Вы тут

Прамова Уладзіміра Андрэйчанкі на адкрыцці пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў


Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на адкрыцці пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання

Паважаныя дэпутаты, члены ўрада і запрошаныя!

Пачынае работу пятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Яе парадак дня адлюстроўвае комплекс важных задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы, па вывадзе нацыянальнай эканомікі на апераджальныя тэмпы росту. Сёння гэта падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, стварэнне прывабнага інвестыцыйнага асяроддзя, актыўнае развіццё лічбавых тэхналогій. Толькі моцная сучасная эканоміка з'яўляецца гарантыяй незалежнасці, сацыяльнай стабільнасці, бяспекі і дастойнай якасці жыцця грамадзян Беларусі.

Вырашэнне гэтых задач патрабуе зладжанасці і дакладнасці дзеянняў усіх дзяржаўных органаў, забеспячэння строгай кіраўніцкай, выканальніцкай і тэхналагічнай дысцыпліны.

Важную ролю ў гэтым павінна адыграць і праграма дзейнасці абноўленага ўрада, якую мы разгледзім у ходзе сесіі.

Пры яе абмеркаванні трэба помніць, што эканоміка — гэта сфера адказнасці і парламента. Дэпутаты актыўна працуюць з выбаршчыкамі, дакладна ўяўляюць сабе ўвесь комплекс праблем на месцах і павінны максімальна ўважліва і прагматычна падысці да разгляду прапаноў урада.

З аналагічных пазіцый трэба ацэньваць пакет бюджэтных дакументаў, падатковага заканадаўства. Асаблівы акцэнт трэба зрабіць на эфектыўнасці мэтавых праграм, на пытаннях інавацыйнай палітыкі, стымулявання занятасці і падтрымкі прадпрыемстваў.

Урадам з удзелам дэпутацкага корпуса праведзена сур'ёзная работа па карэкціроўцы Падатковага кодэкса, якая стварае добрую аснову для развіцця прадпрымальніцтва. Спрашчаюцца адміністраванне, парадак узаемадзеяння плацельшчыкаў з падатковымі органамі. Прадугледжваецца і шэраг крокаў па зніжэнні падатковай нагрузкі.

Але дэпутатам трэба бачыць перспектыву і прадаўжаць кансультацыі з прадстаўнікамі дзелавых колаў, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, грамадзянамі. Менавіта такі дыялог дае магчымасць дасягаць балансу інтарэсаў дзяржавы і бізнесу.

У канцы восені мы правядзём парламенцкія слуханні па інвестыцыйнай тэматыцы. Наша задача — не толькі забяспечыць прыняцце запатрабаваных жыццём паправак у закон «Аб інвестыцыях», але і дакладна вызначыцца з канкрэтнымі напрамкамі далейшага ўдасканалення заканадаўства ў гэтай сферы.

У цэлым жа лібералізацыя эканомікі, паляпшэнне ўмоў гаспадарання, стварэнне высокаэфектыўных рабочых месцаў і заахвочванне самазанятасці — гэта аб'ёмная, карпатлівая і комплексная работа. Большасць дакументаў, якія сёння знаходзяцца ў пастаянных камісіях (а іх ужо больш за 40), так ці інакш падпарадкаваны вырашэнню гэтых задач.

Аўтарства шасці законапраектаў належыць дэпутатам. Гэта ініцыятывы, накіраваныя на ўдасканаленне заканадаўства ў сферах інвестыцый, прыватызацыі, экалогіі і прыродакарыстання, а таксама аховы здароўя. Значны ўклад парламентарыі ўнеслі ў карэкціроўку Працоўнага і Жыллёвага кодэксаў і цэлага пакета іншых не менш значных дакументаў.

Зразумела, паспяховае вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач шмат у чым залежыць ад міжнароднай абстаноўкі. На жаль, агульны фон тут далёкі ад пазітыву. 73-я сесія Генасамблеі ААН яскрава паказала, што сучасны свет, як трапна заўважыў яе Генеральны сакратар, мае сіндром дэфіцыту даверу.

