Вы тут

Nulla dies sine… Biblia, або Чаму ўсе асветніцкія шляхі вядуць у НББ


Яе таямнічыя, нязведаныя глыбіні прыцягваюць спакон веку, яе аўтарытэт непарушны. Тут няма шуму слоў, а толькі паўната думкі, тут нічога не сказана без мэты, і чалавечая душа заўсёды знойдзе заспакаенне. Дастаткова ўзяць адсюль только адно выказванне, каб мець настаўленне на ўсё жыццё. Біблія — скарбонка духоўнай прыгажосці. Біблія ў бібліятэцы — як у сябе дома. Яны абедзве старыя як свет. Аднакаранёвыя сваячкі сёння ўрачыста павіталіся. Самая галоўная кніга паўстала праз хроніку часу: выстаўка «Беларусь і Біблія» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі — падарожжа Святога Пісання са старажытнасці ў сучаснасць.


Дзякуючы Скарыну

Сярэднявечныя манускрыпты, каштоўныя папірусы, аўтэнтычныя скруткі, клінапісныя таблічкі, што адлюстроўваюць гістарычны кантэкст Святога Пісання, і непасрэдна першадрукаваныя біблейскія тэксты на розных мовах — ад разнастайнасці рарытэтаў з тысячагадовай гісторыяй займае дух. Усяго каля 200 экспанатаў на месяц пасялілася ў адным памяшканні — музеі кнігі НББ. Палова экспанатаў прыбыла з розных краін свету: Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраіля, Карэі, Кітая, і гэта пераважна прыватныя калекцыі, якія ніколі раней не экспанаваліся, — унікальныя помнікі, што ў Беларусь трапілі ўпершыню ў межах праекта Групы даследаванняў рукапісаў (ЗША).

— Выстаўка не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе: прадстаўлены самыя рэдкія экспанаты, якія адлюстроўваюць галоўны помнік цывілізацыі — Біблію: ад перадгісторыі, зараджэння біблейскіх тэкстаў да самых розных экспанатаў, свяшчэнных тэкстаў на розных мовах, розных народаў, перыядаў, — адзначыў дырэктар НББ Раман Матульскі. — Арганізацыя падобных выставак — не месяц, не два, а гады… Калі пачынаць з ідэі, то першая наша сустрэча адбылася дзякуючы Скарыну. Больш як два гады таму мы прэзентавалі факсімільнае выданне Бібліі Скарыны ў Нью-Ёрку, у Нацыянальнай бібліятэцы Кангрэса ЗША. І там былі прадстаўнікі яшчэ неіснуючага тады Музея Бібліі. Ён цяпер створаны, нядаўна адкрыты. Пасля гэтага былі сустрэчы, перамовы. Мы ўдзячны спонсарам, якія падтрымалі нашу ідэю і праспансавалі арганізацыю гэтай выстаўкі.

На выстаўцы ёсць магчымасць убачыць унікальныя рэчы, зазірнуць глыбока ў старажытнасць. У прыватнасці, прадстаўлены рэдкі спіс Пяцікніжжа Майсеевага — самых ранніх, самых першых кніг Бібліі. Спіс быў створаны ў Індыі. У гэтым поліканфесійным рэгіёне мелася ўнікальная Тора, якая зберагалася ў спецыяльнай сярэбранай аправе — куфры, які называецца цік. Захавалася амаль у ідэальным стане. Ёй дагэтуль можна карыстацца. Асаблівасць аздаблення — карона.

Упершыню паказаны скрутак, які ніколі раней у свеце не экспанаваўся за яго шматстагоддзевую гісторыю, — Сувой Эстэр (XVIII ст.): зроблены ў Італіі, прывезены ў Кітай, выкарыстоўваўся мясцовымі вернікамі. У Кітаі набыты паслом Вялікабрытаніі. Такім чынам, першапачаткова з Захаду трапіў на Усход, а потым з Усходу — на Захад, цяпер гасцюе ў нас.

