Вы тут

Шэкспіраўскі тэатр ажывае на экране сцэнічнага смартфона


Перад'юбілейны 99 сезон пачаўся ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы з прэм’ернага паказу пастаноўкі расійскага рэжысёра Андрэя Прыкатэнкі «Сон у купальскую ноч». Менавіта ёй саступіла месца традыцыйная «Паўлінка»: прычыны для гэтага былі выключна практычныя, а не ідэйныя. Галоўны рэжысёр Новасібірскага дзяржаўнага драматычнага тэатра «Стары дом», уладальнік спецыяльнага прыза Расійскага нацыянальнага тэатральнага фестывалю і прэміі «Залатая маска» Андрэй Прыкатэнка падрыхтаваў складаны з тэхнічнага пункту гледжання спектакль, які дэманструе ўсе магчымасці сцэны Купалаўскага і патрабуе адмысловай арганізацыі прасторы.


Размяшчэнне гледачоў звычайнае (у партэры, бельэтажы, на балконе) і не вельмі: месцы прадугледжаны нават на самой сцэне. Здаецца, глядач на сцэне — што тут наватарскага? Беларускія тэатралы ўжо не раз назіралі прыём, калі рэжысёр набліжае аўдыторыю да падзей спектакля не толькі эмацыянальна праз актуальны сюжэт, але і наўпрост фізічна, пераносячы гледачоў на месца дзеяння да артыстаў. Але такія спектаклі звычайна ладзяць на эксперыментальных пляцоўках ды ў камерных залах; узняць гледачоў на вялікую сцэну аднаго з галоўных дзяржаўных тэатраў краіны — зусім іншая справа. Да таго ж тых, хто сядзіць вакол куба з галаграфічным пакрыццём, далучаюць да спектакля як масоўку: на пачатку дзеі акцёры паведамляюць, што аўдыторыя на сцэне — гэта світа Абярона і Тытаніі, бо «Усе мы эльфы!». Але інтэрактыўнасць тут толькі намінальная і ад гледачоў нічога не патрабуецца.

Тэхнічнае абсталяванне выступае не проста як фон, а як своеасаблівы ўдзельнік спектакля. Куб адначасова хавае і адкрывае персанажаў, падрабязнасці іх жыцця трансліруюцца на яго празрыстыя сцены. Героі быццам існуюць у гэтай віртуальнай прасторы, што дадае дзеі пэўнай фантастычнасці, патрэбнай для стварэння атмасферы сну. Здаецца, у такой пастаноўцы артысты могуць зрабіць на сцэне што заўгодна: месца дзеяння — сон, дзе ўсё дазволена, бо адбываецца не па-сапраўднаму. Часткай спектакля становіцца нават тэкст шэкспіраўскага «Сну ў летнюю ноч»: словы стыльна ўзнікаюць на паверхні куба, спалучаюць арыгінальную англійскую і беларускую мовы. З дапамогай тэхнічных эфектаў ды імправізацыі (побач з фотаздымкамі артыстаў на экране кожны раз ідзе відэарад з выявамі новых гледачоў) стваральнікі па-станоўкі імкнуліся перадаць непаўторнасць моманту, зрабіць уражанне, быццам чарговы паказ усё роўна ў нечым першы. Як у іх гэта атрымалася, кожны наведвальнік павінен адчуць на ўласным прыкладзе.

Збудаваны на сцэне куб — не новы прыём для Андрэя Прыкатэнкі: рэжысёр ужо ведае, як працаваць з гэтай прыладай, бо ў папярэднім яго спектаклі «Sociopath/Гамлет» выкарыстоўваецца падобная канструкцыя. «Сон у купальскую ноч» — той выпадак, калі праца мастака-сцэнографа падаецца не менш значнай за працу рэжысёра, таму творчы падыход расійскага сцэнографа і касцюмера Вольгі Шаішмелашвілі значна паўплываў на канчатковае ўспрыманне спектакля, як і праца мастака па святле Мікалая Суркова і стваральнікаў відэакантэнту Глеба Куфцерына і Міхаіла Міцькова. У сувязі з гэтым узнікла пытанне да некаторых эпізодаў: ці то выкананне чацвёркі артыстаў (Антаніны Дубатоўкі (Алена), Іларыі Шашко (Гермія), Міхаіла Світа (Лізандр) і Паўла Астравуха (Дзяметрый)) недастаткова моцнае, ці то Юлія Шпілеўская і Аляксандр Казела склалі надзвычай удалы дуэт, ці то градус візуальнага і слыхавага ўспрымання спектакля пасля яркіх нумараў узнімаецца надта высока і ўражанне ад спецэфектаў перабівае ўражанне ад гульні артыстаў, але падчас сцэн з афінскімі закаханымі месцамі пачынаеш сумаваць і чакаць эфектнага выхаду эльфаў. Магчыма, недзе падвяла работа над сцэнарыем, і трансфармацыя ў шэкспіраўскай п’есе адбываецца не толькі ў змене словазлучэння «летняя ноч» на «купальская ноч».