Толькі аб'яднаўшы міжнародныя намаганні, можна забяспечыць больш справядлівае светаўладкаванне і вырашыць праблемы, якія назапасіліся. Менавіта гэта ідэя пакладзена ў аснову ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі аб перазапуску хельсінкскага працэсу. Неабходна надаць новы імпульс агульнаеўрапейскаму дыялогу па пытаннях бяспекі, выпрацаваць комплекс мер па аднаўленні ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў свеце.

Рэалізуючы міралюбівую шматвектарную знешнюю палітыку, Беларусь паслядоўна выбудоўвае раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі як на Усходзе, так і на Захадзе.

І наш прыклад паказвае, што адмова ад палітыкі санкцый і двайных стандартаў прыносіць відавочную выгаду ўсім удзельнікам міжнароднага дыялогу. Паляпшэнне адносін з Еўрасаюзам адкрыла новыя грані супрацоўніцтва не толькі для Беларусі, але і для нашых партнёраў.

Уносячы сур'ёзны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай стабільнасці, Рэспубліка Беларусь мае і шэраг пераваг з пункту гледжання вядзення сумеснага бізнесу. У гэтым пераконваецца ўсё большая колькасць замежных парламентарыяў, якія наведалі нас апошнім часам.

Вынікам нашага ўзаемадзеяння сталі прыкметнае пашырэнне двухбаковых сувязяў і ўсё большая ўвага да беларускіх ініцыятыў у міжнародных і рэгіянальных парламенцкіх структурах.

Гэта адчувалася на 27-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ, дзе была падтрымана наша рэзалюцыя па пытаннях папулярызацыі лічбавай эканомікі, у ходзе перагавораў на палях трэцяй сустрэчы спікераў парламентаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і 39-й Генасамблеі МПА АСЕАН, а таксама ў час візіту кіраўніцтва Лацінаамерыканскага парламента ў Мінск.

Мы вітаем цікавасць да Беларусі і гатоўнасць развіваць з намі палітычны дыялог. Але ўпэўнены, што настаў час больш рашуча арыентаваць яго на дасягненне ўзаемавыгаднага эканамічнага эфекту.

У гэтым плане парламенцкая дыпламатыя ўяўляе сабой даволі магутны рэсурс. Напрыклад, у сярэдзіне верасня ў Мінску былі падпісаны кантракты на пастаўку ў Судан 17 збожжасховішчаў на суму 60 млн еўра. А гэта прамы вынік мінулагодняга візіту беларускай парламенцкай дэлегацыі ў гэту краіну.

У бягучым годзе мы актыўна кантактавалі з калегамі з Азербайджана, Арменіі, Германіі, Грузіі, Інданезіі, Ірана, Латвіі, Польшчы, Расіі і Эстоніі. Мяркую, у нашых агульных інтарэсах дабіцца рэалізацыі намечаных планаў ужо ў найбліжэйшай перспектыве.

Мы прадоўжым нарошчваць дынаміку двухбаковых кантактаў. Нашу краіну плануюць наведаць кіраўнікі парламентаў Казахстана і Егіпта. Рыхтуюцца візіты беларускіх парламентарыяў у Германію, Канаду і Кітай.

Нам ёсць што прапанаваць адно аднаму, проста трэба больш настойліва шукаць пункты прыкладання сумесных намаганняў. У гэтых мэтах трэба шырэй выкарыстоўваць магчымасці шматбаковых дыялогавых пляцовак. Гэтай восенню, напрыклад, пройдуць чарговыя мерапрыемствы парламенцкіх асамблей АБСЕ і Савета Еўропы, трэцяя нарада спікераў парламентаў краін Еўразіі і 139-я Асамблея Міжпарламенцкага саюза.

У рамках свайго ўдзелу ў гэтых форумах беларускія парламентарыі гатовы абмяркоўваць любыя тэмы па самым шырокім спектры гандлёва-эканамічных, інвестыцыйных і гуманітарных адносін.