Не могуць не ўразіць рэдкія арыгіналы: шумерскія клінапісныя рукапісы на гліне, «Іліяда» Гамера і Байкі Эзопа... Асобныя ўнікаты паказаны копіямі: некаторыя экспанаты ў прынцыпе не вывозяцца і захоўваюцца ў герметычных колбах, некаторыя немагчыма паказваць на працягу месяца. Экспанаты ў НББ будуць клапатліва даглядаць — перагортваць старонкі: увесь час паказваць на адным развароце — значыць шкодзіць…

Год таму ў межах вялікай выстаўкі, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, з Германіі, з Нацыянальнай бібліятэкі ў Лейпцыгу, у НББ быў прывезены фрагмент Бібліі Гутэнберга. Упершыню ў нашай гісторыі. А ў межах гэтай выстаўкі з’явілася новая магчымасць: з ЗША прывезлі фрагмент арыгінала Бібліі Гутэнберга і поўную копію, факсімільна ўзноўленую, з музея кнігі ў Лондане. Ёсць магчымасць пабачыць, як выглядаў арыгінал. (На жаль, у большасці яны захаваліся толькі фрагментарна.)

Беларускага паходжання

— Гэтая выстаўка — сумесны праект Групы даследаванняў рукапісаў (міжнародная навуковая арганізацыя, якая прадстаўляе даследчыкаў, спецыялістаў з усяго свету, а асноўны офіс мае ў Мічыгане) і НББ. Кожны з бакоў прадставіў свае экспанаты, і НББ ёсць што паказаць: і інкунабулы, і першадрукі часоў Гутэнберга, — расказаў галоўны каардынатар выстаўкі намеснік дырэктара НББ Алесь Суша. — Мы прадставілі і старажытныя каштоўныя рукапісы. Але самае галоўнае — на фондах НББ мы паказалі, што беларуская кніжная традыцыя таксама грунтуецца на Бібліі. У нас ёсць самыя старажытныя рукапісы беларускага паходжання, пачынаючы ад Тураўскага, Полацкага, Слуцкага, Наваградскага Евангелляў — яны ўсе прадэманстраваны на выстаўцы. Гэта і выданні Скарыны, ад якіх пачалася вялікая кніжная друкарская традыцыя. Кожны выдавец так ці іначай звяртаўся да біблейскіх тэкстаў: Берасцейская друкарня — Біблія, Сымон Будны — Біблія і яе пераклады, Васіль Цяпінскі — Евангелле, Мамонічы — таксама.

Старажытныя рукапісы Тураўскага Евангелля ХІ ст. (арыгінал захоўваецца ў Бібліятэцы Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук), Полацкага Евангелля канца ХІІ — пачатку ХІІІ стст. (арыгінальная асноўная частка Евангелля захоўваецца ў зборы Расійскай нацыянальнай бібліятэкі) на выстаўцы прадстаўлены ў факсіміле, але вока радуе шмат іншых каштоўных арыгіналаў. Вельмі цікавыя рукапісы ХVI, XVII ст. у межах праваслаўнай традыцыі з прыгожымі ўнікальнымі застаўкамі: вязь, ініцыялы, шматлікія яркія подпісы. Арыгінал Слуцкага Евангелля захоўваецца ў Мінску ў Дамавым храме ў гонар Сабора Беларускіх Святых, але НББ рэалізавала ў свой час сумесны праект па спачатку электронным, а потым факсімільным узнаўленні выдання, і на выстаўцы прадстаўлена факсіміле. Кніга пісалася, як лічыцца, князем Юрыем Алелькавічам у Слуцку на тэрыторыі Слуцкага княства, і гэта было паслушэнствам князя.

