Вы тут

Малады футбаліст Павел Кляннё пра трэніроўкі, адпачынак і планы на будучыню


Павел Кляннё — дзевятнаццацігадовы нападаючы прафесійнага футбольнага клуба «Тарпеда Мінск», аўтар выдатных галоў, прынесеных у скарбонку перамог каманды. Спакойны і разважлівы ў жыцці, актыўны і энергічны на полі. Чым жа ён вылучаецца сярод іншых?


Хлопчык-гарэза ў дзяцінстве, як і многія, марыў стаць касманаўтам. «Мама гаварыла: «Будзеш танцорам ці гімнастам», — расказвае Павел. — Але тата запярэчыў: «Якія танцы? Толькі футбол!» І адвёў на першыя спартыўныя заняткі — у спадзяванні, што мне там спадабаецца. Як ведаў...»

Далей — сталічная футбольная школа № 5, дзе трэнер бачыў з сарака малых толькі чатыры-пяць сапраўдных футбалістаў у будучыні. Руплівай працай Паша здабыў месца спачатку ў складзе юнацкай каманды «Мінск», затым — у стаўбцоўскім клубе «Нёман-Агра». Але лёс вёў яго да іншага. Хлопец успамінае: «Калі быў мой першы матч за Стоўбцы супраць мінскага «Тарпеда» (дарэчы, мы саступілі тады з буйным лікам), чамусьці ўзнікла прадчуванне, што калі-небудзь буду гуляць за сапернікаў».

— Твой трэніровачны дзень — які ён?

— Пачынаем мы а дзясятай. Я ўстаю загадзя, добра снедаю, бо патрэбна моц для трэніроўкі. Затым з камандай едзем на базу, каля паўгадзіны глядзім відэа сваёй ранейшай гульні, каб зрабіць работу над памылкамі. Потым — размінка. На ёй часам даводзіцца падтрымліваць аднаклубніка, калі ён стомлены ці без настрою: жартаваць, падбадзёрваць. Калі мышцы гатовыя, пачынаем трэніроўку з мячамі: працуем над пасам, ударамі па варотах. Толькі пасля мы, палявыя гульцы, аб'ядноўваемся з варатарамі, што займаюцца асобна, каб згуляць непасрэдна ў футбол...

— Якія эмоцыі прыносіць гульня?

— Розныя. Ад перамогі да паражэння адзін момант, і наадварот. Ёсць і расчараванні ад сваёй гульні, а ёсць імгненні, за якія можна пахваліць самога сябе. Калі забіваю гол, у мяне неверагодныя пачуцці... Разумею, што на мяне глядзіць шмат балельшчыкаў на стадыёне і каля экранаў тэлевізараў, і адчуваю сябе крыху знакамітасцю. Але футбол — такая рэч: сёння ты будзеш наверсе, а заўтра — унізе. З табой застаюцца толькі эмоцыі, якія цяжка апісаць словамі.

— Ці ёсць якія-небудзь рытуалы ў камандзе?

— Ведаю, што раней некаторыя трэнеры, калі каманда перамагала, маглі не галіцца да наступнай гульні. І так рабілі да першага паражэння... У маім дзяцінстве трэнер прыехаў на турнір паголеным, а з'ехаў з барадой. (Усміхаецца.)

— У цябе ёсць мянушка на полі?

— На пачатку сезона, калі мяне ніхто яшчэ не ведаў, адзін з футбалістаў назваў з-за прозвішча іншаземнага паходжання «Французам». Мяркую, што ў часы Напалеона адзін з Кляннё пасяліўся ў Беларусі і яго прозвішча дайшло да нашых дзён. Зараз мянушку выкарыстоўваюць вельмі рэдка, клічуць проста «Паша, Паша».

— Нумар на тваёй майцы — 23. Ён з чым-небудзь звязаны?

— Ні з чым. (Усміхаецца.) Калі прыйшоў у «Тарпеда» і выдавалі нумары, я не ведаў, хто які захоча браць. Мне хацелася не вельмі вялікі і не вельмі маленькі. «23 ёсць? Ну, буду дваццаць трэці!» Калі згадаць вядомых футбалістаў з такім нумарам, гэта, канешне ж, Дэвід Бэкхэм. Ён валодаў неверагодным пасам! Але ў мяне крыху іншая роля: я забіваю галы, я нападаючы.

