Вы тут

Камсамол — часцінка жыцця...


Для сучасных хлопцаў і дзяўчат камсамол — проста слова з гісторыі. А для Галіны Пашэд, другога сакратара Гомельскага гаркама ЛКСМБ у 1985—1990 гадах, — гэта частка жыцця з яркімі ўражаннямі, незабыўнымі сустрэчамі і нечаканымі адкрыццямі.


Дзіця сваёй эпохі

...З акна кватэры Галіны Міхайлаўны відаць будынак, дзе калісьці знаходзіўся Гомельскі абласны камітэт камсамола.

— Я працавала там нядоўга, больш у гарадскім камітэце. Бывае, за сняданкам зірнеш удалечыню і нешта абавязкова ўспомніцца з тых далёкіх, але такіх вясёлых і насычаных дзён маладосці.

Акцябронак, піянер, камсамолка — Галіна Пашэд была дзіцем сваёй эпохі. У 18 гадоў стала кандыдатам у члены камуністычнай партыі, а праз год яе ўжо ў партыю прынялі. Досыць рана. Пасля школы яна пайшла працаваць на завод «Эмальпосуд» і паралельна вучыцца на вячэрнім аддзяленні цяперашняга эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Была такой, як і ўсе астатнія. Але неўзабаве кандыдатуру дзяўчыны прапанавалі на пасаду сакратара камсамольскай арганізацыі завода. Так усё і закруцілася: за пяць гадоў Галіна Міхайлаўна прайшла па кар'ернай лесвіцы ад рабочай да другога сакратара гаркама камсамола.

— Калі вучылася ў Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве, тэмай дыпломнай работы была гісторыя камсамола на Гомельшчыне. Я шмат часу правяла ў архівах, перачытала сотні дакументаў і зразумела: што ў 1927-м, што ў 1957-м, што ў 1987-м моладзь хвалявалі адны і тыя ж праблемы. Працаўладкаванне, адукацыя, жыллё, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Гэта было актуальна тады і застаецца цяпер, — лічыць Галіна Міхайлаўна. — Была дзейсная крытыка. Успомніць хаця б «камсамольскія пражэктары» на вытворчасцях! Насценныя газеты праз карыкатуры, фельетоны і вершыкі выкрывалі недахопы і пралікі ў працы. Калі нешта не падабалася, не шушукаліся за спінамі, а выносілі гэта на агульнае абмеркаванне.

Супраць «метала» і «Рэмба»

— А ў сярэдзіне 1980-х партыя сказала: «Хэві метал — дрэнна», і мы пайшлі змагацца з рок-музыкай. Фільм «Рэмба» ўвогуле лічыўся разбуральным для псіхікі маладых камсамольцаў, — успамінае суразмоўніца.

Галіна Міхайлаўна часам працавала да глыбокай ночы — выходзіла на дзяжурствы з аператыўным камсамольскім атрадам дружыннікаў:

— У нас былі пасведчанні кантралёраў, і мы дапамагалі тралейбуснаму парку лавіць «зайцоў». Перад Вялікднем абавязкова «сядзелі ў засадах» каля царквы. Не пускалі на службу моладзь і рабочых, толькі бабуль шкадавалі. Прызнаюся: гэта было непрыемна, унутрана я была на баку вернікаў, бо сама выхоўвалася ў сям'і, дзе верылі ў Бога. Іронія лёсу: у 1988-м годзе, калі стаўленне да рэлігіі змянілася, я стала хроснай маці для хлопца, з якім мы калісьці разам неслі дзяжурства паблізу царквы.

— Азіраючыся назад, смела скажу, што недахопаў у камсамоле было таксама шмат. Нас часта крытыкавалі за фармалізм у рабоце. У асноўным, на мой погляд, ён быў у тым, што сям'і і сямейным каштоўнасцям не ўдзялялі ўвагі. З-за гэтага было столькі паламаных лёсаў і разбітых сэрцаў. Многія так і не пажаніліся, не нарадзілі дзяцей. У іх былі толькі: «Ленін, партыя, КАМ-СА-МОЛ!»

