Вы тут

80-гадовы юбілей адзначае вядомы беларускі мастак з Рыгі Вячка Целеш


Пачнем з цёплага пісьма, якое нядаўна ў рэдакцыю даслаў шаноўны юбіляр. Ён дзякуе, што атрымлівае па пошце газету “Голас Радзімы”, дадае: “Адзін экзэмпляр ідзе ў бібліятэку Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, дзе чытаюць газету не толькі сябры суполкі, але й мастакі Аб’яднання мастакоў- беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Адзін экзэмпляр бяру я, і яшчэ адзін — старшыня таварыства “Сьвітанак” Яўген Манжас. Я ж яшчэ ў савецкі час пастаянна атрымліваў па пошце гэту газету, і нават у 1990‑х гадах. Газета добрая, бо дае інфармацыю пра беларусаў замежжа, пра жыццё і справы іх на ніве культуры і мастацтва. Не забывае і пра нашы суполкі. То дзякуй вам ад нашых суполак, і мы рады будзем далей атрымліваць вашу газету па пошце. З пашанай, Вячка Целеш”.


Як бачыце, сувязі ў рэдакцыі з вядомым беларусам у Рызе — даўнія й моцныя. Мы ганарымся такім сяброўствам! Не раз пісалі пра творчасць юбіляра, друкавалі ягоныя тэксты пра дзейнасць суполкі “Маю гонар”, асобных яе сяброў. Парадаваліся, што 80‑я ўгодкі Вячка Целеш сустрэў, як і належыць Майстру, чарговай персанальнай выставай пад назвай “Дакрананне гадоў”. З публікацый у нэце ведаем: вернісаж быў на пачатку верасня ў галерэі Латвійскага саюза мастакоў. Адзін з калег маіх заўважае: “Заўсёды добразычлівы й некалькі стрыманы Целеш — прыхільнік класічнай прыгажосці ў жывапісе”. Пішуць пра яго яшчэ: латвійскі мастак беларускага паходжання. Падаецца ж мне, што ён-такі — беларускі мастак, што жыве ў Латвіі. Бо колькі ў ягоных творах беларускага духу! Зрэшты, вызначэнні хай шліфуе сам спадар Вячка. Мы ж ведаем: ён — з нашага беларускага роду, бо нарадзіўся Вячаслаў Міхайлавіч Целеш 25 верасня 1938 года ў Краснасельску Ваўкавыскага павета на Гарадзеншчыне. І што ён таксама й педагог, кавалер ордэна Трох зорак (Trіs Zvajgzne). А на юбілейнай выставе творца прадставіў жывапіс, графіку, экслібрысы, а таксама партрэты, нацюрморты, пейзажы роднай Беларусі ды Латвіі, у якой жыве з 1958 года. І таксама ж круглая дата: 60 гадоў!

Нагадаў нам пра юбілей сябра й вядомы паэт Сяргей Панізьнік: “Больш як паўсотня гадоў творчага пабрацімства на маім і Вячкі рахунку. Некаторыя згадкі пра нашыя стасункі абазначаю так: “Слаўка! Дружа!/ Словы- ружы — гэта віншаванняў птах!/Будзь жа дужы — на ўвесь Шлях! З вераснёвых свежых дзей —/Маеш гонар! Маладзей,/ Наш латвійскі дабрадзей!”. Да ўжо згаданых вартасцяў юбіляра Сяргей дадае, што ён — і гісторык, выдавец, краязнавец, філакартыст, даследчык творчасці выдатных дзеячаў мастацтва і культуры.

Безумоўна, Латвія паспрыяла станаўленню ягоных талентаў: там ён закончыў Акадэмію мастацтваў (1964), дзе вучыўся ў такіх майстроў, як Петэрыс Постажс, Імант Вецазолс, Уладзімір Козін, Эдгар Ілтнерс, Конрад Убанс, Эдуард Калныньш. Латышскія мастацтвазнаўцы сцвярджаюць: самабытны талент беларуса прырос- узбагаціўся за кошт класічных латышскіх традыцый выяўленчага мастацтва. Мы ж дадамо: і повязі з Бацькаўшчынай, яе таленавітымі творцамі таксама ў тым станаўленні прыдаліся.

Мы ведаем пра вялікія набыткі Вячкі Целеша і як філакартыста: ён збірае ўнікальныя паштоўкі. У маі 2015‑га ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалася выданне Вячкі Целеша “Гарады Беларусі на старых паштоўках”. Кніга выйшла ў выдавецтве “Беларусь”, у ёй некалькі сотняў старых паштовак з выявамі гарадоў Беларусі, ёсць аповед пра цікавыя факты, звязаныя з будынкамі на паштоўках, іх лёсамі. Нагадаем, выданне — лагічны працяг ягонай кнігі “Мінск на старых паштоўках” (1984), зрабіць якую сябра падштурхнуў прафесар, філакартыст- аматар Адам Мальдзіс.

Стварыў Вячка Целеш і кнігу- радавод “Адсюль наш род, тут мой прычал” — пра род свой, пра Целешаў, якія маюць карані ў пасёлку Краснасельскі. Для падрыхтоўкі выдання, расказваў журналістам, знайшоў інфармацыю пра паўсотню сваякоў, якія жывуць па ўсім свеце. І большую частку выдання Вячка Целеш сваякам і разаслаў.

Нагадаем яшчэ: Вячка Целеш быў першым дырэктарам беларускай школы ў Рызе, ён жа — старшыня Аб’яднання мастакоў- беларусаў Балтыі “Маю гонар”, намеснік старшыні суполкі “Сьвітанак”, кіраўнік беларускай дзіцячай мастацкай студыі “Вясёлка”. Творы ж Майстра захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Латвіі, Беларусі, Эстоніі, Літвы, Расіі, Японіі — амаль 20 краін.

Іван ЖДАНОВІЧ

Загаловак у газеце: Дакрананне светлае гадоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».