Вы тут

Аўтэнтыка слова ў новым радыёспектаклі паводле Караткевіча


Пасля працяглага перапынку творы Уладзіміра Караткевіча зноў прагучаць у эфіры Беларускага радыё. Паводле яго «Чазеніі» на Першым нацыянальным канале чакаецца прэм’ера радыёспектакля з дзвюх частак «Севярын і Гражына», які слухачы змогуць пачуць 29 і 30 верасня. Стваральнікі праекта ў межах «Тэатра беларускага радыё» адзначаюць, што ён стане новым прачытаннем твора пісьменніка.


— У фондах Беларускага радыё захоўваецца амаль 40 назваў радыёспектакляў і пастановак, інсцэніраваных апавяданняў самых розных мастацкіх жанраў паводле У. Караткевіча. Першы радыёспектакль па п’есе пісьменніка «Млын на Сініх Вірах» быў запісаны яшчэ ў 1959 годзе. Пасля працяглага перапынку запісы ўзнавілі ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў. Якраз у гэты час пастаўлена цудоўная праца «Паром на бурнай рацэ». У 1980-я гады былі запісаны радыёспектакі амаль па ўсіх вялікіх раманах, у тым ліку «Каласы пад сярпом тваім», «Нельга забыць» і «Чорны замак Альшанскі». Дарэчы, частка з іх была пастаўлена пры жыцці Уладзіміра Караткевіча. А што датычыцца «Парома на бурнай рацэ», то на даэфірным праслухоўванні спектакля прысутнічаў сам аўтар, — прыкмячае рэдактар і кіраўнік праекта Галіна Шаблінская.

Вельмі актыўна запісвалі творы Караткевіча і ў 1990-я гады. Менавіта тады былі пастаўлены выдатныя працы, сярод якіх «Ладдзя роспачы» і ранняя аповесць, што не друкавалася за савецкім часам, «У снягах драмае вясна». І гэта без уліку літаратурных кампазіцый, прачытак, якіх было даволі шмат. Але потым ізноў доўгі час радыёспектакляў па Караткевічу не ставілі. Нягледзячы на некаторыя пастаноўкі ў нашых тэатрах, творцы адзначаюць: няма таго свабоднага кірунку, які б адкрыў для гледачоў і слухачоў сапраўднае слова гэтага пісьменніка. А работа над радыёспектаклем «Севярын і Гражына» вялася якраз па аўтарскім тэксце Караткевіча, пра які, магчыма, не ведаюць чытачы, што вывучаюць «Чазенію» па варыянце, над якім у свой час папрацавала цэнзура.

Аўтар інсцэніроўкі для радыё-Пятро Васючэнка.

У цэнтры сюжэта «Севярына і Гражыны» — лёс вучонага-ядзершчыка Севярына Будрыса, які, ратуючыся ад фізічнай і душэўнай хваробы пасля атрымання моцнай дозы апраменьвання, сустракае біёлага Гражыну Арсайлу. Менавіта дзякуючы ёй Севярын адкрывае для сябе дзівосны свет прыроды Далёкага Усходу, які ўвасабляе моц і неўміручасць жыцця... Аўтар інсцэніроўкі для радыё Пятро Васючэнка адзначае, што праца была даволі цяжкая, бо аповесць мае шмат пластоў, а з яе вырашылі выбраць гісторыю кахання. Цяжкасць была ў тым, што Караткевіч зрабіў свой твор музычным, амаль немагчымым для ўвасаблення на радыё. Асабістай складанасцю для Пятра Васючэнкі было напісанне фіналу, але аўтар інсцэніроўкі вырашыў зрабіць яго аптымістычным.

Рэдактар і кіраўнік праекта Галіна Шаблінская.

— Калі прыступілі да работы над тэкстам, мне падалося, што гэта немагчыма: зрабіць са 150 старонак адаптаваны, зусім іншы твор менавіта для радыё. Усё ж такі на радыё мова не зусім такая, якой пісаў Караткевіч. Яна мае быць больш лаканічная. Караткевіч — мастак тэмпераменты, увабраў у сябе не толькі беларускасць, але і гісторыю сусветнай літаратуры. Тэмы, асацыяцыі, сімвалы, якія ўключыў пісьменнік, для нас былі вельмі загадкавыя, — адзначае рэжысёр Алег Вінярскі. — Каб герой ажыў, яго трэба насыціць адчуваннямі сённяшняга чалавека. Думаю, слухачы заўважаць сённяшняе адчуванне жыцця Вудрыса.

Рэжысёр Алег Вінярскі.

Акцёр тэатра беларускай драматургіі-Валянцін Салаўёў.

Акцёр тэатра імя Максіма Горкага-Аляксандр Вергуноў.

Акцёр тэатра імя Янкі Купалы-Уладзімір Рагаўцоў.

Выканаўцы галоўных роляў Севярына Будрыса і Гражыны Арсайлы акцёры тэатра імя Янкі Купалы-Алясандр Малчанаў і Марта Голубева.

Радыёпастаноўка — адмысловы жанр. У час папулярнасці тэтра і кіно даволі складана знайсці чалавека, які б сачыў за навінкамі ў гэтым кірунку, якія з’яўляюцца не так частка. Але з-за абмежаванасці і цяжкасці стварэння радыёспектакля (бо ў акцёра — толькі мікрафон і голас) ён у нейкім сэнсе з’яўляецца ўнікальнай грандыёзай з’явай. А вяртанне да аўтэнтычнага слова Караткевіча — увогуле падзея значная.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.