Вы тут

Ці ўдалося прыцягнуць у педагогіку матываваных абітурыентаў?


Ад таго, які абітурыент прыйдзе сёння вучыцца ў педуніверсітэт, залежыць, які настаўнік будзе заўтра ва ўстановах адукацыі, — гэта аксіёма. Вось чаму кожная прыёмная кампанія ў БДПУ становіцца прадметам глыбокага і ўсебаковага аналізу. Вынікі апошняга набору першакурснікаў былі разгледжаны на савеце ўніверсітэта, куды запрасілі таксама і патэнцыйных наймальнікаў педагагічных кадраў — прадстаўнікоў упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.


ЦТ на ўдачу?

— Цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта самае масавае мерапрыемства, якое праходзіць у нашай ВНУ, — падкрэслівае адказны сакратар прыёмнай камісіі Сяргей ЯКАВЕНКА. — Напрыклад, рускую мову здавалі 3,2 тысячы чалавек. Для арганізацыі ЦТ па самых масавых дысцыплінах было задзейнічана 46 аўдыторый і прыцягнута 222 выкладчыкі. Па тры тысячы абітурыентаў прыйшлі здаваць гісторыю Беларусі і біялогію. Больш абітурыентаў прымаюць толькі БДУ і БНТУ. Але мы справіліся з адказнай работай, таму што ніводнай скаргі ні з боку арганізатараў ЦТ — Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, ні з боку абітурыентаў і іх бацькоў не паступала.

Мы правялі аналіз таго, колькі часу абітурыенты праводзяць у экзаменацыйнай аўдыторыі. Напрыклад, на ЦТ па біялогіі ў першыя трыццаць хвілін (11.00 — 11.30) здалі свае тэставыя работы 8 працэнтаў удзельнікаў, або 240 чалавек. Яшчэ 15 працэнтаў абітурыентаў (460 чалавек) зрабілі гэта ў наступныя 30 хвілін. З 12.00 да 12.30 экзаменатары прынялі работы яшчэ ў 27 працэнтаў удзельнікаў ЦТ (у 800 чалавек). Яшчэ 25 працэнтаў абітурыентаў пакінулі аўдыторыю з 12.30 да 13.00 і толькі чвэрць удзельнікаў выкарысталі на выкананне тэставай работы ўвесь адведзены на экзамен час. Фактычна за палову часу аўдыторыю пакінулі 50 % удзельнікаў экзамену. Прыкладна такая ж сітуацыя назіралася і на іншых дысцыплінах. Гэта, на маю думку, найлепшым чынам тлумачыць сярэдні бал па ЦТ. Няхай ён нікога не здзіўляе. Пра якое сур'ёзнае выкананне тэстаў можа ісці размова?

Сёлета ў нас быў увогуле анекдатычны выпадак: абітурыентам раздалі бланкі адказаў, але яшчэ не паспелі раздаць тэставыя заданні, а адзін з іх ужо здаў сваю «экзаменацыйную работу».

Конкурс быў!

Усяго ў БДПУ на ўсе формы навучання было залічана сёлета 2218 чалавек: 1297 — на дзённую форму навучання (з іх 800 — на бюджэт) і 921 — на завочную. Не сакрэт, што ў грамадстве існуе стэрэатып наконт таго, што педуніверсітэт выбіраюць не вельмі
моцныя абітурыенты, кіруючыся прынцыпам «пайду туды, куды прасцей паступіць». Сяргей Якавенка прывёў аргументы, якія павінны гэты стэрэатып разбурыць. Так, на большасці спецыяльнасцяў конкурсы перавышалі два чалавекі на месца, гэта значыць, што была магчымасць выбіраць.

— Конкурс складваецца пасля таго, як ад плана набору адымаецца льготная катэгорыя абітурыентаў. Напрыклад, калі з 50 месцаў 15 месцаў «забраніравана» для «мэтавікоў», то яны аўтаматычна адкідваюцца, — растлумачыў нюансы падлікаў Сяргей Якавенка.

Пры паступленні на шэраг спецыяльнасцяў конкурс быў значна вышэйшы за сярэдні па ўніверсітэце. Так, на дзённай форме навучання на спецыяльнасцях «біялогія і геаграфія», «спартыўна-педагагічная дзейнасць, спартыўная рэжысура» пры агульным конкурсе было больш за 14 прэтэндэнтаў на месца, «спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме) — 12 чалавек. На спецыяльнасць «псіхалогія» конкурс склаў 11 чалавек на месца, «выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка» — 6,3 чалавека, «аздараўленчая і адаптатыўная фізічная культура» — 4,6, «руская мова, замежная мова» — 4,4, «практычная псіхалогія» — 3,8, «выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы» — 3,8, «сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога» — 3,4 «алігафрэнпедагогіка» — 3,2.

