Вы тут

Вельмі хораша душы ў Семятычах на кірмашы


У беларуска-польскім памежжы актыўна віруе не толькі культурнае жыццё

Ледзь адгучалі апошнія акорды фэсту ў Грудэку, як у горадзе Семятычы, таксама Падляскага ваяводства, пачаўся VІІ фэст “Культура без межаў”. Ладзіўся ён у плыні XІІІ міжнароднага Семятыцкага памежнага кірмашу. У парку на беразе возера розныя вытворцы, гаспадары прэзентавалі тэхніку, прамысловыя й харчовыя вырабы, частавалі гасцей сырам і мёдам, калбаскамі ды печывам.


У Семятычы на кірмаш збіраюцца прыгожыя людзі

І калі ў Грудэку гучала пераважна беларуская песня, то ў Семятычах калектывы прэзентавалі культуру розных народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у Польшчы. Напрыклад, знакаміты шлягер “Старый клен” на рускай мове змяняўся ўкраінскай “Червонай рутай”, а польскія песні — беларускімі, цыганскімі, яўрэйскімі… Пры тым гледачы дружна падпявалі артыстам: бо ведаюць жа ўсе гэтыя песні!

Беларусь на фэсце прадстаўлялі творчыя калектывы з Мінску: заслужаны фальклорна- этнаграфічны гурт “Неруш” і заслужаны калектыў Беларусі гурт “Церніца”. У імпрэзе, што сабрала шмат удзячных гледачоў, паўдзельнічаў саветнік Амбасады Беларусі ў Польшчы Юры Кулабухаў і старшыня Беларускага грамадска- культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі. “Амбасада Беларусі ў Польшчы, а таксама і Культурны цэнтр Беларусі, які дзейнічае пры Амбасадзе, традыцыйна падтрымліваюць фестывальны рух, спрыяюць таму, каб культура наша была годна прадстаўлена ў Польшчы, а беларускае слова, песні гучалі на тэрыторыях, дзе жыве этнічная большасць беларусаў, — адзначыў Юры Кулабухаў. — Беларусам па ўсім свеце хочацца крэўную сваю повязь з роднай Бацькаўшчынай адчуваць, і што ўсе мы, дзе б ні былі, — частка вялікай беларускай супольнасці”.

Мясцовы краявід

Гучаць на кірмашы беларускія песні

Тым часам у польскім горадзе Гайнаўцы прайшоў Фэст казак, які ладзіў мясцовы фонд “Яны — гэта мы” пад кіраўніцтвам Наталлі Герасімюк. У горадзе Драгічыне над Бугам гучалі ды ажывалі славянскія казкі й легенды, у Гайнаўцы ж — казкі “Тысячы і аднае ночы”, у мястэчку Чаромха — казкі беларускія, украінскія, польскія, рускія. У інтэрактыўнай імпрэзе, калі адначасова адбывалася некалькі дзеяў з удзелам публікі, рэй вялі тэатры, студыі з Беларусі, Польшчы, Бельгіі, Францыі.

Гледачы удзельнічалі ў імпрэзах, знаёміліся з казачнай культурай свету. А казкі ж — як і песні: яны не ведаюць межаў, яны — універсальная мова для ўсіх народаў Зямлі.

Ала Бібікава, Польшча — Беларусь.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.