Мы таксама вітаем ініцыятывы, накіраваныя на пашырэнне кантактаў з прадстаўнікамі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Мінску. Мы гатовы дзяліцца сваім вопытам і ўспрымаць найлепшыя замежныя напрацоўкі. Замежныя дыпламаты павінны ведаць: дзверы Палаты прадстаўнікоў для іх заўсёды адкрыты.

Шэраг важных задач у ходзе сесіі давядзецца вырашыць у рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Перш за ўсё тут трэба сканцэнтравацца на пытаннях рэалізацыі ўзгодненай прамысловай палітыкі, падрыхтоўкі праекта бюджэту Саюзнай дзяржавы на наступны год і правядзення V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Не менш сур'ёзна работу плануецца правесці па лініі парламенцкіх структур СНД і АДКБ. Дэпутатам варта больш актыўна падключацца да намаганняў урадаў па вызначэнні новых пунктаў спалучэння СНД з іншымі еўразійскімі інтэграцыйнымі праектамі і ў першую чаргу з Эканамічным поясам Шаўковага шляху.

У кастрычніку ў нас будзе яшчэ адна падстава сустрэцца са многімі нашымі замежнымі калегамі. Каманда Нацыянальнага сходу прыме ўдзел у Міжнародных парламенцкіх гульнях, якія традыцыйна праходзяць у Маскве. Гэту магчымасць таксама трэба выкарыстоўваць, каб непасрэдна, як кажуць, без гальштукаў, абмеркаваць пытанні, што наспелі.

Нефармальнае ўзаемадзеянне — гэта сур'ёзны рэсурс у навядзенні мастоў і ўмацаванні адносін. І нам трэба больш актыўна развіваць такія сувязі паміж парламентарыямі, бізнесменамі і звычайнымі грамадзянамі, тым больш што бязвізавы рэжым наведвання Беларусі здымае ўсякія бар'еры на гэтым шляху.

Народная дыпламатыя адыгрывае велізарную ролю ў развіцці прадпрымальніцтва, турызму, гандлю, культурных сувязяў. На гэты напрамак дэпутатам трэба звярнуць асаблівую ўвагу і ў выбарчых акругах.

Рэспубліка рыхтуецца прыняць ІІ Еўрапейскія гульні. Мы павінны выкарыстаць магчымасці такога прэстыжнага спартыўнага форуму для прэзентацыі дасягненняў нашай краіны.

У значнай ступені вырашэнню гэтай задачы могуць дапамагчы грамадскія ініцыятывы, якія рэалізуюцца сёння пад знакам малой радзімы. Не толькі сталіца, але і любы населены пункт Беларусі павінны паўстаць перад нашымі гасцямі ў самым дастойным выглядзе.

У сукупнасці ўся сума невялікіх на першы погляд, але вельмі значных спраў па навядзенні парадку на зямлі здольна надаць сур'ёзны імпульс развіццю мясцовай інфраструктуры, стварэнню рабочых месцаў і падтрымцы сацыяльна слабаабароненых катэгорый насельніцтва.

Асабліва важна гэта ўлічваць пры выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў галіне палітыкі занятасці. У сваіх выбарчых акругах мы павінны на асаблівым кантролі трымаць пытанні дзейнасці камісій па садзейнічанні працаўладкаванню. Фармалізм у гэтай рабоце абсалютна недапушчальны. Грамадзяне павінны быць цвёрда перакананы ў тым, што ў цяжкай жыццёвай сітуацыі ім абавязкова будзе аказана дапамога.

На заканчэнне, паважаныя калегі, дазвольце мне падзякаваць вам за добрую падрыхтоўку да сесіі і запрасіць да работы.

Загаловак у газеце: Моцная эканоміка — гарантыя незалежнасці, сацыяльнай стабільнасці і дастойнай якасці жыцця

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.

Грамадства

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Рэктар БДУ пра нешаблоннае мысленне, эўрыстычнае навучанне і адмаўленне ад маналогу.

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.