна спікер выказаўся аб міжнароднай дзейнасці дэпутацкага корпуса. У кастрычніку дэпутаты возьмуць удзел у восеньскім пасяджэнні ПА АБСЕ ў Бішкеку, у трэцяй нарадзе спікераў парламентаў краін Еўразіі ў Анталіі, у 139-й сесіі Міжпарламенцкага саюза ў Жэневе. Таксама ў наступным месяцы чакаецца візіт парламенцкай дэлегацыі Кітая, сустрэча з дэлегацыяй Еўрапейскага парламента. Паводле яго слоў, вялікую цікавасць уяўляе візіт беларускай рабочай групы па супрацоўніцтве з парламентам Германіі ў Берлін. Вядзецца падрыхтоўка да візіту ў краіну парламенцкіх дэлегацый з Егіпта і Румыніі.

Не менш важным кірункам дэпутацкай дзейнасці Уладзімір Андрэйчанка назваў работу ў выбарчых акругах. Ён падкрэсліў: знаходзячыся ў рэгіёнах, асаблівую ўвагу дэпутатам варта звяртаць на рэалізацыю мерапрыемстваў, звязаных з правядзеннем Года малой радзімы. Важнымі таксама з'яўляюцца пытанні працаўладкавання грамадзян.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Трымаем руку на пульсе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.