Вы тут

Тыя яшчэ старыя...


Вы заўважылі, што апошнім часам з'явіўся цэлы пласт новых анекдотаў, прысвечаных адной тэме? Здагадаліся якой? Пенсіянерам, дакладней, пенсійнаму ўзросту і адпаведнаму заканадаўству! Не тое каб такіх жартаў калісьці не было, проста раней яны будаваліся больш на ўзаемаадносінах «бабка — дзед» («Бабка зразумела, што кампот забрадзіў, калі дзед падышоў з фразай: «Прыгажуня, ты замужам?») і «дзяды — унукі» («У дзяцінстве, калі я не мог пачысціць цыбулю, бабуля гаварыла: «Калі тонкая не здымаецца, здымай тоўстую». Гэтая парада дагэтуль дапамагае мне ў жыцці».) Але калі пачалося абмеркаванне праблемы павышэння пенсійнага ўзросту, анекдоты набылі зусім іншую «нотку»... («Пагаворваюць аб планах скараціць тэрміны цяжарнасці з дзевяці да пяці месяцаў. Але не адразу, а пакрысе, па адным месяцы ў год».)


На фоне гэтых падзей вакол змянення пенсійнага ўзросту многія яшчэ нават не старыя людзі пачалі задумвацца: а ці дажывуць яны пры такім раскладзе да пенсіі ўвогуле? («Жанчына каля трыццаці — самая небяспечная. Яна такая ж маладая і прыгожая, але ўжо не дурніца!») І што гэта будзе за пенсія? («70 гадоў. Памятаю, што трэба ранкам ісці на працу. А куды — не памятаю».) Тэма працы і яе працягласці заўсёды была балючай для славянскай ментальнасці... («Губяць людзей не піва і гарэлка. Губіць людзей 12-гадзінны працоўны дзень, маленькая зарплата, крэдыты, іпатэка, доўгі і вечны недасып».)

А з іншага боку, прыклады тых, хто ўжо даўно на заслужаным адпачынку, паказваюць, што, можа, і не ўсё так дрэнна і сумна? Тут жа яшчэ шмат чаго залежыць ад стаўлення да жыцця. («Як гаварыла мая бабуля: «Ніколі не бойся ўзросту... Будзеш гэтак жа дзівачыць... Толькі крыху павольна...») Чыталі гісторыю пра тое, як прабабуля з Тэхаса забіла алігатара вагой 263 кілаграмы, каб адпомсціць за свайго поні, якога жывёліна сцягнула з яе фермы? («Адэса, канфлікт у сям'і Рабіновічаў: «Яша, яшчэ адно тваё слова — і я ўдава!») «Заваліла» зубастага з аднаго стрэлу, і гэта ў 73 гады! Пры гэтым яна мела афіцыйны дазвол на такое паляванне. («Як гаварыла мая бабуля, лепш стрэліць, перазарадзіць і яшчэ раз стрэліць, чым свяціць ліхтарыкам у цемру і пытацца «хто тут?») Але і гэта яшчэ не ўсё. Жанчына не толькі сёлета стала прабабуляй, але і выйграла выбары ў мэры свайго гарадка. І галаву забітага алігатара яна збіраецца выставіць у сваім кабінеце. («Толькі што бачыў бабулю за рулём джыпа. Адкуль ён у яе? Напякла? Навязала? У паліклініцы ў чарзе насядзела?»)

Ды што там замежны вопыт, калі ў нас і свайго падобнага хапае. Вось, напрыклад, адна з апошніх такіх гісторый. Памятаеце, як нядаўна 73-гадовы пенсіянер з Віцебска абясшкодзіў 55-гадовага раней неаднойчы судзімага дамушніка? І лёсы ў іх розныя, і выхаванне. («У дзяцінстве мая бабуля вучыла мяне не пячы піражкі і шыць сукенкі, а гуляць у карты. У дзяцінстве я выйгравала ў бацькоў розныя прысмакі і кішэнныя грошы. Ва ўніверы — курсавікі, дамашкі і іншае. А сёння ў начальніка выйграла плюс 200 працэнтаў да маёй зарплаты. Бабуля, дзякуй!») Калі гаспадар вярнуўся дадому, у яго жыллі на кухні нязваны госць спакойна складваў у пакет чужую маёмасць. («Мая бабуля заўсёды сцвярджала, што самае лепшае практыкаванне для рук — пералічванне грошай».) Але быў спынены адным ударам пенсіянера! Пасля мужчына звязаў зладзюжку і выклікаў міліцыю. Дарэчы, ранкам злачынец паспрабаваў паскардзіцца праваахоўнікам, маўляў, гаспадар дома ўдарыў яго... рыдлёўкай. А пенсіянер растлумачыў сваю выдатную фізічную форму доўгай працай на гусенічным трактары: рука моцная ад пераключэння перадач на ім. («У Маскве два скрыпачы збілі баксёра. Што гэта: пад'ём культуры ці заняпад спорту?») Дарэчы, падобны выпадак адбыўся і некалькі гадоў таму ў Мсціслаўскім раёне. Там 84-гадовы пенсіянер абухом сякеры абясшкодзіў 51-гадовага злачынца, які залез у яго дом і скраў патэльню. А потым пайшоў на гаспадара з нажом, але той не разгубіўся. («Дараваць ворагам трэба так, каб яны плакалі».)

Зусім нядаўна адбылася яшчэ такая гісторыя ў тэму. У адной з вёсак Добрушскага раёна 60-гадовы мясцовы жыхар спрабаваў... узарваць маладую каханую, саперніка і дом разам з імі. Жанчыне 29 гадоў, яна замужам за 53-гадовым мужчынам. («Дурненькія маладыя дзяўчаты чакаюць маладых прыгожых прынцаў, разумныя выходзяць за старых каралёў».) Аднак гэта не перашкодзіла ёй заводзіць раманы, пакуль муж адсутнічаў. («Я столькі не з'ем», — падумала самка багамола, калі два самцы прапанавалі ёй секс утраіх».) Чым прывабіла маладзіца колішняга механізатара, высвятляецца. Аднак апошняга характарызуюць як... добрага сем'яніна і руплівага і заможнага гаспадара. («— Софачка, запомні, мужчыны дзеляцца на два тыпы: тых, хто можа падняць халадзільнік на пяты паверх, і тых, хто можа за гэта заплаціць...») Вось ужо сапраўды — волас сівее, а галава шалее?..

Што застаецца сказаць напрыканцы? Скончу тым, з чаго пачаў, — анекдотамі. «Не важна, колькі дзён у тваім жыцці. Важна, колькі жыцця ў тваіх днях». А ведаеце чаму? «КеПчук. Таму што мільёны бабуль не могуць памыляцца». Як спяваў Ігар Саруханаў: «Маладыя мае старыя, мы яшчэ, мы яшчэ паваюем!»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».