Вы тут

Падарожжа ў часе: станаўленне чацвёртай сталіцы


З 1067 года — першага пісьмовага згадвання пра Мінск у летапісе «Слова пра паход Ігаравы» — мінуў 951 год. Што нам вядома пра гісторыю чацвёртай, сучаснай сталіцы на беларускай зямлі? Горад у эпоху вікінгаў быў пабудаваны полацкімі князямі на паўднёвых межах дзяржавы, найбуйнейшай у сярэднявечнай Еўропе, для аховы ад нападаў з боку Кіеўскай Русі. Полацкае княства (Х—ХІV стcт.) было моцным і магутным, распасціралася ад Рыгі да Менска, змагалася з ворагамі і актыўна гандлявала на выгадным шляху з «варагаў у грэкі», мела васалаў, каля 70 гадоў знаходзілася пад уладай Кіева, а ў ХІV ст. увайшло ў склад ВКЛ.


Археалагічная сенсацыя

У 1980-я гады ў цэнтры Мінска, на месцы старажытнага замчышча, пры ўпадзенні ракі Нямігі ў Свіслач, праводзіліся археалагічныя раскопкі. Зробленыя знаходкі сталі сенсацыяй. Будынкі выглядалі не зусім так, як іх уяўляў вядомы гісторык Эдуард Загарульскі, як паказвалі падручнікі. Дык якім насамрэч быў Мінск у ХІ ст.?

— Нам вядома, што спачатку існавала паселішча на рацэ Менцы, — распавёў археолаг Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргей Дзярновіч. — У 1067 годзе, паводле летапісу, горад на Менцы разбурылі і перанеслі на новае месца. Дакладней, пачалося будаўніцтва новага цэнтра мінскай зямлі на рацэ Няміга. Археалагічныя раскопкі пацвердзілі гэты факт. Што датычыць архітэктурных асаблівасцей, то яны характэрны для будаўнічай традыцыі той эпохі. Замчышча ўзводзілі мясцовыя жыхары — нашчадкі балтаў, якія жылі тут больш як 3000 гадоў, славянаў, якія прыйшлі на гэтыя землі ў VІІ ст., і нарманаў, што аселі ў VІ—ХІІ стст. Падчас раскопак быў знойдзены залаты бранзалет, датаваны ХІІ—ХІІІ стст. — постэпохай вікінгаў. Гэтая рэч мае дачыненне хутчэй за ўсё да дынастычных сувязей менскіх князёў са скандынаўскімі валадарамі, магчыма, з Соф’яй Мінскай, дачкой князя Глеба Мінскага.

Такім чынам, у ХІ ст. Мінск быў горадам-фартэцыяй магутнага Полацкага княства. Яго сталіца Полацк уяўляў сабой буйны палітычны, эканамічны і адміністрацыйны цэнтр на месцы ўпадзення ракі Палаты ў Дзвіну. З прыходам да ўлады Рагвалода (Рогнвальда) горад пачынае збіраць і прыводзіць у рух прылеглыя тэрыторыі. Падобных паселішчаў да прыходу Рагвалода на тэрыторыі Беларусі было досыць шмат. Мінск таксама развіваецца і робіцца сталіцай княства ўдзельнага валадара Глеба Мінскага — сына Усяслава Чарадзея (сына Брачыслава — нашчадкаў Рагвалода і Рагнеды).

Гаспадар нёманскага шляху «З варагаў у грэкі»

— У 1104 годзе полацкі князь Барыс-Рагвалод адправіў на княжанне ў Менск Глеба Усяславіча, як сёння казалі б, узначаліць адміністрацыйны цэнтр кіравання Нёманскага адгалінавання гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», — патлумачыў Сяргей Дзярновіч. — Глеб пераарыентаваў Нёманскі шлях па Свіслачы да Дняпра. З’яўляюцца гарадзішчы Свіслач, Ялізава, Копысь. Мінскі князь кантралюе два важныя адгалінаванні Нёманскага і Дняпроўскага гандлёвага шляху, што выклікае незадаволенасць кіеўскага князя Святаполка, які ў 1104 годзе выпраўляе ў паход супраць Глеба свае дружыны. Мінск вытрымлівае дзевяцімесячную аблогу. Пасля гэтага кіеўскі князь Манамах ідзе на хітрасць і бярэ ў палон Глеба, які потым гіне ў кіеўскай вязніцы.

Якім быў старажытны Менск?

— Казаць пра гэта зарана, бо не ўсё да канца вывучана, — распавёў археолаг Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Мядзведзеў. — Калі браць паўночны ўскраек замчышча (на жаль, у 1950—1960-я гады пры ўладкаванні праспекта Пераможцаў яго часткова знеслі), згублены культурны пласт замчышча. Пасля вывучэння тэрыторыі каля станцыі метро «Няміга» зрабілі некалькі рэканструкцый, паказаўшы, як выглядаў адзін з меркаваных уездаў у горад. Там, дзе стаіць спартыўны павільён, меркавана, знаходзіўся палац мінскага князя. На гэтым месцы захаваліся рэшткі культурнага пласта з часткай вуліцы. Цяпер яны закансерваваныя. Замчышча займала даволі вялікую плошчу і заходзіла за тэрыторыю дома, які знаходзіцца насупраць па праспекце Пераможцаў. Раскопкі вяліся ў яго дварах. Мы да мацерыка пакуль не дайшлі, спыніліся на ўзроўні ХІІІ ст. На заходнім ускрайку замчышча да канца не даследаваны культурны пласт. Гэта праца на будучыню.

Рэнесанс Мінскага замчышча

Дарэчы, Аляксадр Мядзведзеў упэўнены: Мінскае замчышча можна аднавіць. Праўда, археолагі пакуль не ведаюць, наколькі моцна падмурак будынка спартыўнага павільёна разбурыў культурны пласт. Ці ёсць там рэшткі, якія датычацца канца ХІ, ХІІ і ХІІІ стст.? Калі такія работы пройдуць, частковая рэканструкцыя здолее ажыццявіцца. Палац, рэшткі якога выявілі падчас раскопак, належаў князю Глебу. Быў знойдзены таксама найстаражытнейшы хрысціянскі храм Мінска, датаваны ХІ ст., які закладзены паводле не візантыйскага, а рымскага ўзору. Магчыма, гэта было звязана з тым, што жонка князя Глеба нарадзілася ў Польшчы і была каталічкай. Цалкам будынак не быў раскапаны. Дарэчы, цікавых знаходак на Мінскім замчышчы вельмі шмат. Знайшлі нават майстэрні, дзе абпальвалі вапну.

Рэканструкцыя, рэстаўрацыя падобных канструкцый — асобная галіна ведаў, цэлая індустрыя, якую яшчэ трэба стварыць. І тут будуць запатрабаваныя архітэктары, канструктары, хімікі, рэстаўратары, гісторыкі, археолагі.

Наталія АЛЕСЯЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.