Вы тут

Раім схадзіць


Дзень Народзінаў Жывой бібліятэкі, выстава аўтсайдар-арт, Тыдні Германіі і фінал чэмпіянату Беларусі па дрыфтынгу афіша «Звязды» з 1 па 7 кастрычніка.


Дзень Народзінаў Жывой бібліятэкі 

Дзе: культ. цэнтр Корпус, пр-т Машэрава, 9

Калі: 6 кастрычніка ў 12:00

Колькі каштуе: бясплатна, але абавязковая рэгістрацыя

Ужо чатыры гады ў Беларусі ладзяцца Жывыя Бібліятэкі – першая прайшла 11 кастрычніка ажно 2014 года. Чатыры гады яна разам з вамі змагаецца са стэрэатыпамі і дыскрымінацыей, паказвае разнастайнасць і прыгажосць людзей вакол нас. Можна прыйсці на ўвесь дзень ці на частку праграмы і далучыцца да разнастайных актыўнасцяў:

З 12.00 да 15.00 на «Дасведчаным Мінску» сябры і партнеры Жывой Бібліятэкі правядуць цікавыя і карысныя лекцыі, варкшопы і майстар-класы. Чакаецца шмат гасцей, сярод якіх CityDog, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, АртСядзіба, «РАДА», Human Constanta, MAKEOUT, Falanster ды іншыя – кожны знойдзе блізкую тэму. 

З 15.00 да 16.00 адбудзецца урачыстая частка, падвядзенне вынікаў дзейнасці Жывой Бібліятэкі за год.

З 16.00 да 20.00 вялікая Жывая Бібліятэка. Працуе яна гэтак жа, як і звычайная: госці атрымліваюць Картку Чытача, выбіраюць Кнігу, запісваюцца і чытаюць яе на працягу пэўнага часу. Кожная Кніга – гэта новы чалавек, са сваім вопытам, ідэнтычнасцю, светапоглядам, які можа быць значна адрозным ад нашага, але не меньш цікавым ці «правільным». Працэс чытання – жывая камунікацыя, абмен меркаваннямі, ідэямі і свежымі думкамі. Кнігі гатовыя шчыра распавесці пра сябе, адказаць на пытанні і паказаць, што кожны з нас непаўторны.

З 20.00 да 21.30 ладзіцца нэтворкінг, дзе можна аб’яднацца ў групы і паспрабаваць разам знайсці рашэнні для хвалюючых пытанняў. Магчыма вам блізкая тэма экалогіі ці правоў чалавека? Вашыя думкі важныя для пошуку найлепшай ідэі. 

У 22.00 пачнецца канцэрт. Назва гурта не абвяшчаецца, але арганізатары намякаюць, што яго дакладна хочуць пачуць.


«Осколки» i аўтсайдар-арт

Дзе: НЦСМ, вул. Някрасава, 3

Калі: з 2 па 28 кастрычніка

Колькі каштуе: бясплатна

2 кастрычніка 2018 г. у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў па адрасе вул. Някрасава, 3 адкрыюцца выставы твораў Аляксея Ляпіна «Осколки» і мастакоў – прадстаўнікоў аўтсайдар-арт, якія працуюць у мастацкай майстэрні «Надзея» пры ДУ «Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў № 2 г. Мінска».

Работы мастакоў-аўтсайдараў, як правіла, маюць спантанны характар і практычна не залежаць ад культурных шаблонаў. Аўтары не імкнуцца да праўдападобнасці, не прызнаюць размежавання рэальнага і фантастычнага. Выстава, якая адбудзецца ў Нацыянальным цэнтры, носіць назву «Звезды живут в каждом».

У аснове выставачнага праекта «Осколки» – жывапісныя творы Аляксея Ляпіна (1966 г.н.), выпускніка Мінскага мастацкага вучылішча ім. А.К. Глебава, мастака, паэта, музыканта, рэжысёра ўласных анімацыйных фільмаў, які ў цяперашні час пражывае ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце № 3. Творы А. Ляпіна знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Францыі, Швейцарыі, Германіі, Польшчы, Расіі.


Тыдні Германіі ў Беларусі

Дзе: пляцоўкі Мінска

Калі: 1, 3-5 кастрычніка

Колькі каштуе: бясплатна

1 кастрычніка ў 19.00 у Беларускай дзяржаўнай акадэміi музыкі адбудзецца канцэрт аркестра «Collegium Musicum» і камернага хора царквы св. Міхаіла (Ена, Германія). Таксама ён чакаецца 3 кастрычніка ў 19.30 у Архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі на плошчы Свабоды, 9.

Дазвольце сабе атрымаць асалоду ад гучання твораў Георга Фрыдрыха Гендэля (1685-1759), Iагана Себасцьяна Баха (1685-1750), Антоніа Вівальдзі (1678-1741) і Каміля Сен-Санса (1835-1921). Канцэрт адбудзецца пад кіраўніцтвам дырэктара царкоўнай музыкі Марціна Маера.

4 і 5 кастрычніка ў 18.30 адбудзецца «Shorts at Moonlight» – фестываль кароткаметражных фільмаў з Майнца ў Мінску. З больш чым 100 прагледжаных стужак былі адабраны лепшыя фільмы, якія будуць прадстаўлены мінскай публіцы на працягу двух вечароў. Месца правядзення – Факультэт міжнародных адносін БДУ, вул. Ленінградская, 20

5 кастрычніка ў 18.00 у гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна (вул. Сухая, 25) чакаецца прэм’ера фільма «Так, Андрэй Іванавіч» (Ja, Andrei Iwanowitsch). Ён прысвечаны сучаснаму жыццю аднаго з апошніх беларускіх вязняў Бухенвальда Андрэя Іванавіча Маісеенкі. Чалавека, чый трагічны лёс і цяперашнія жыццёвыя абставіны не змаглі пазбавіць годнасці і жыццярадаснасці.

