Вы тут

Выйшла кніга «Арганы Беларусі» серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў»


У Беларусі аднаўляецца вывучэнне ўнікальнага музычнага інструмента — аргана. Кніга «Арганы Беларусі» серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў», якая выйшла ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», можа стаць добрым дапаможнікам для вывучэння культурнай глебы беларускага народа праз гісторыю арганнага мастацтва.


— Упершыню мы сабралі ў адной кнізе тое, што пакінута нашымі нашчадкамі, чым мы можам ганарыцца, што павінны захоўваць і, самае галоўнае, развіваць. Ідэя праекта ляжала на паверхні, бо задача нашага выдавецтва — рабіць менавіта такія кнігі, — заўважае дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч. — Таго, што занатавана, дагэтуль не існавала нідзе. Выданне — добрая платформа і аснова для даследчыкаў арганнай музыкі і культуры арганаў увогуле. Адштурхоўваючыся ад яго, мы яшчэ прадставім не адно выданне, якое будзе адпавядаць гэтай тэматыцы, а таксама знойдзем шмат навуковых артыкулаў у гэтым кірунку. І самае значнае — мы пачуем урачыстую музыку арганаў, бо яна вельмі адпавядае душы беларусаў.

Багата ілюстраваная кніга грунтуецца на глыбокай навуковай глебе: гісторыя з'яўлення і ўзвядзення арганаў, развіццё арганнага выканальніцтва, імёны выдатных арганістаў, кампазітараў, майстроў, дэспазіцыі і тэхнічныя характарыстыкі кожнага аргана Беларусі.

Даследаванне арганаў заняло амаль год, а экспедыцыя складальніка, матэматыка-
арганіста, Аляксандра Бурдзялёва і фатографа выдавецтва Анатоля Дрыбаса ў пошуках ацалелых арганаў доўжылася 39 дзён. «Арганы Беларусі» выйшлі пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі і падрыхтаваны пры ўдзеле Беларускага фонду культуры і Беларускай акадэміі музыкі.

Складальнікі заўважаюць, што большая частка ўнікальных музычных інструментаў ужо не дзейнічае. Але арганная музыка — гэта кірунак, які своеасаблівым чынам звязвае еўрапейскую культуру з усходнеславянскай, яе называюць сведкай беларускай гісторыі, цесна звязанай з гісторыяй канфесій. Таму аднаўленне гэтага кірунку вывучэння мае свой плён.

— Я разглядаю гэтую кнігу як пачатак рэалізацыі доўгатэрміновай грамадска-дзяржаўнай праграмы па адраджэнні старадаўніх арганаў на Беларусі. Гэта вельмі важны кірунак дзейнасці, і я невыпадкова называю яго грамадска-дзяржаўным, паколькі арганы ў абсалютнай большасці знаходзяцца ў касцёлах, якія з'яўляюцца ўласнасцю прыходаў, а дзяржава тут можа толькі спрыяць і дапамагаць. Асноўную нагрузку і ролю павінна ўзяць на сябе грамадскасць. Прыклад некаторых касцёлаў паказвае, што дзякуючы намаганням многіх людзей, перш за ўсё прыхаджан, арганы рэстаўруюцца і аднаўляюцца, — адзначае старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Загаловак у газеце: Таямніцы аргана

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».