Вы тут

Знішчыць... адходы


Пры фінансавай падтрымцы Глабальнага экалагічнага фонду ў краіне плануецца ажыццявіць два буйныя праекты па кіраванні небяспечнымі рэчывамі (адходамі). На іх рэалізацыю ГЭФ выдзеліў Беларусі больш за 12 млн долараў ЗША.


— Экалагічна бяспечнае абясшкоджванне небяспечных адходаў, у тым ліку тых, якія змяшчаюць стойкія арганічныя забруджвальнікі (непрыдатныя пестыцыды, ПХБ-змяшчальнае абсталяванне і інш.), — адна з найбольш вострых праблем у сферы рэгулявання абыходжання з адходамі. Для яе вырашэння ў нашай краіне вельмі важна стварыць аб'ект па абясшкоджванні (знішчэнні) небяспечных адходаў, у тым ліку САЗ, здольны забяспечыць абясшкоджванне тых аб'ёмаў небяспечных адходаў, якія ўжо ёсць, і тых, якія штогод утвараюцца, — расказалі ў прэс-службе Мінпрыроды.

Менавіта на гэтыя мэты і накіраваныя праекты «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6» і «Узгодненае кіраванне ўтылізацыяй азонаразбуральных рэчываў (АРР) і стойкіх арганічных забруджвальнікаў (САЗ) у Беларусі, Украіне, Казахстане і Арменіі (рэгіянальны дэманстрацыйны праект)», якія плануецца рэалізаваць.

Асноўным з мерапрыемстваў праектаў стане закупка абсталявання і стварэнне аб'екта экалагічна бяспечнага знішчэння САЗ і іншых небяспечных адходаў у аб'ёме да 2 тысяч тон у год на базе КУП «Комплекс па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці». На гэтыя мэты плануецца накіраваць больш за 3 млн долараў ЗША. Увод у эксплуатацыю дадзенага аб'екта ў Чачэрскім раёне дазволіць у перспектыве знішчыць адходы, якія захоўваюцца як у падземных сховішчах непрыдатных пестыцыдаў, так і на самім прадпрыемстве, дзе ўжо назапашана больш за 4 тысячы тон небяспечных адходаў.

— Наша задача — на працягу трох гадоў запусціць гэта прадпрыемства. Я думаю, у першай палове наступнага года мы закупім абсталяванне і пачнём будаўніцтва, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык у эфіры праграмы «Тыдзень» на канале СТБ.

Плануецца, што з дапамогай вышэйназваных праектаў да 2022 года ў краіне будзе знішчана каля 2370 тон адходаў ПХБ, ці 63% ад агульнай колькасці тых, якія маюцца ў рэспубліцы. Да гэтага ж часу мусіць быць знішчана і каля 1900 тон непрыдатных пестыцыдаў і забяспечана ліквідацыя 100% складоў гэтых адходаў, якія належаць сельгаспрадпрыемствам. Спецыялісты збіраюцца правесці дэтальнае абследаванне пяці падземных сховішчаў непрыдатных пестыцыдаў. Акрамя таго, набыццё аналітычнага абсталявання для Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў сферы аховы навакольнага асяроддзя ў спалучэнні з распрацоўкай сістэмы выяўлення і рэгістрацыі зямель, забруджаных хімічнымі рэчывамі, і яе інтэграцыяй у структуру Геапартала зямельна-інфармацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь (ЗІС), удасканаленнем праграмы маніторынга САЗ і нарматыўна-метадычнай базы правядзення назіранняў дазволіць палепшыць якасць збору і падачы маніторынгавай інфармацыі пра забруджванне САЗ, адзначылі ў прыродаахоўным ведамстве.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?