Вы тут

Для Коласа Вільня — свая


Часовая экспазіцыя, прысвечаная повязям класіка беларускай літаратуры з цяперашняй сталіцай Літвы, адкрылася ў Вільнюсе, у Літаратурным музеі А. С . Пушкіна


Хто ў школе на ўроках беларускай літаратуры не лавіў варон — той, вядома ж, памятае і раздзел з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” пад назвай “Дзядзька ў Вільні”, і што працаваў пісьменнік у рэдакцыі газеты “Наша ніва”… Тым ягоныя сувязі з “крывіцкаю Мекай”, як вобразна казаў пра цудоўны горад, дзе й сёння жыве шмат беларусаў, паэт Уладзімір Жылка, не вычэрпваюцца. Пра тое гаварылася і 10 жніўня ў Вільнюсе, калі ў тамтэйшым Літаратурным музеі А. С. Пушкіна было ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Якуб Колас і Вільня”. Там жа прэзентаваўся турмаршрут “Літаратурны Павільніс: Якуб Колас і Маркучай”. Абедзьве дзеі прымеркаваныя да 95‑годдзя з часу выдання паэмы “Новая зямля”. А каб тое адбылося — папрацавалі супольна Мінкультуры Беларусі, Дзяржаўны літаратурна- мемарыяльны музей Якуба Коласа з Мінска і Літаратурны музей А. С. Пушкіна з Вільнюса, з якім у захавальнікаў творчай спадчыны Песняра цесныя стасункі.

З прэс-рэліза, дасланага ў рэдакцыю, вынікае: повязі Якуба Коласа з Вільняй — гэта не толькі 1907–1908 гады, калі ён працаваў у рэдакцыі “Нашай нівы”. У прыгарадзе, у Павільнісе Марыя Цімафееўна Каменская, будучая цешча будучага Песняра, збудавала ў Віленскай чыгуначнай калоніі дом для дачкі, Марыі Дзмітрыеўны Каменскай: будучай жонкі Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (так пісьменніка звалі ў жыцці). Туды ў 1913‑м у час вясельнага падарожжа й прыязджала маладая сям’я.

Аднак чаму экспазіцыя — у Літмузеі А. С. Пушкіна? Бо Якуб Колас з асаблівым пачуццём павагі, захаплення ставіўся да паэзіі рускага генія, што меў вялікі ўплыў на фармаванне, станаўленне ягоных паэтычных поглядаў. Па словах Песняра, калі б не было пушкінскіх “Яўгенія Анегіна”, “Меднага конніка”, “Капітанскай дачкі”, ягоных казак, то не было б, магчыма, і паэмаў “Новая зямля”, “Хата рыбака”, шматлікай лірыкі, прозы.

У Вільні Якуб Колас быў знаёмы з паэтамі Людасам Гірам, Пятрасам Цвіркам, Вінцасам Мікалайцісам- Пуцінасам і Альбінасам Жукаўскасам. У прыватнай бібліятэцы Якуба Коласа захоўваецца шэраг кніг, збораў твораў літоўскіх аўтараў з дарчымі надпісамі: Э. Межэлайціса, В. Антанаса, К. Корсакаса, А. Жукаўскаса ды іншых. Літоўскія пісьменнікі й перакладалі творы Якуба Коласа: Эмілія Легутэ, Эўгяніюс Матузявічус, Юозас Мацявічус, Вацыс Рэймерыс ды іншыя.

На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў мінскага Дома Коласа, з музея А. С. Пушкіна, з архіва Данілы Міцкевіча, старэйшага сына Якуба Коласа, якія знаёмяць наведнікаў з раннім перыядам творчасці Песняра, яго кантактамі з літоўскімі пісьменнікамі, гісторыяй сям’і Каменскіх. Прадстаўлены лісты Якуба Коласа да Антона ды Івана Луцкевічаў, Аляксандра Уласава, рукапіс першага верша “Мужык”, ліст пісьменніка да другога сакратара ЦК Кампартыі Узбекістана М. А. Ламакіна, у якім Якуб Колас выклікае заклапочанасць лёсам нашчадкаў А. С. Пушкіна. Ёсць фотаздымкі сям’і Марыі Каменскай, жонкі паэта, дома ў раёне Маркучай, дзе жыў Якуб Колас са сваёй сям’ёй. Пушкінскі музей выставіў і сапраўдныя рэчы з дому Марыі Каменскай: гадзіннік, кніжную шафу, ікону Казанскай Божай Маці, падсвечнік, скарбонку ды іншыя.

Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.