Хоць Павел пакуль што не Бэкхэм, а для шырокай вядомасці, на яго думку, трэба яшчэ доўга і ўпарта працаваць, увага балельшчыкаў не абмінае тарпедаўскага нападаючага. «Аўтографы я, канешне, не даваў, — кажа ён. — Аднак нядаўна са мной здарыўся цікавы выпадак. Як звычайна, ехаў на трэніроўку ў тралейбусе, на мне не было формы, простае адзенне. Падыходзіць хлопец: «Гэта ж ты, той самы... Дакладна ты! А можаш мне ў канцы сезона падараваць сваю майку?» Я трохі збянтэжыўся, аднак ветліва адказаў, што пры добрай гульні, магчыма, і падару...

Моцна паўплывалі на станаўленне Паўла як футбаліста і асобы бацькі і бабуля. Ім ён удзячны за кожны момант, і шчаслівы, і горкі, за падтрымку і клопат. А таксама — за любоў да беларускай мовы, якая з маленства з хлопцам. «У садку выхавальнік сказаў надзець «штаны», — згадвае дзіцячую гісторыю хлопец. — А я спытаў па-беларуску: «Дзе мае порткі? Дзе мае шкарпэткі?» Для ўсіх прысутных было неверагодна, што я, маленькі, ведаю такія словы. Нават для бацькоў, якія добра валодаюць роднай мовай. Я ўпэўнены, што і сам разумеў, пра што казаў. Бавячы час у бабулінай вёсцы, цяжка было не вывучыцца «па-нашаму»: захацеў пагаманіць з кім-небудзь — толькі па-беларуску, і не інакш. Такое было асяроддзе».

Паўлу не цяжка даць пасляматчавы каментарый па-беларуску, шчыра паразмаўляць на беларускай мове з трэнерам варатароў Валерыем Макарэвічам, супрацоўнікам прэс-службы Аляксеем Янушэўскім. Праз увагу да футбаліста сродкаў масавай інфармацыі, балельшчыкаў юнак хоча данесці важнасць выкарыстання роднай мовы, павагі да яе. Павел мяркуе, што ў перспектыве пачне размаўляць выключна на ёй.

Сярод планаў на будучыню ёсць і грандыёзныя. Напрыклад, годна прадставіць сваю краіну ў Лізе Еўропы і на чэмпіянаце свету, які пакуль што недасяжны для беларускіх камандаў. Падзяліўся футбаліст і самай запаветнай марай: «Хацелася б паспрабаваць сябе за мяжой. Асабліва — згуляць у лонданскім «Арсенале», як калісьці наш Аляксандр Глеб, дзякуючы якому Беларусь ведаюць і за мяжой, і як кумір майго дзяцінства Андрэй Аршавін, што тады быў зоркай постсавецкай прасторы».

...Адпачнуць ад знясільваючых трэніровак, мітусні Павел можа на рыбалцы! Яна для яго — любімы адпачынак: «Там аднаму можна пабыць, падумаць пра сябе, бацькоў, пра каханне, згадаць моманты ўласнага жыцця, проста памарыць».

Павел гаворыць, што, калі б у яго быў, напрыклад, мільярд, ён, як і кожны звычайны чалавек, спачатку б забяспечыў сябе. Набыў бы дом, усё неабходнае, каб жыць. Каб грошы пайшлі на карысць, на яго развіццё як чалавека і футбаліста. А потым... «Разумею, што не кожны робіць тое, што кажа, але я б сапраўды аддаў бы астатнія грошы на дапамогу дзецям ці бедным людзям ці ў рэлігійную дабрачынную арганізацыю «Карытас Мінск», пра якую даведаўся сам і якой цяпер дапамагае мая дзяўчына Хрысціна. Дарэчы, яна вельмі добра на мяне ўплывае, а таксама падтрымлівае ва ўсім».

Падтрымка сям'і, дзяўчыны, трэнераў з'яўляецца самым важным у жыцці.

— Я ўдзячны бабулі за беларускую мову, бацькам — за тое, што прывялі мяне ў футбол, трэнерам — што кожны аддаў мне частку сваёй душы. Першаму — Юрыю Веньямінавічу Расольку, трэнеру юнацкай школы Аляксандру Іванавічу Сінкаўцу, трэнеру «Нёман-Агра» Міхаілу Міхайлавічу Макоўскаму і, канешне ж, цяперашняму — Сяргею Мар'янавічу Кабельскаму за тое, што даў мне шанц выступіць на полі. Гэтыя людзі заўсёды хварэюць за мяне і перажываюць.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Яго дэвіз — толькі наперад!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».