Мінімум і максімум

— Конкурс конкурсам, але нас насамрэч больш цікавяць прахадныя балы, — заўважае Сяргей Якавенка. — На жаль, вымушаны канстатаваць, што адбылося зніжэнне прахаднога бала на спецыяльнасці «матэматыка, інфарматыка» (да 133 балаў) і «фізіка, інфарматыка» (да 146 балаў). Але калі ўлічыць, што сярэдні бал на ЦТ па фізіцы па краіне быў 27, плюс парог па першай профільнай дысцыпліне быў узняты сёлета на пяць  балаў, то становіцца зразумела, што кантынгент абітурыентаў, з якога даводзілася выбіраць усім ВНУ, а не толькі нам, быў даволі абмежаваны. Калі ж больш рупліва прааналізаваць набор на гэтыя спецыяльнасці, то становіцца зразумела, што правалу насамрэч не адбылося. Так, на спецыяльнасць «матэматыка, інфарматыка», дзе прахадны бал быў 133, паступілі 10 медалістаў і 12 выпускнікоў педагагічных класаў, а гэта вельмі добра падрыхтаваныя абітурыенты. Па мэтавым наборы паступілі 9 чалавек — іх балы былі ад 162 да 251. Плюс былі залічаны чатыры абітурыенты, якія мелі больш як 310 балаў. Увогуле, у 80 % абітурыентаў сума балаў была большая за 200. А 133 балы меў абітурыент, які замкнуў спіс залічаных на першы курс, і менавіта яго сума балаў лічыцца прахадной.

На большасці факультэтаў прахадныя балы або захаваліся на ўзроўні 2017 года, або выраслі. На факультэце дашкольнай адукацыі пры плане набору 145 чалавек прахадны бал, як і летась, склаў 192. На факультэце пачатковай адукацыі пры наборы 120 чалавек прахадны бал таксама не змяніўся — 236. Гэта, трэба заўважыць, факультэты з самым вялікім наборам. А вось, напрыклад, на спецыяльнасці «алігафрэнпедагогіка» прахадны бал склаў 268 (у 2017 годзе быў 218). На спецыяльнасці «сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога» вырас на 42 балы і склаў 271 (у 2017 годзе — 229), «псіхалогія» — 316 (у 2017 годзе — 282).

На факультэце прыродазнаўства на спецыяльнасць «біялогія і геаграфія» прахадны бал вырас на 27 пунктаў, «біялогія і хімія» — на 14 пунктаў.

Абітурыенткі з баламі 375, 364 і 325 ужо вучацца на спецыяльнасці «выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка». На спецыяльнасці «лагапедыя» больш як 300 балаў мае трэцяя частка залічаных на першы курс, а ў васьмі абітурыентаў — ад 328 да 368 балаў.

— З 800 залічаных на першы курс бюджэтнай формы навучання толькі 19 чалавек маюць суму балаў меншую за 150. Гэта абітурыенты, якія паступалі па мэтавых накіраваннях і якіх мы вымушаны прымаць, — падкрэсліў Сяргей Якавенка.

Дарэчы, апошнім часам узнікаюць пытанні наконт мэтазгоднасці захавання мэтавага набору. Ці ва ўсіх выпадках ён сябе апраўдвае? Напрыклад, у Мінскай вобласці адзін з аддзелаў адукацыі выдаў мэтавае накіраванне абітурыенту з сярэднім балам атэстата 5,6 (!), прычым у яго ўладальніка была нават «тройка» па гісторыі Беларусі. У другім аддзеле адукацыі выдалі два накіраванні абітурыентам з сярэднім балам 6,9. Калі пры агульным конкурсе прахадны бал на спецыяльнасць «псіхалогія» быў 316, то «мэтавікі» паступілі з баламі ад 133 да 211.

На спецыяльнасць «руская мова» паступілі «мэтавікі» з баламі ад 163 да 200, а абітурыенты з баламі ад 225 да 258 не змаглі прайсці па агульным конкурсе, на спецыяльнасці «гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны» ў «мэтавікоў» былі балы ад 152 да 206, затое абітурыенты з баламі 248—283 не прайшлі і гэтак далей.

Свядомы выбар

Безумоўна, усіх цікавіць, які выбар зрабілі выпускнікі профільных педагагічных класаў. Сёлета адбыўся ўжо другі іх выпуск. У БДПУ прайшлі гутарку 176 выпускнікоў педкласаў, а паступіў без здачы экзаменаў на першы курс з іх 161 чалавек. Астатнія 15 — не прайшлі па конкурсе, таму што на некаторых спецыяльнасцях колькасць планавых месцаў не дазваляла прыняць усіх выпускнікоў педагагічных класаў, якія прэтэндавалі на паступленне.