З беларускіх збораў нельга абмінуць Скарыну — арыгіналы з фондаў НББ — пражскія выданні Бібліі. Цікава даведацца, што Скарына рабіў з Бібліяй тое, чаго да яго не рабіў ніхто. Сакральныя тэксты друкавалі інфоліа, Скарына ж рабіў ін-кварта, прытым што ін-кварта друкавалі толькі антычную літаратуру. Дарэчы, істотныя самыя тыпы шрыфтоў. Існавала готыка, якую вынайшаў Гутэнберг, яна заўсёды выкарыстоўвалася для сакральных тэкстаў, а потым у Італіі немцы вынайшлі стыль антыква, якім друкавалі антычную літаратуру і ў далейшым свецкія тэксты. Скарына робіць Біблію ў свецкім стылі. Гэтага не рабіў да яго ніхто і пасля — таксама. Скарына Біблію арыентаваў не на літургічны ўжытак, а на чытанне паспалітаму люду. У прадмовах ён робіць апалогію Бібліі, тлумачыць, чаму яна навучыць.

Беларуская традыцыя адлюстравана ў старадруках. Працяг справы Скарыны — Брэсцкая (Радзівілаўская) Біблія 1563 г. Кнігі Бібліі друкаваліся ў розных гарадах: у Вільні — друкарня Мамонічаў. Адметны Псалтыр з чырвонымі кропкамі 1576 г. Друкаванне было ў Еўі, у Куцеінскім манастыры. Далей — Спірыдон Собаль...

Непараўнальны карагод беларускіх Евангелляў на выстаўцы — каштоўнасць на ўсе часы: як мужныя рыцары на варце мудрасці і праўды — гордыя сваім узростам. Сярод пісьмовых адметнасцяў з усяго свету нашы Евангеллі глядзяцца паасабліваму самабытна і велічна. Сцішаныя, яны чакаюць ласкавых рук і чуйнага сэрца. Прыгожае аздабленне вабіць разгарнуць і ўглядацца ў сакральныя літары. Нездарма Іаан Златавуст чытанне Бібліі параўноўваў з набыццём скарбу.

«Іліяда» Гамера. І ст. н.э.

— Пра тое, што нам усім трэба нагадваць пра Біблію і пра яе важнасць, царква памятае. Але каб шырэй у грамадства несці гэтую ідэю патрэбы Слова Божага, карысная такая выстаўка, — заўважыў першы прарэктар Інстытута тэалогіі імя святых Кірыла і Мяфодзія БДУ протаіерэй Сергій Гардун. — Прыемна бачыць перавыдадзеную спадчыну Скарыны, бо раней гэтыя кнігі былі рэдкія і маладаступныя. Цяпер жа, дзякуючы таму, што зроблена НББ, кожны чытач не толькі тут, але і ў многіх іншых кніжніцах Беларусі можа ўзяць у рукі кнігі Скарыны і пачытаць. Думаю, гэтая выстаўка паспрыяе, каб мы кожны дзень натхняліся Словам Божым. Нехта са старажытных аўтараў паставіў сабе дэвіз: nulla dies sine linea — ніводнага дня без радка: кожны дзень нешта напісаць. Думаю, натхніўшыся экспанатамі выстаўкі, можам для сябе ўзяць такі дэвіз: nulla dies sine Biblia — ніводнага дня без радка Свяшчэннага Пісання.

Скрутак → кніга

— У многіх можа ўзнікнуць пытанне: як можна арганізаваць цэлую выстаўку, прысвечаную адной кнізе? — разважае дырэктар Групы даследаванняў рукапісаў (ЗША), прафесар філасофіі Скот Кэрал. — Біблія ўтрымлівае ў сабе мноства кніг, якія былі напісаныя на працягу 1500 гадоў больш за 40 аўтарамі. Першапачаткова арыгінальная мова Бібліі — старажытнаяўрэйская, старажытнагрэчаская, арамейская. І Біблію можна назваць бібліятэкай у выглядзе адной кнігі. На сёння вядома больш за 42 000 выданняў і рукапісных копій Бібліі. Але значна больш асобнікаў страчана… Біблія была ў цэнтры новаўвядзенняў, звязаных з вынаходніцтвам друкарскага станка, напрыклад, фармат кнігі. Першапачаткова біблейскія тэксты існавалі ў выглядзе скруткаў.

