Вы тут

Там, дзе звіваўся “Вянок”


У прыволжскім горадзе Яраслаўлі прайшла траціна жыцця Максіма Багдановіча — там і дэманструецца выстава, прысвечаная паэту


Выступае гурт беларускай песні “Крыніца”

Водгулле Дня беларускага пісьменства, які штогод урачыста святкуецца па Беларусі на пачатку чэрвеня, дакацілася і на Волгу, у наш горад Яраслаўль. Тут у Палацы культуры “Нефтяник” 3 верасня прайшла прэзентацыя дакументальна- мастацкай выставы “Геній зямлі беларускай”, прысвечанай жыццю й творчасці Максіма Багдановіча. Мерапрыемства якраз і прымеркавана было да Дня беларускага пісьменства, прадаставіў жа выставу Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры з Мінска. Пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча распавядаюць унікальныя матэрыялы канца XІX — пачатку ХХ стагоддзяў: гэта старыя фатаграфіі ды лісты, дакументы і ўспаміны, кнігі, аўтографы паэта.

Нездарма яраслаўскаму гледачу даецца магчымасць пазнаёміцца з творчасцю беларускага паэта: як вядома, траціна жыцця Максіма Багдановіча прайшла ў Яраслаўлі. Сям’я Багдановічаў нямала вандравала, і так сталася, што ў Яраслаўлі Максім жыў найбольш, чым у якім іншым горадзе: з 1908 па 1916 год. Тут юнак напісаў свае многія вядомыя і пранікнёныя вершы, падрыхтаваў да выдання свой адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок”. Тут закончыў Максім спачатку Яраслаўскую мужчынскую гімназію, потым — Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй, тут сустрэў сваю музу — Ганну Какуеву.

У адкрыцці выставы паўдзельнічаў гурт беларускай песні “Крыніца”: гучалі народныя песні. Яшчэ яраслаўскія беларусы чыталі вершы Максіма Багдановіча. Былі на імпрэзе супрацоўнікі музеяў, прадстаўнікі Палаца культуры — ад імя адміністрацыі Палаца прысутных вітала Алена Сафійская. Цяпер яраслаўцы, госці горада наведваюць выставу, уваход на якую — безграшовы.

Гучаць вершы з “Вянка”

Нагадаем, што ў Яраслаўлі па вул. Чайкоўскага, 21 больш за чвэрць стагоддзя працуе Літаратурны мемарыяльны музей Максіма Багдановіча — ён адкрыўся 9 снежня 1992 года, і было тое да 101-й гадавіны са дня нараджэння паэта. З 1995-га музей мае статус Цэнтра беларускай культуры. Размешчаны ён якраз у мемарыяльным доме 1908 года пабудовы, у якім з 1912 по 1914 гады жыла сям’я Багдановічаў. Якраз у ягоных сценах, дарэчы, і збіраў паэт свой “Вянок”. Розныя дамы здымаў у горадзе ягоны бацька, Адам Ягоравіч Багдановіч, а гэты, што й цяпер сустракае гасцей з розных краін — адзіны з іх ацалеў.

У стварэнні нашага музея прымалі ўдзел яраслаўскія й беларускія музейшчыкі. У экспазіцыі — каля 300 экспанатаў з фондаў мінскага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Гэта і ўнікальная пляцоўка для культурнага ўзаемадзеяння прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, якія жывуць у Яраслаўлі. Музей працуе з усімі ўзроставымі катэгорыямі наведнікаў, тут праходзяць як класічныя экскурсіі, так і розныя майстар- класы, інтэрактыўныя праграмы. Мы знаёмім тых, хто да нас прыходзіць, са славянскай культурай у розных яе аспектах, — комплексна, на адной пляцоўцы. Пры музеі працуе бібліятэка літаратуры на славянскіх мовах, відэа- і аўдыётэка.

Кацярына Меньшыкава, г. Яраслаўль, Расія

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.