Гуркі для Гурчанкі

— У 1985-м пачалася перабудова. Камсамольцы, як і ўсе іншыя, кінуліся асвойваць новае поле дзейнасці — камерцыю. І, трэба прызнацца, былі даволі паспяховымі ў гэтым плане. Многія гамяльчане памятаюць грандыёзныя канцэрты зорак першай велічыні ў канцы 80-х. Гэта мы запрасілі ў горад Ігара Саруханава, Аннэ Вескі. Але самым запамінальным стаў прыезд усесаюзнай любіміцы Людмілы Гурчанкі. Вакзал, цягнік з Масквы, у натоўпе пасажыраў мы шукаем тую самую Люсю. Няма. А яна стаіць збоку маленькая, худзенькая, непрыкметная. Пазналі мы яе толькі па чорных боціках у белы гарох! Вельмі здзівіў «райдар»: з ежы папрасіла «салёныя агуркі і бульбачку».

...Штогод у Галіны Міхайлаўны было два дні, набліжэння якіх яна чакала са страхам — 28 мая і 2 жніўня. З самага ранку на Дзень пагранічніка і Дзень дэсантніка Гомель запаўнялі хвалі колеру цяльняшак, зялёных фуражак, блакітных берэтаў. Былыя пагранічнікі і дэсантнікі шукалі, дзе б прымяніць сваю энергію.

Задача камсамола ў гэтыя дні зводзілася да таго, каб не даць маладым дужым хлопцам учыніць бяды. Танцы, спартакіяды, канцэрты ладзілі ў кожным парку, дзяжурылі побач з усімі фантанамі і ракой. Але ўсё адно знаходзіліся тыя «пагранцы» і «вэдэвэшнікі», якія паспявалі разграміць штосьці ў горадзе. Адказнасць за гэта неслі камсамольцы.

Час «чорных цюльпанаў»...

У пачатку 1980-х у камсамоле пачалі працаваць з воінамі-інтэрнацыяналістамі. З афганскай вайны вярталіся маладыя хлопцы з паламанымі лёсамі. Многія проста не маглі пасля тых жахаў вярнуцца да нармальнага жыцця. Яны звярталіся ў розныя арганізацыі і часта чулі адказ: «Я цябе ў Афганістан не пасылаў».

— Здаецца, у «Комсомольской правде» тады артыкул з такім загалоўкам выйшаў. Калі мяне прызначылі адказнай за працу з воінамі-афганцамі, я вырашыла рабіць усё, каб хлопцы не чулі падобных фраз ні ад кога. Дапамогу, ільготы, працу для іх прыходзілася выбіваць па-рознаму. Напрыклад, быў у нас «Савет матуль загінулых воінаў». Узначальвала яго жанчына, у якой... увогуле ніколі не было дзяцей. Але трэба было бачыць, як натуральна яна плакала «на магіле свайго сына». Дзякуючы ёй нам удалося многага дабіцца для афганцаў.

Галіна Міхайлаўна ўзначаліла гомельскую дэлегацыю, якая паехала на Першы ўсесаюзны з'езд воінаў-інтэрнацыяналістаў у Ашхабад у Туркменію.

— У зале — дзве з паловай тысячы чалавек, з іх толькі тры жанчыны. Цяжкая, эмацыянальна напружаная канферэнцыя. Хоць я і на сотую долю не магла ўявіць сабе, што такое служба ў Афганістане, боль гэтых маладых хлопцаў адчувала і бачыла. Важны досвед у маім жыцці.

Гэта было як учора...

У 1990 годзе жанчына пайшла ў дэкрэтны водпуск. Выходзіла з яго ўжо ў новай краіне, дзе нават згадванне камсамола гучала недарэчна. Галіна Міхайлаўна ўспамінае, што калі яе дачушцы Ганне было шэсць гадоў, то яна спытала: «Мама, а што такое камсамол?»

— Я разгубілася. Не ведала, як тлумачыць дзіцяці тое, чаго яна ніколі не бачыла і не ўбачыць. Але, падумаўшы, адказала: «Частка майго жыцця. Не самая горшая, дарэчы».

Добрыя адносіны з камсамольцамі Галіна Міхайлаўна пранесла праз усё жыццё. Напярэдадні стагадовага юбілею ВЛКСМ яна тэлефануе былым калегам і размаўляе з імі так, нібыта яны толькі ўчора разам дзяжурылі на дыскатэцы. Лёгка, з жартамі камсамольцы дамаўляюцца пра абавязковую сустрэчу на 29 кастрычніка.

Ганна КУРАК

Мінск — Гомель — Мінск

Галіна Пашэд разам з воінамі-афганцамі ў Ашхабадзе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».