Вы тут

Як у Мядзеле прайшлі абласныя «Дажынкі»


Мінскі абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі» прайшоў 29 верасня ў старажытным Мядзеле. Адкрыў свята старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, якому хлебаробы ўручылі сімвал сёлетняга ўраджаю — свежаспечаны каравай.


— Гэтае свята каштоўнае для нас удвая, як даніна павагі да нашых продкаў і нагода выказаць словы ўдзячнасці ўсім працаўнікам сяла. Дажынкі — гэта добрая традыцыя ўшаноўваць тых, хто добрасумленна працаваў у полі, праяўляючы высокі прафесіяналізм, адказнасць, тых, хто дасягнуў найбольш высокіх вынікаў. Сёлета неспрыяльныя ўмовы надвор'я значна паўплывалі на ўраджайнасць збожжых культур. І нам не ўдалося дасягнуць мінулагодніх паказчыкаў. Але, нягледзячы на гэта, Мінская вобласць па-ранейшаму ўтрымлівае статус асноўнай жытніцы краіны і надзейнага пастаўшчыка харчавання, — адзначыў губернатар. — Гэта перш за ўсё заслуга нашых працалюбівых людзей: кіраўнікоў, спецыялістаў, механізатараў, камбайнераў, вадзіцеляў, студэнтаў, работнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, гандлю і грамадскага харчавання, культуры, медыцыны, бытавога абслугоўвання насельніцтва, шэфаў сталічных арганізацый, якія аказалі істотную падтрымку аграрыям. Асаблівая ўдзячнасць сем'ям, жонкам, дочкам, якія падчас жніва ўзялі хатнія клопаты на свае плечы. Нельга не падзякаваць і жыхарам Мядзела, якія шмат прыклалі намаганняў, каб горад змяніўся да лепшага, стаў яшчэ больш прыгожы, утульны.

Анатоль Ісачанка адзначыў, што ў лідарах сёлетняга жніва Дзяржынскі раён, які другі год запар утрымлівае першынство. За ім ідуць Пухавіцкі і Мінскі раёны, якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна. Найлепшымі сярод сельгасарганізацый сталі адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Гастэлаўскае» Мінскага раёна, агракамбінат «Дзяржынскі» і «Новае жыццё» Нясвіжскага раёна.

У межах свята адбылася яшчэ адна важная для жыхароў Мядзела і раёна падзея — урачыстае адкрыццё ўстановы па заключэнні шлюбаў. Яна размясцілася ў будынку новай гасцініцы. Гэта прасторнае, светлае памяшканне з пакоямі для жаніха і нявесты, пакоем для гасцей, дзе пасля ўрачыстай цырымоніі і яны могуць павіншаваць маладых і пажадаць ім шчасця, здароўя, сямейнага дабрабыту. Першай парай, якая ажанілася тут, сталі Аляксандр Дземідовіч і Святлана Ціхановіч. Наваспечаную сям'ю павіншаваў Анатоль Ісачанка, які прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці ўстановы:

— Гэты будынак створыць камфортныя ўмовы для работы. Няхай яго дзверы ніколі не закрываюцца, а людзі рэгіструюць шлюбы і дзяцей. Са святам!

Для гасцей і жыхароў фестывалю яго арганізатары распрацавалі цікавую і змястоўную праграму з улікам іх узросту, густаў, інтарэсаў. Для дзяцей і моладзі былі адкрыты інтэрактыўныя пляцоўкі, арганізаваны квэст па саламяных скульптурах. Даволі цікавай атрымалася фотавыстаўка «З гісторыі «Дажынак» на Міншчыне з 1998 да 2017 года». Шмат гледачоў сабралі канцэрты аматарскіх і прафесійных выканаўцаў і калектываў. Усе ахвотныя змаглі азнаёміцца з выстаўкай «Маёй зямлі куточак дарагі». Галоўная яе ідэя: Міншчына — вялікі агульны дом, дзе для кожнага ёсць месца, дзе захоўваюцца даўнішнія традыцыі рамёстваў, беларускай традыцыйнай кухні, народныя абрады. Кожны раён вобласці прадэманстраваў тут свой этнічны брэнд, расказаў, чым славіцца гэты рэгіён. У прыватнасці, слуцкія майстры паказалі ўсім ахвотным старажытны спосаб пляцення слуцкіх паясоў. Ярка, маляўніча, крэатыўна прайшоў касцюміраваны парад прадстаўнікоў раёнаў. Хлопцы і дзяўчаты ў прыгожых строях неслі сімвалы ўраджаю: снапы збожжа, саламяныя фігуры, караваі.

Асаблівасць сёлетніх «Дажынак» у тым, што ўпершыню тут адбыўся фінал абласнога конкурсу «Уладар сяла», а сельская моладзь прадставіла свае падворкі як сімвал працавітасці, любові і павагі да зямлі, якая корміць, прыносіць дастатак, мір і згоду ў сям'ю. Чаго тут толькі не было: сельгаспрадукцыя з асабістых падворкаў, нацыянальныя стравы, напоі! Прадукцыю, вырашчаную сваімі рукамі, паказалі і людзі старэйшага пакалення з Мядзельскага, Вілейскага, Валожынскага і Маладзечанскага раёнаў на выстаўцы «Ветэранскія падворкі».

З самага ранку працавалі і гандлёвыя рады. На вуліцы Набярэжнай яны раскінуліся амаль што на два кіламетры. Тут сваю прадукцыю прапаноўвалі прадпрыемствы перапрацоўкі, райспажыўсаюзаў, фермеры, прадпрымальнікі Мінскай і іншых абласцей краіны. Асабліва шмат пакупнікоў было каля рэстарана пад адкрытым небам «Вугарок», дзе можна было пакаштаваць смачныя стравы — прыгатаванага вугра, шчупака, фаршыраванага карпа, ды іншую рыбку. Не менш ажыўлена было і на пляцоўцы «Рыбны край», дзе гандлявалі рыбгасы Міншчыны. Прыемна здзівіў пакупнікоў Любанскі рыбны завод, які прывёз на свята палявую кухню і прапаноўваў пакупнікам духмяную юшку.

Дажынкі гулі да самага позняга вечара. Напрыканцы свята неба расквеціў прыгожы феерверк.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Шлях да хлеба

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».