Яшчэ 62 выхаванцы педкласаў не скарысталіся льготай і паступалі па выніках здачы ЦТ: 47 чалавек з іх паступілі на бюджэтныя месцы і 15 — на платныя. Кагосьці, магчыма, спыніў абавязковы пяцігадовы тэрмін адпрацоўкі, а хтосьці не ўпісаўся ў акрэсленыя рамкі. Нагадаем, што магчымасць паступаць без іспытаў па выніках гутаркі даецца толькі тым выпускнікам, у якіх адзнакі па профільных прадметах у атэстаце не ніжэйшыя за 8 балаў, а па ўсіх астатніх — не ніжэйшыя за 7 балаў. Таксама абавязковай умовай з'яўляецца наяўнасць у абітурыента рэкамендацыі педагагічнага савета школы. Такім чынам, на першым курсе зараз навучаюцца 223 студэнты, якія прайшлі праз профільную падрыхтоўку яшчэ ў школе.

Бал атэстата выпускнікоў педкласаў вагаецца ў межах ад 8,5 да 9,9 балаў, 11 з іх узнагароджаны залатым (сярэбраным) медалём. Са сталіцы паступіў 51 выпускнік педкласаў (26 % ад агульнай колькасці). І 78 — з Мінскай вобласці (40 працэнтаў).

Тысячным абітурыентам, які падаў падчас прыёмнай кампаніі свае дакументы ў БДПУ, стаў выпускнік педагагічнага класа сталічнай гімназіі № 20 Віктар Бурмакін. Маладога чалавека павітаў рэктар Аляксандр Жук.

Рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК заўважыў, што, нягледзячы на добра развітую сетку педагагічных класаў у Мінскай вобласці (а менавіта Мінск і сталічны рэгіён з'яўляюцца галоўнымі заказчыкамі педагагічных кадраў), ёсць раёны (у прыватнасці, Барысаўскі, Бярэзінскі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Пухавіцкі), адкуль у педуніверсітэт не прыйшло ўвогуле ніводнага выпускніка. Затое са Слуцкага раёна паступілі 11 выпускнікоў педкласаў, з Маладзечанскага — 7, з Валожынскага — 6.

— Думаю, што нам трэба больш уважліва паглядзець, хто працуе ў нашых педкласах і вядзе факультатыў «Уводзіны ў педагагічную прафесію», бо фармалізм у такой рабоце недапушчальны. «Запаліць» сваёй прафесіяй можа толькі сапраўдны педагог, — падкрэслівае Аляксандр Жук. — Сёння ўжо ніхто не сумняваецца ў мэтазгоднасці існавання педагагічных класаў. Педагогіка — прафесія не для кожнага, і я ўпэўнены, што настаўнік «пачынаецца» не з педуніверсітэта — выхоўваць іх трэба яшчэ ў школе. Трэба шукаць дзяцей з педагагічнымі схільнасцямі, з жаданнем вучыць іншых, з лідарскімі задаткамі, з уменнем камунікаваць і выстройваць зносіны. Матывацыя да прафесіі — гэта, напэўна, самае важнае. І педагагічныя класы — наш падмурак.

Што нас вельмі радуе, дык гэта сацыяльная актыўнасць выхаванцаў педкласаў, якія прыйшлі ў педуніверсітэт, іх лідарскія якасці, гатоўнасць браць на сябе адказнасць. Яны задзейнічаны ва ўсіх нашых найважнейшых мерапрыемствах і праектах: далучаюцца да прафсаюзных спраў, валанцёрскага руху, працуюць у студатрадах, удзельнічаюць у творчым і спартыўным жыцці ўніверсітэта. І дэканам факультэтаў, загадчыкам кафедраў трэба мець на ўвазе, што да іх прыйшлі не звычайныя першакурснікі... Гэта асаблівая катэгорыя маладых людзей: яны не толькі ведаюць спецыфіку педагагічнай працы, яе плюсы і мінусы, але ўжо маюць і першы педагагічны досвед, таму разглядаюць пытанні адначасова і з пазіцыі настаўніка, і з пазіцыі вучня, умеюць весці дыялог, аргументаваць сваю думку. І ўсё гэта трэба ўлічваць і пры правядзенні лекцый, і на семінарскіх занятках, і падчас педагагічнай і валанцёрскай практыкі, якая распачынаецца ў нас ужо з першага курса.

Ёсць меркаванне, што пры захаванні педагагічных класаў неабходнасць у мэтавым наборы знікае. БДПУ плануе ўнесці ў Міністэрства адукацыі прапанову аб змяншэнні тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні выпускнікоў педкласаў. Чатыры гады навучання плюс пяць гадоў адпрацоўкі на пэўным месцы — вельмі далёкая перспектыва, а ніхто не ведае ў 17 гадоў, як складзецца яго жыццё. Да таго ж гэта жорсткая ўмова ставіць вельмі моцных абітурыентаў на адну планку з «мэтавікамі», хоць тыя часта маюць далёка не самыя высокія балы. У педуніверсітэце лічаць, што калі мэтавы набор усё ж такі будзе захаваны, то трэба ўводзіць больш жорсткія патрабаванні: выдаваць накіраванні толькі абітурыентам з атэстатам з сярэднім балам не ніжэйшым за 8 і забяспечваць сярод іх конкурсную сітуацыю.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прадстаўлена прэс-службай БДПУ

Загаловак у газеце: У прафесію — з педкласа

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.