Вы тут

Гісторыя аднаго рукапісу


«...Мне 72 гады, перанёс інфаркт, адчуваю сябе няважна. Вось я і вырашыў, пакуль яшчэ жывы, выслаць вам агульны сшытак, куды я запісваў полацкія дыялекты, выслоўі, выразы, прымаўкі, замовы. Першыя запісы былі зроблены дзесьці ў 1950 годзе...» Ліст з такімі словамі і рукапіс прыйшлі ў Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі ў 2001 годзе. Даслаў іх настаўнік гісторыі з Глыбоцкага раёна Іван Волкаў. Неўзабаве чалавека не стала. А яго праца засталася. Назаўсёды.


Каля 30 гадоў Іван Іванавіч, чалавек не звязаны з выкладаннем роднай мовы нават у школе, але знітаваны з ёй душою, збіраў матэрыялы. На вокладцы звычайнага агульнага сшытка, які ён пераслаў навукоўцам, яго рукой пазначана «Полацкія дыяменты». А ў гэтай назве — любоў да роднай мовы, да Бацькаўшчыны, да бацькоў і аднавяскоўцаў, да якіх ён прыслухоўваўся, каб запісаць якое рэдкае слова.

Некаторыя з занатаваных Іванам Волкавым слоў раней шырока ўжываліся па ўсёй Беларусі, але яму ўдалося запісаць і тое адметнае, што больш ужо і не пачуеш. Настаўнік даваў разгорнутыя тлумачэнні, пазначаў, што ўзята з замоў, прымавак, знаёміў з прыладамі працы, падрабязна апісваючы іх адметнасці і па будове, і па выкарастанні. Сярод занатаваных слоў — шмат такіх, якія распавядаюць пра стасункі паміж людзьмі — так званай ацэначнай лексікі. Калі знаёмішся са словамі са сшытка, здаецца, бачыш жывых людзей у іх звычайным асяроддзі, якія завіхаюцца па гаспадарцы, любуюцца дзеткамі, асуджаюць гультаёў і могуць так «смачна» пакпіць з розных недахопаў.

Некаторыя са слоў, якія гэты настаўнік дасылаў даследчыкам, друкаваліся ў акадэмічным навуковым зборніку, а сам рукапіс праляжаў у архіве Інстытута паўтара дзясятка гадоў. У сувязі з распрацоўкай праекта «Зводны слоўнік беларускіх народных гаворак» архіўныя матэрыялы аўтарскага сшытка «Полацкія дыяменты» вырашана было поўнасцю апрацаваць як адну з інфармацыйных крыніц. Зараз гэты словазбор здадзены ў выдавецтва «Беларуская навука» і, відаць, у хуткім часе ўбачыць свет.

А сёння з дазволу супрацоўнікаў аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі «Звязда» знаёміць чытачоў з некаторымі словамі з полацкага сшытка.

АМБА. Досыць, хопіць. Амба, крышка, стаміўся, на сёння хопіць.

БАБІЦЦА. Доўга збірацца. Хопіць табе бабіцца, час ужо ісці.

БЛІЗІР, ДЛЯ БЛІЗІРУ. Для віду, для паказухі. Што ж ён для блізіру выйшаў на круг, але ў пляс не пайшоў.

ВАЛАВОДЗІЦЦА. Заляцацца, сябраваць, не абяцаючы жаніцца. А ён толькі валаводзіцца. Хіба ён жаніцца думае?

ГАЛАРУЧ. Голымі рукамі, без рукавіц. Не ідзі галаруч: на дварэ мароз вялікі.

ЗНІЦЕЦЬ. Зрабіцца тонкім, кволым з-за недахопу святла (пра расліны). Усё ў мяне зніцела ў садзе.

ЗНІЦЯВЕЛЫ. Тонкі, кволы, змарнелы (пра чалавека). Ой, чалавеча ты мой, чаму ж ты такі зніцявелы? Ці табе есці зусім не даюць?

ЛАВЭР. Беспарадак. Суседка, не абяссудзь, такі лавэр у хаце, за працай няма калі парадак навесці.

НІВІРУТНІК. Прахадзімец, прайдзісвет, абражальнік. Нівірутнік гэтакі, што яму пакрыўдзіць чалавека, зняважыць яго.

НЮШОК. Трошкі, крышку. Папрасіла ў яе перцу ў кілбасы, кажу: дай нюшок, абы пах быў, дык, жадзіна, не дала.

ПАМАК 1. Доўга праляжалае ў вадзе дрэва; тапляк. Колькі сілы патраціў, пакуль памак з вады выкаціў на бераг. 2. эмац.-ацэн. Пра няўклюднага, лянівага чалавека. Памак гэткі, ледзь паварочваецца, глядзі заснеш, працуючы.

РУЧЫЦЬ. Шанцаваць. Яму ў жыцці ручыла, ён у кашульцы нарадзіўся.

УПРОЧКІ, ХАДЗІЦЬ УПРОЧКІ. Пакідаць на некаторы час сям'ю з-за нязгоды, разладу. Колькі разоў яна будзе хадзіць упрочкі? Адзін бы раз даказала б сваё, узяла б развод.

ШАРМАК, НА ШАРМАКА. Бясплатна, дарэмна, нічога не плацячы. Адзін раз яму ўдалося на шармака, дык ён думаў, што ўсё жыццё будзіць так. Во крутадух няшчасны: каб усё жыццё на шармака пражыць. Праехаў у поездзе на шармака. Вазьмі білет, не едзь на шармака.

ШКАЛІК. Пра ветранага непастаяннага ў каханні мужчыну, хлопца. А сын яе сапраўдны шкалік: сёння з адной гуляе, заўтра — з другой. Наш шкалік ужо пабег у Пусташы. Падманвае дзяўчыну, выдае сябе за закаханага.

Падрыхтавала Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».