Вы тут

Ад Францыска Скарыны да Анатоля Сыса


У Нацыянальнай бібліятэцы Чачэнскай Рэспублікі імя Абузара Айдамірава прайшла прэзентацыя кнігі “Старонкі беларускай паэзіі”, дзе разам сабраны пераклады, якія ажыццявіў Адам Ахматукаеў


У сучаснай гісторыі беларуска- чачэнскіх літаратурных адносін з’яўляюцца новыя адрасы. Напрыклад, рэдакцыя часопіса “Нана” (“Маці”), дзе працуе паэтэса і перакладчыца Лула Куна. Не адзін год выданне прадстаўляе чытачам беларускую літаратуру на чачэнскай мове. Там з зайдроснай перыядычнасцю з’яўляюцца беларускія імёны: Максім Багдановіч, Рыгор Барадулін, Алесь Бадак…

Зімовы сад рэспубліканскай бібліятэкі — сакральнае месца для літаратуры, мастацтваў Чачні. Туды прыходзяць паэты, там ладзяцца сустрэчы, прэзентацыі, імпрэзы. Гэтым разам у прастору культурнага пабрацімства, духоўнай еднасці сабраліся літаратары, якім цікавы мастацкі свет Беларусі. Нагода — прэзентацыя ўжо вядомай і ў Мінску кнігі перакладаў Адама Ахматукаева “Старонкі беларускай паэзіі”. У зборніку пад адной вокладкай пададзены творы Францыска Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Міколы Купрэева, Анатоля Сыса ды іншых майстроў прыгожага пісьменства.

Вядомы чачэнскі паэт Руслан Юсупаў казаў, выступаючы: “Я ўважліва прачытаў перакладны зборнік. Лічу, беларусам пашчасціла. Як мне падаецца, нашага Адама Ахматукаева можна смела залічваць у літаратурныя амбасадары Беларусі ў Чачэнскай Рэспубліцы. І ў тым яму, несумненна, дапамагаюць паездкі на Беларусь, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Ведаю, з кожнай з такіх паездак Адам прыязджае акрылены, з новым багажом ведаў пра беларускую літаратуру”. “Яшчэ ў 1982‑м наш вялікі паэт Алвадзі Шайхіеў надрукаваў у другім нумары альманаха “Орга” верш “А хто там ідзе?” Песняра Беларусі Янкі Купалы, — казаў на прэзентацыі ў Грозным паэт і перакладчык Адам Ахматукаеў. — Ведаю, што гэты твор надрукаваны і ў Беларусі на чачэнскай мове. І мне падавалася, што я ніколі не адважуся пайсці па шляху засваення, прачытання багатай на вобразы й сімвалы нацыянальнай паэзіі. Алвадзі Шайхіеў досыць высока падняў перакладчыцкую планку, пераўвасобіўшы верш неўміручага Янкі Купалы. Але вось у 2016‑м я пабываў у Мінску, пазнаёміўся з многімі беларускімі паэтамі. Так пачаўся мой шлях уваходжання ў багаты мастацкі свет. Тады, у 2016‑м, я і пераклаў першы беларускі верш. З таго часу і друкуюцца мае пераклады ў часопісах і газетах Чачні. З таго часу я шукаю і новыя тэксты беларускай паэзіі, і рады развіццю новых стасункаў з паэтамі Беларусі. Шмат з кім лістуюся, перазвоньваюся, а надараецца ў чарговы раз наведаць Беларусь — радуюся сустрэчам з ужо добра знаёмымі беларускімі літаратарамі.

Гаворка ў Зімовым садзе ішла і пра новыя праекты. Многія хацелі б мець творчыя повязі з Беларуссю, беларускай літаратурай. На літаратурную імпрэзу прыйшлі члены Саюза пісьменнікаў Чачэнскай Рэспублікі — вядомыя паэты Руслан Юсупаў і Лечы Ясаеў, маладыя творцы Фаіза Халімава, Тумані Вісітаева, Альбіка Сулейманава, Аза Масаева, Бувайсар Джамбекаў, галоўны рэдактар часопіса “Гоч” Пецімат Пецірава. Яны чыталі свае вершы, гаварылі пра зацікаўленасць беларускай літаратурай.

Варта нагадаць, што апошнім часам і ў Беларусі з’явіліся публікацыі твораў чачэнскіх пісьменнікаў. Па-беларуску загучалі вершы Алвадзі Шайхіева, Лулы Куні, Сайд-Магамеда Гелагаева, Асі Умаравай, Фаізы Халімавай, Адама Ахматукаева, Пецімат Пеціравай ды іншых. Творы літаратараў Чачні друкуюцца ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Полымя”, “Маладосць”.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».