Вы тут

Спадчына аўтара канцэптуальных экспазіцый пра лёсы літаратараў


Сёлета музейная грамадскасць Беларусі адзначае 85-годдзе з дня нараджэння вядомага музеязнаўцы Міхаіла Іванавіча Пратасевіча, які аддаў музейнай справе многія гады жыцця. Працаваў вучоным сакратаром, намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, загадчыкам навукова-экспазіцыйнага аддзела ў Аб’яднанні дзяржаўных літаратурных музеяў. З 2004 па 2008 гг. Міхаіл Іванавіч Пратасевіч быў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Літаратурнага музея Петруся Броўкі.


Выступаў у друку з 1959 года. Падрыхтаваў шэраг артыкулаў па коласазнаўстве ў перыёдыцы і энцыклапедычных выданнях, а таксама публікацыі ў выданнях Коласавай спадчыны. Браў удзел у многіх навуковых канферэнцыях, у тым ліку Узвышаўскіх чытаннях (2003—2004 гг.), Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі «Пятрусь Броўка і яго час», прысвечанай стагоддзю з дня нараджэня паэта (24 чэрвеня 2005 г.) і іншых.

Былы супрацоўнік дзяржаўнага Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Алесь Камароўскі ўспамінае: «У яго за плячыма амаль усе экспазіцыі, распрацаваныя і зробленыя сумесна з мастакамі да пяціцыклічных юбілеяў народнага песняра. Пры гэтым ён трымаўся залатога правіла — паказаць Я. Коласа не толькі як пісьменніка, але і як грамадскага дзеяча, чалавека з тонкай і балеснай душой, гатовага адгукнуцца на любую просьбу. Міхаіл Іванавіч шмат працаваў у архівах і бібліятэках. Каб факты біяграфіі песняра былі дакладныя, днямі праседжваў са старэйшым сынам Якуба Коласа Данілам Канстанцінавічам, запісваў яго ўспаміны. Вялікую працу ён вёў па росшуку фотаздымкаў, рукапісаў народнага паэта, замаўляў ілюстрацыі да вядомых твораў». Істотна, што М. Пратасевіч не баяўся ўводзіць новыя матэрыялы ў экспазіцыю, ведаючы, што гэта яшчэ глыбей адлюструе жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Акрамя таго, ў абавязак Міхаіла Іванавіча ўваходзіла распрацоўка экспазіцыі ў філіялах музея: у Акінчыцах, Ластку, Альбуці і Смольні. Ён часта туды выязджаў, гутарыў з сёстрамі і братам паэта, каб потым прыняць канчатковае рашэнне аб выкарыстанні таго ці іншага стэнда. Міхаіл Пратасевіч ініцыяваў выданне альбома «Якуб Колас» з добрым тэкстам і ілюстрацыйнымі матэрыяламі для школ і бібліятэк. «Гэтая кніга і сёння актуальная пры вывучэнні біяграфіі і твораў народнага песняра», — упэўнены супрацоўнікі музея і літаратуразнаўцы.

Немалаважна і тое, што Пратасевіч — аўтар канцэпцый і тэматычных планаў Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і яго філіялаў на радзіме паэта, экспазіцыі пра літаратурнае жыццё Беларусі 1920—1930-х гг. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, музея М. Гарэцкага ў вёсцы Багацькаўка (Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці), стацыянарных выставак пра творчасць Цёткі (А. Пашкевіч), творчасць П. Броўкі (Літаратурны музей П. Броўкі), пра народную і пісьменніцкую беларускую казку («Дзіва») і іншых экспазіцый. Быў аўтарам тэматычных перадач на радыё і тэлебачанні.

М. Пратасевіч кіраваў стварэннем у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры выстаўкі «Покліч», прысвечанай рэпрэсаваным пісьменнікам Беларусі. Трагічны лёс нашых творцаў быў паказаны на фоне літаратурнага жыцця рэспублікі.

Погляд Пратасевіча на стварэнне экспазіцый выкарыстоўваецца музейнымі супрацоўнікамі і сёння. Хочацца, каб новыя пакаленні музейшчыкаў звярталіся да яго вопыту пры стварэнні новых экспазіцый.

Ганна КУЗЮКОВІЧ, малодшы навуковы супрацоўнік філіяла «Літаратурны музей Петруся Броўкі» Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Загаловак у газеце: Бясцэнны досвед

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.