Вы тут

Тайнае = яўнаму?


Першае, на што звярнуў увагу, калі ўзяў у рукі зборнік навел «Дзень нараджэння» Наталлі Уладзіміравай, які пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда», — гэта чамусьці не назва кнігі, якая выведзена на вокладцы вялікімі літарамі, а тры маленькія словы, якія быццам з усёй моцы стараліся не трапляць на вочы. Гэтыя тры словы — серыя «Жаночыя тайны».


Прыкмета поўнай паглыбленасці ў сутнасць тэкстаў — роўнапаважлівае стаўленне да ўсіх літаратурных напрамкаў, узнятых тэм і г. д. Таму для мяне ў літаратуры няма ніякіх табу: галоўнае — каб тэкст сваім існаваннем не абцяжарваў і без таго перагружаную шлакам літаратурную прастору, а дзяліўся з ёй жыватворнай сілай неадкрытых гарызонтаў. Іншымі словамі — каб тэкст змяшчаў у сабе штосьці новае. І гаворка тут аб нечым большым, чым аб рэкамбінацыі імёнаў-прозвішчаў, краін, канкрэтных рэплік.

Прачытаўшы назву серыі, да якой належыць кніга, я чакаў паглыблення ў тайны жаночай псіхалогіі. Чакаў нейкіх запаветных мудрагелінак, наматаўшы на вус якія, як прадстаўнік мужчынскага полу, я мог бы стаць больш чулым у жаночай супольнасці. Але ў чым тут «тайна»?

Мастацкая рэальнасць аўтара з’яўляецца аўтарскай у найменнях людзей, прадметаў і іх спалучэнняў, але не ў тым, па якіх законах (а дакладней — па якіх збітых сцежках) яны ўзаемадзейнічаюць і праз якія сюжэтныя перыпетыі праходзяць...

Дзеля цікавасці (ды забавы) метадычна пералічу, гаворачы мовай спагадлівай і некрытычнай, «нятайны», якімі напоўнены прыведзены ў кнізе дзясятак навел, праўда, каб не тапіць тэкст у сухім мастацкім аналізе, абмяжуюся толькі першай тройкай твораў. Для зручнасці ранімых хатніх гаспадынь, у якіх можа загарэцца жаданне пазнаёміцца з гэтым зборнікам, пакідаю папярэджанне:

/СПОЙЛЕРЫ/

Навела I

Асноўная сюжэтная «нятайна» — дзяўчына нечакана расстаецца з хлопцам, пазней знаходзіць іншага, з якім пасля будуе сям’ю і заводзіць дзяцей, але пасярод сямейнай ідыліі вяртаецца кавалер 1.

 Дробныя «нятайны» — «хвіліны, якія здаюцца вечнасцю»; рамантычная паездка ў Парыж з кавалерам 1; «Прычына не ў табе»; гераіня з-за няўдалых адносін нейкі час ненавідзіць усіх-усіх мужчын; фантазіі гераіні на тэму таго, як яна, прыгожая ды паспяховая, неспадзявана сустракаецца з кавалерам 1 у кампаніі яго новай жанчыны... На змену кавалеру 1, рамантычнага тыпу, прыходзіць кавалер 2, прагматычнага (які рамантуе дом і НЕ П’Е), з якім гераіня і фарміруе сям’ю; гераіня не гаворыць мужу пра сустрэчу з кавалерам 1.

Навела II

Асноўная сюжэтная «нятайна» — дыялог свекрыві і кінутай мужам нявесткі, якая збіраецца з’язджаць з кватэры першай з прычыны, што тая... безэмацыянальная і празмерна прагматычная (тут аўтар, як мне падалося, настолькі моцна гнаўся за тым, каб зламаць стэрэатып «свекрыві-дэмана», што паказаў гэты «дэманізм» блякла, і гэта, напэўна, ідзе не на карысць да разбурэння стэрэатыпу)?

Дробныя «нятайны» — адчуванне страху спінным мозгам; неапраўдана вялікае апісанне рыбы, з якой сябе параўноўвала гераіня, якая моўчкі крычала; «канапа ў тон шпалерам»; свякроў у самым пачатку дыялогу дае парады, зыходзячы з узросту=досведу; свякроў спісвае сваю безэмацыянальнасць на старанна схаваную безэмацыянальнасць шлюбу; муж свекрыві здрадзіў ёй, але яму даравалі; «ператварылася для яго ў мэблю, у элемент спадручнага і прывычнага дэкору».

Навела III

Асноўная сюжэтная «нятайна» — сяброўку гераіні, ад імя якой вядзецца аповед, кідае муж, які раптам запіў, далей ён уязджае ў дом з новай жанчынай, пачынае піць яшчэ болей, яны жывуць учацвярых (з сынам ад новай жанчыны), але ў далейшым муж з новай жанчынай згараюць у гэтым жа доме пры пажары, а сяброўка з сынам, які выжыў, рамантуе дом і застаецца там жыць (быццам сацыяльная рэклама).

Дробныя «нятайны» — сяброўка, будучы на тры гады старэйшай за гераіню, лічыць сябе старой і «пабітай жыццём»; гераіня «не ведае жанчын, у якіх асабістае жыццё складалася б роўна і гладка»; «здавалася, што неба абрушылася на зямлю»; сяброўка гераіні знаходзіць сабе мужчыну па аб’яве ў газеце; якасці добрага мужчыны, якія прыкмячае сяброўка гераіні, — «падцягнуты, прыгожы і... цвярозы!» (цвярозасць, мусіць, нешта настолькі надзвычайнае для аўтара, што клічнік і шматкроп’е ў цытаце — цалкам і поўнасцю аўтарскія); «лятала, акрыленая каханнем»; сяброўка гераіні едзе да знахаркі і даведваецца пра чараўніцтва да свайго мужап’яніцы; муж з новай жанчынай суткамі п’юць і не ходзяць на працу (як чатыры чалавекі жывуць на зарплату адной толькі сяброўкі гераіні, якая працуе ў сталовай, аўтар, на жаль, не тлумачыць)...

/КАНЕЦ СПОЙЛЕРАЎ/

Што ж «у сухім астатку»? Які кантакт наладжвае аўтар са сваім чытачом праз кнігу «Дзень нараджэння»? Размова праходзіць на мове дамскага чытва, якое нават у час свайго зараджэння было канцэнтратам утрыраванага побыту. І ці не галоўная жаночая «нятайна» — тое, што кніга подобнага зместу застаецца актуальнай у ХХІ стагоддзі (і перавыдаецца)?

Няхай збярэцца хоць цэлая армія жанчын, якія пажадаюць закідаць мяне каменнем са словамі «Ты штоооо?! Жыцця не бачыў?! А тут яно і ёсць — самае што ні на ёсць жыццё!!» Хай збіраецца ды закідвае, але ад гэтага, на шчасце, свет па-ранейшаму будзе чымсьці большым за аскепак люстэрка.

Свет — усё яшчэ месца, напоўненае ўсімі магчымымі фарбамі. І калі ўпірацца-такі лбом у абавязковасць жыццепадабенства мастацтва, у той жа ступені маляўнічай павінна быць і літаратура.

Іван ВАНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.