Перайнач ы ц ь назву пастаноўкі на беларускі манер прапанаваў не Купалаўскі тэатр, а паэт Алесь Разанаў, які зрабіў для спектакля пераклад шэкспіраўскага тэксту. Купальская ноч — самы актуальны час для цудаў, да таго ж летні сонцазварот так ці інакш адзначаецца ў культуры ўсіх еўрапейскіх краін. Рэжысёр паведаміў, што ў стваральнікаў спектакля былі нават думкі цалкам перанесці дзеянне п’есы ў Мінск. Тады б закаханыя і эльфы блукалі не ў ваколіцах Афін, а шпацыравалі па вуліцах беларускай сталіцы, дзе замест афінскіх гараджан маглі б сустрэць мясцовых «пацаноў з раёна». Дарэчы, бутэлька піва ў руках Матавілы (Міхаіл Зуй) міжволі скіроўвае думкі ў сучаснае рэчышча, як і эквівалент купальскай кветкі — смартфон — у руках эльфа Робіна ў выкананні харызматычнага Паўла Харланчука (заўважна, што мабільны дадатак са зменай твараў арганічна ўпісаўся ў тэматыку метамарфозаў). Роля артыста ў гэтым спектаклі забаўляльная і адказная адначасова: ён «звязвае» сцэнічнае дзеянне і гледачоў у адну карціну, праз паводзіны блазана з дапамогай смартфона і сэлфі-палкі ўводзіць у сюжэт спектакля людзей з залы.

Ад «сапраўднага» віртуальнага жыцця новую інтэрпрэтацыю п’есы Шэкспіра адрознівае асоба Абярона (Аляксандр Казела). Уладар эльфаў Абярон без ваганняў вырашае лёсы іншых людзей, умешваецца ў іх любоўныя лініі, бы сапраўдны рэжысёр, які ведае, як лепей заахвоціць гледачоў да прагляду і ўзняць рэйтынгі. Але нават у наладжанай працы эльфаў існуе чалавечы фактар: слуга Робін (Павел Харланчук), якому трэба было выканаць загад цара, не надта ўвайшоў у дэталі справы і ненаўмысна (але ж праз уласную халатнасць) усё пераблытаў. Праўду кажуць: часта прасцей зрабіць самому, чым перарабляць за кімсьці іншым. У выпадку з памылкай Робіна ўсё заканчваецца добра, бо памяняць лёс чалавека ў спектаклі проста: дастаткова клікнуць па экране чароўнага смартфона.

Здаецца, што спектакль «Сон у купальскую ноч» — пра падлеткаў і ствараўся менавіта для іх. Але з разлікам на больш дарослую аўдыторыю: у душы нават сталага чалавека жыве ўспамін пра першае каханне, не згасаюць канчаткова чыстыя юнацкія мары і памкненні. Трэба толькі іх абудзіць. Для дарослых гледачоў галоўнае — не разгубіцца ад надта вялікай колькасці нязменных атрыбутаў ХХІ стагоддзя — смартфонаў, гіраскутараў і сэлфі-палак. Але ж усё пералічанае — толькі знешняя абалонка, галоўнае — каханне — застаецца нязменным і ў шэкспіраўскія часы, і ў эпоху інтэрнэту. Не чакайце адказаў на глабальныя пытанні, не шукайце прыхаваны ў рэпліках дадатковы сэнс. Помніце: «Сон у купальскую ноч» цалкам прысвечаны каханню. Прычым не вечнаму і трагічнаму, а першаму, лёгкаму, якое плануецца на ўсё жыццё, а ў выніку доўжыцца пяць хвілін… Абярон — і той кахае Тытанію, усе яго дзеянні выкліканы звычайнай рэўнасцю да жонкі (паднаготную асабістага жыцця гаспадара па сакрэце здае гледачам яго верны служка). Разам з тым перажыванні афінскіх закаханых не паказваюцца рэжысёрам глыбока, з чым яшчэ можна прымірыцца, калі спектакль для моладзі, але ў сталага чалавека гэта выклікае паблажлівую ўсмешку ці неразуменне: а навошта тады было паказваць гісторыю наогул? Няўжо толькі дзеля фармальных пошукаў?..

Сапраўды, спектакляў з арыгінальнай формай не стае ў айчыннай тэатральнай прасторы. І калі ёсць магчымасць бачыць прыклады падобных пастановак (з сінтэзам розных відаў мастацтваў і нават тэхналогій), якія прывозяць сюды з Еўропы, то больш востра адчуваецца вартасць нешматлікіх айчынных тэатральных эксперыментаў. Здольны захапіць ужо сам факт іх наяўнасці, асабліва ў рэпертуартных тэатрах з магутнымі традыцыямі, як Купалаўскі. Але калі спектакль «Сон у купальскую ноч» прываблівае пэўную частку маладой аўдыторыі, то ў гэтым ёсць бясспрэчная каштоўнасць — далучэнне да беларускай мовы, цудоўны ўзор якой паказаў Алесь Разанаў, пераклаўшы Шэкспіра. Можна колькі заўгодна казаць дзецям пра любоў да Радзімы, але яны самі павінны ўсвядоміць, што беларускае можа быць не толькі пра вайну ды вёску (на жаль, школьная праграма па беларускай літаратуры на працягу 11 гадоў закладвае вучням менавіта такое ўражанне), і тут дапаможа прыгожая родная мова ў сучасных пастаноўках. Тэхнічная феерыя са спевамі (дзякуй кампазітару Івану Кушніру, радкі «Тытанія, засынай» зноў і зноў гучалі ў думках, як і мае быць са звычайнай поп-мелодыяй) і нават беларускамоўным рэпам можа перавесці ўспрыманне тэатра школьнікамі ў новае рэчышча. Так, не ўсё выканана ідэальна: некаторыя радкі рэпу было цяжка разабраць нават тым, хто добра валодае мовай (з-за дынамічнасці дзеі некаторыя фразы губляліся), а тэатралы са стажам маглі паставіць пад пытанне і навізну некаторых сцэнічных рашэнняў.

…Але акцёры-эльфы лёталі па сцэне на гіраскутарах, спявалі і чыталі рэп, і часам хацелася да іх далучыцца.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота з сайта afisha.tut.by

Загаловак у газеце: Жыццё ў рэжыме анлайн

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.