Скруткі рабіліся на папірусах. Але яны хутка сталі нязручныя: цяжка шукаць цытату, не возьмеш у падарожжа, ды і скрутак вельмі дарагі. І хрысціяне пачалі выкарыстоўваць форму кодэкса, з якога ўзнікла кніга. За кнігу ў цяперашнім выглядзе мы павінны быць удзячны менавіта ранняму хрысціянству. На выстаўцы — Сінайскі, Александрыйскі кодэксы. Александрыйскі — першы, які патрапіў у XVII ст. на Захад з Усходу і першы стаў для навукоўцаў крыніцай для даследавання арыгінальных тэкстаў. Бо на той час ужо была Біблія вульгата. І ўсе ведалі, што гэта сапраўдны тэкст. Але прыйшлі арыгінальныя тэксты… Сінайскі кодэкс быў знойдзены Канстанцінам фон Тышэндорфам у XVII ст. у Егіпце ў Сінайскім манастыры. Першую частку кодэкса ён пакінуў у Лейпцыгу, а другую — у Пецярбургу. Потым у 1933 годзе бальшавікі прадалі яго Вялікабрытаніі (грошы англічане збіралі ўсёй краінай, бо бальшавікі запатрабавалі вялікую суму). І калі гэты кодэкс туды патрапіў, у брытанскую бібліятэку чарга стаяла на 2 тыдні, каб паглядзець на прыдбаны рарытэт. Ён ні з чым не параўнальны: выглядае як скрутак у 4 слупкі і яго не зблытаеш (звычайна кодэксы — у 2 слупкі, як Александрыйскі).

Ланцугі і іншая экзотыка

Далей — папулярныя Бібліі XVI ст.: Біблія Мэцью, Жэнеўская Біблія. Бачым ланцуг, якім Біблія мацавалася да стала, каб не сцягнулі, бо ўсё бывала: кнігі каштавалі вялікіх грошай, і чытачы вандравалі паміж кнігамі, а не кнігі — паміж чытачамі, як сёння.

З экзатычных экспанатаў — паясны Псалтыр англійскі (1535—1540 гады), зроблены хутчэй за ўсё для нейкай багатай жанчыны, — гэта так званыя паясныя Бібліі: прывязваліся на пояс і так насіліся. Многа партрэтаў засталося з XVI—XVII ст. і нават з сярэднявечча з такімі кніжкамі. На жаль, прадстаўлены толькі адзін аркушык. Здзіўляе яго мініяцюрны памер — усяго палова далоні.

Упершыню ў гісторыі сабралі ў межах адной выстаўкі вядомыя Паліглоты: Лонданская, Парыжская, Антверпенская... Паліглота — гэта выданне Бібліі, дзе побач з асноўным тэкстам — пераклад на некалькі моў. Некаторыя паліглоты, як Антверпенская (Паліглота Плантэна), — цудоўны ўзор графічнага мастацтва. Яна ідэальна аформлена, ужо не кажучы пра паліграфічнае мастацтва, пра паперу. І мы можам прасачыць: іўрыт, пад ім радочкамі — лацінскі пераклад даслоўны. Потым вульгата лаціна — класічны пераклад Бібліі на лацінскую мову, зроблены блажэнным Іеранімам Стрыдонскім, потым грэчаская — септуагінта. Далей — даслоўны пераклад з грэчаскай на лацінскую, бо ён адрозніваўся ад перакладу Іераніма. Іншыя пераклады: сірыйскі тэкст Бібліі, і зноў пераклад на лаціну, aрабскі — і зноў на лаціну. Вось такі шматмоўны пераклад Бібліі, калі з’явілася магчымасць параўнаць арыгінальны старажытны тэкст на розных мовах, зрабіць супастаўленне і паспрабаваць знайсці, якія ж карані ў Бібліі, як фарміраваўся тэкст...

Адмысловым акампанементам для пашанотных экспанатаў стала шматколерная гамонка розных моў наведвальнікаў экспазіцыі.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.