Напрыканцы фільма адбудзецца размова з рэжысёрам Ханесам Фарлокам (Hannes Farlock) і самім галоўным героем фільма.


Валянцін Елізар'еў. Таямніцы балетнай творчасці

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, вул. К. Маркса, 12

Калі: 1 кастрычніка ў 17:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

1 кастрычніка ў 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе творчы вечар выдатнага харэографа і балетмайстра, народнага артыста СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы Валянціна Елізар'ева «Таямніцы балетнай творчасці». Творчы вечар прымеркаваны да Міжнароднага дня балета. Гісторыя прафесійнага балета на тэрыторыі Беларусі бярэ свой пачатак з сярэдзіны XVIII стагоддзя. Першыя балетныя калектывы і балетныя школы паўсталі ў Слуцку і Нясвіжы – цэнтрах уладанняў князёў Радзівілаў, дзе і былі ўтвораны першыя школы для прыгонных танцоўшчыкаў.

Вялікі ўклад у станаўленне і развіццё беларускага балета ўнёс беларускі балетмайстар Валянцін Мікалаевіч Елізар'еў. Харэограф сусветнага ўзроўню, з імем якога звязаны гучныя поспехі беларускага балета: станаўленне беларускай школы балета, еўрапейскі ўзровень пастановак, сусветнае прызнанне... На працягу 35 гадоў ён узначальваў Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, стварыў больш за 15 спектакляў. Ужо яго першы балет «Кармэн-сюіта», пастаўлены калі яму было ўсяго толькі 26 гадоў, стаў сапраўднай сенсацыяй. Балеты «Стварэнне свету», «Спартак», «Шчаўкунчык», «Карміна Бурана», «Балеро», «Вясна святая», «Рамэа і Джульета», «Страсці (Рагнеда)», «Жар-птушка» – найвялікшая спадчына сусветнага мастацтва.

Валянцін Елізар'еў – уладальнік мноства ўзнагарод, сярод якіх самая прэстыжная прэмія ў свеце балета «Benois de la Danse», заснаваная Міжнародным саюзам дзеячаў харэаграфіі, ордэн Францыска Скарыны, ордэн Айчыны III і II ступені, медаль ЮНЕСКА «Пяць кантынентаў» і інш.


Пражко аб Пражко. Дыялогі

Дзе: прастора Ok16, вул. Кастрычніцкая, 16

Калі: 3 кастрычніка ў 19:00

Колькі каштуе: 15 рублёў

Беларускага драматурга і сцэнарыста Паўла Пражко называюць адным з самых вострых драматургаў сучаснасці. Тэксты Пражко ставяцца ў тэатрах постсавецкай прасторы і Заходняй Еўропы, перакладзены на шматлікія мовы. Яго творчасці прысвечаны сотні артыкулаў і дысертацый па ўсім свеце. На думку вядучага расійскага тэатральнага крытыка Паўла Руднева, Пражко «змог змяніць ход сучаснай п'есы», а рэжысёр Уладзімір Шчэрбань сцвярджае, што наступным намінантам на Нобелеўскую прэмію ад Беларусі будзе менавіта Пражко.

У межах сустрэчы будзе магчымасць пагутарыць з драматургам і даведацца аб яго драматургічным метадзе, прафесійных інтарэсах і чаканнях.


Фінал чэмпіянату Беларусі па дрыфтынгу

Дзе: РЦАП Раўбічы

Калі: 7 кастрычніка ў 13:00

Колькі каштуе: ад 15 рублёў, дзецям да 6 гадоў – бясплатна, ад 6 да 12 гадоў – 8рублёў

Упершыню за ўсю гісторыю спаборніцтваў на кубак чэмпіёна Беларусі прэтэндуе замежны гоншчык. Гедымінас Лявіцкас з Літвы на кожным этапе паказваў стабільна добры вынік. Разам з ім за лідарства будуць змагацца віцэ-чэмпіён 2017 года гродзенец Дзмітрый Нагула на Nissan з 3-літровым турбаматорам і спартсмен з Мінска Андрэй Піскароў на BMW з 7-літровым атмасферным рухавіком.

Гонка абяцае быць відовішчнай і напружанай. Арганізатары падцяплілі інтрыгу і да закрыцця сезону падрыхтавалі абсалютна новую лакацыю. Фінал пройдзе на тэрыторыі Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы». Раней мы ведалі Раўбічы толькі як пляцоўку для скачкоў на лыжах і біятлону, цяпер уся развітая інфраструктура і дзіўны ландшафт паслужаць аматарам аўтамабільнага спорту. Новая канфігурацыя трасы – тэхнічная і цікавая – са стартам пад мостам і складанай перакладкай каля глядацкіх трыбун.

Уваход адкрыты для гледачоў з 12.00.

Пачатак фінальных заездаў ТОП16 у 14.00.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

А калі і падрасце, то не больш чым на 0,5-1 працэнт.

Грамадства

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Неяк ранкам я знайшла ў сябе на кухні некалькі вос. 

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.