Вы тут

У Нацыянальным гістарычным музеі прэзентавалі творы майстроў Манпарнаса


Беларускія мастакі Парыжскай школы — у адным вернісажы. У Нацыянальным гістарычным музеі прэзентавалі творы майстроў Манпарнаса родам з беларускіх мястэчак. Выстаўка прадстаўляе прыватныя беларускія калекцыі, у якіх захоўваюцца творы сусветна вядомых мастакоў Парыжскай школы: Марка Шагала, Шрагі Царфіна, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна, Роберта Геніна, Яўгена Зака, Міхаіла Кікоіна і Пінхуса Крэменя. Некаторыя мастацкія творы ўпершыню ў публічным доступе. Адным з сюрпрызаў выстаўкі сталі сямнаццаць мастацкіх твораў Шрагі Царфіна. Яшчэ нядаўна казалі, што яго жывапісных работ у Беларусі няма.


Выстаўка дае магчымасць не толькі ўбачыць творы, якія захоўваюцца ў прыватных калекцыях, але і лепш зразумець сувязь паміж сучасным еўрапейскім мастацтвам і мастацкімі працэсамі пачатку ХХ стагоддзя. Таму што творчасць майстроў Парыжскай школы аб'ядноўвае краіны і народы.

Складана паверыць, што многія работы мастацтва ствараліся ў даволі сціплых умовах — у прамым сэнсе ў інтэрнаце для мастакоў у Парыжы, які ў мінулым стагоддзі лічыўся Меккай сусветнага мастацтва. Ці маглі самі мастакі тады нават думаць пра тое, што за іх творамі будуць паляваць самыя багатыя калекцыянеры свету. Дарэчы, шмат якія творы адносна нядаўна былі забароненыя для паказу ў тым ліку на іх радзіме, а пра знакамітых аўтараў у грамадстве пераважна маўчалі.

— Беларусь заўсёды знаходзілася пад уплывам іншых культур, — падкрэсліў на адкрыцці выстаўкі галоўны кансультант праекта Уладзімір Шчасны. — Але вядомы і такія перыяды ў нашай гісторыі, калі гэта была вуліца з двухбаковым рухам, — пачатак ХХ стагоддзя: нашы хлопцы ўварваліся ў Манпарнас. Не абмежаваныя ніякімі акадэмічнымі правіламі, яны зрабілі грандыёзны ўплыў на сусветнае выяўленчае мастацтва: выратавалі яго ад залішняга акадэмізму, ад трывіяльнасці. Мы ўспамінаем мастакоў Парыжскай школы не для таго, каб імі проста ганарыцца, а для таго, каб зноў упісацца ў сусветны мастацкі працэс. Як паказвае выстаўка, у тыя часы гэта было цалкам магчыма. А калі паглядзець выстаўкі сучасных беларускіх мастакоў, якія цяпер праходзяць у Мінску, мы непазбежна прыйдзем да высновы, што гэта магчыма і ў нашы дні.

У экспазіцыі каля 100 твораў розных жанраў, датаваных з 1915-га па 1970-я гады мінулага стагоддзя. Работы выкананы ў розных тэхніках жывапісу і графікі. Для больш глыбокага разумення экспазіцыі наведвальнікам прапанавана ўнікальная адукацыйная праграма з лекцый беларускіх і замежных спецыялістаў — даследчыкаў Парыжскай школы, а таксама цыкл дакументальных фільмаў пра мастакоў.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Скарыць Парыж, каб не памерці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?