Вы тут

Дзесяць гадзін “Сяброўскай бяседы”


У мястэчку Грудэк, што ў Падляскім ваяводстве Польшчы, зноў ладзіўся вялікі фальклорны фэст

Этнічных беларусаў памежных краін дзевятнаццаты ўжо раз напрыканцы ліпеня сабрала “Сяброўская бяседа”: такая назва ў фэста. Больш за трыццаць самабытных калектываў з Польшчы, Літвы, Беларусі ды некалькі тысяч гледачоў з вечара да золку вялі сяброўскую бяседу праз песню, танец і трапнае слова. І ўсё тое было на вялізнай лясной паляне з амфітэатрам. Там жа смажыліся на вуголлі парсючкі, гатаваліся смачныя стравы беларускай кухні.


Гасцей з розных краін і месцаў прымаў мясцовы музычна- фальклорны гурт “Прымакі” (Рrymakі). Дарэчы, яго ўдзельнікі зручна размясціліся на сцэне за вялізным сталом, а вёў імпрэзу кіраўнік гурта Юрась Астапчук — аўтар- ініцыятар фэсту, кіраўнік культурнага цэнтра ў гміне Грудэк. “Фэст прэзентуе культурныя здабыткі памежнага с Беларуссю польскага рэгіёну з акцэнтам на культуру этнічных беларусаў, падтрымлівае ідэі сяброўства, узаемаразумення, спагады, — казаў Юрась. — Нішто так не аб’ядноўвае, як творчасць”.

Мастацкі марафон доўжыўся каля дзесяці гадзін! Беларускую песню аднолькава цудоўна выконвалі гурты з абодвух бакоў памежжа. Сапраўдны фурор на фэсце зрабілі бярозаўскія “Крышталікі”. Узорны народны ансамбль дзіцячага танца Бярозаўскага ГДК Гродзенскай вобласці пад кіраўніцтвам Жанны Лебядзевіч не толькі выбітна адпрацаваў на сцэне, але й заводзіў публіку на “танцпаляне”. Войт гміны Веслаў Кулеша нават асабіста вітаў і віншаваў дзятву. Дарэчы, Веслаў знайшоў хвілінку выказаць шанаванне кожнаму замежнаму госцю, што быў на фэсце. “Беларуская культура — неад’ емны элемент жыцця ў памежжы, дзе ў сілу гістарычнай блізкасці адбылося ўзаемапранікненне традыцый і каранёў двух народаў, — падкрэсліў войт гміны Грудэк. — Таму мы шчыра падтрымліваем беларускі рух, гэты фэст і дзякуем усім яго ўдзельнікам”.

Юрась Астапчук — аўтар- ініцыятар фэсту

Пан Веслаў таксама казаў, што з году ў год мацуюцца культурныя, адукацыйныя, эканамічнныя сувязі з беларускім бокам: гміна мае дамову з Гродзенскім райвыканкамам і супрацоўнічае з гарадзенцамі ў розных сферах.

Яшчэ адзін калектыў з Бярозаўкі гледачы сустракалі вельмі цёпла: сваіх добрых знаёмцаў, пастаянных ўдзельнікаў фэсту. Гэта заслужаны калектыў Беларусі, вакальна- інструментальны ансамбль “Шкляры” (мастацкі кіраўнік — Андрэй Барыла). Парадавалі публіку й калектывы з Ваўкавыску: народны ансамбль народнай музыкі й песні “Уладары”, народны ансамбль песні й танца “Каларыт” і ансамбль песні й танца “Цвецень”. Дарэчы, усе калектывы з Беларусі выступілі бліскуча. Ды яшчэ й духмянымі караваямі здзівілі! Бо ў плыні фэсту па традыцыі ладзіўся конкурс на лепшы каравай і страву з бульбы.

Войт гміны Веслаў Кулеша з гуртом “Крышталікі” з Беларусі

Яркім акордам прагучалі ў Гродэку выступленні заслужанага фальклорна- этнаграфічнага гурта “Неруш” і заслужанага калектыву Беларусі гурта “Церніца” з Мінску. Калі ж гурт “Неруш” заспяваў “Люблю наш край, старонку гэту…” — некаторыя гледачы, бачыла, не стрымалі слёзы. Шмат прыемных імгненняў падарылі ўсёй сяброўскай бяседзе калектывы з Польшчы “Rozśpiewany Gródek”, “Vena mіnі”, “Dobryje Grajkі”, “Asterіa”, “Jesenny Liść” ды іншыя. “Дзе б ты ні жыў, але калі маеш беларускія карані, — роднае слова й родная культура будуць хваляваць тваю душу, — лічыць удзельніца гурта “Jesenny Liść” з мястэчка Грудэк Міраслава Антановіч. Гурту ўжо больш за 20 год. Жанчыны залатога веку хораша падтрымліваюць беларускую самабытнасць, спяваюць песні, якія атрымалі ў спадчыну ад продкаў. Сама ж пані Міра цудоўна вышывае крыжыкам беларускія ўзоры. Іконы, ручнікі, фартушкі, сурвэткі — вачэй не адвесці! Яе дом заўжды адчынены для турыстаў, якія часта наведваюць Падляссе.

Такая публіка — вялікая радасць для артыстаў!

Паводле апошняга перапісу, больш за 60 працэнтаў жыхароў гміны Грудэк лічыць сябе этнічнымі беларусамі. Мірна суіснуюць там католікі й праваслаўныя вернікі, ёсць касцёл і царква. “Фэст “Сяброўская бяседа” — то адно з найважнейшых мерапрыемстваў у культурнай праграме этнічных беларусаў, якія жывуць у Польшчы, але ж не адзінае, — гаворыць Ян Сычэўскі, старшыня Беларускага грамадска- культурнага таварыства ў Польшчы. — Мы падтрымліваем усе імпрэзы. Штогод ладзяцца Усепольскі фэст беларускай песні ў Беластоку, конкурсы дыкламацыі й песні для дзяцей і дарослых, прэзентацыі Калядных калектываў, святы беларускай культуры, Дажынкі, гасцёўні… Самадзейных калектываў, якія славяць беларускую культуру у Польшчы, — больш за семдзесят. Больш за тры тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак вывучаюць родную мову як прадмет.

Міра Антановіч і яе вышыванкі

Спявае гурт “Неруш” з Мінска

…Апоўначы фестывальнае неба над Гродэкам расквеціў шыкоўны феерверк. Арганізатары й спонсары пастараліся, каб землякам і гасцям XІX фэст запомніўся надоўга.

Ала Бібікава, Польшча — Беларусь.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».