Вы тут

У «Вялікім камені» адкрыўся пункт мытнага афармлення


Развіццё транспартных калідораў і ўдасканаленне лагістычнай інфраструктуры ў Беларусі з удзелам кітайскіх кампаній з'яўляецца прыярытэтнай задачай. Пра гэта паведаміў кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця пункта мытнага афармлення ў індустрыяльным парку «Вялікі камень».


«Наша краіна для Кітая — правераны часам, стабільны і надзейны партнёр у Еўрапейскім рэгіёне. Гэта мерапрыемства пацвярджае гатоўнасць Беларусі напаўняць ініцыятыву Шаўковага шляху канкрэтнымі праектамі — транспартнымі, лагістычнымі, інфраструктурнымі», — адзначыў Віктар Шэйман.

Паводле яго слоў, пункт мытнага афармлення (ПМА) «Вялікі камень» уяўляе сабой высокатэхналагічны аб'ект, які адпавядае ўсім сучасным міжнародным патрабаванням. У ПМА створаны ўсе ўмовы для камфортнага мытнага афармлення грузаў. На пачатковым этапе ў зоне мытнага кантролю адначасова могуць знаходзіцца 125 грузавых аўто. Плануецца, што прайсці працэдуру мытнага афармлення ў ПМА змогуць не менш за 20 тысяч аўтамабіляў у год.

«Ужо пачалася работа над перспектыўнымі праектамі па пашырэнні складской інфраструктуры, лагістычнай зоны парка, будаўніцтве рабатызаванага тэрмінала», — дадаў Віктар Шэйман.

У сваю чаргу старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый СЯНЬКО паведаміў, што ў «Вялікім камені» ёсць магчымасць апрацоўкі тавараў, якія будуць прыбываць як аўтамабільным, так і авіяцыйным транспартам, бо побач знаходзіцца Нацыянальны аэрапорт Мінск. У перспектыве будуць апрацоўвацца і тыя грузы, якія перавозяцца па чыгунцы.

На тэрыторыі ПМА размешчаны склад часовага захоўвання і мытны склад. Плошча кожнага з іх складае пяць тысяч квадратных метраў. Ёсць магчымасці пашырэння як зоны мытнага кантролю, так і складскіх памяшканняў.

Адкрыццю новага пункта мытнага афармлення папярэднічалі канструктыўныя перагаворы і падпісанне пагадненняў з кіраўніцтвам мытнай службы КНР, правядзенне шэрагу сустрэч і мерапрыемстваў на тэрыторыі Кітая і Беларусі, дасягненне дамоўленасцяў аб інфармацыйным абмене, супрацоўніцтве па ўсіх кірунках мытнай справы.

Для ПМА прадугледжана шырокая спецыялізацыя па ажыццяўленні мытных аперацый. Тут будуць афармляцца тавары, што перамяшчаюцца аўтамабільным транспартам; тавары, што змяшчаюцца пад мытную працэдуру свабоднай мытнай зоны; вылічальныя машыны, камп'ютары, тэлефоны, тэлевізары і іншыя.

Напярэдадні ў ПМА былі праведзены кантрольныя мерапрыемствы па тэсціраванні падачы і афармлення электронных мытных дакументаў. Сімвалічна, што адкрыццё мытнага тэрмінала супала з галоўным дзяржаўным святам Кітая — Днём утварэння КНР.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Паскарэнне руху на Шаўковым шляху

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».