Вы тут

Рух праз фота


Адметнай вераснёўскай падзеяй стаў Месяц фатаграфіі, які прадстаўляе гэты кірунак як асобны від мастацтва. Сёлета фэст праходзіць пяты раз і доўжыцца да 6 кастрычніка. У аснове — 18 выставак фатографаў і фотакалектываў з дзесяці краін. Праекты прадстаўлены на сямі сталічных пляцоўках. Арганізатары прапануюць паразважаць пра фатаграфію як пра феномен, інструмент і нагоду для дыялогаў, дыскусій і абмену досведам.


Адкрыццё Месяца фатаграфіі ў Мінску.

З 2016 года Месяц фатаграфіі выбудоўваецца вакол прапанаванай арганізацыйнай камандай тэмы. У 2017 годзе фотамастакі ў творчасці разважалі на тэму калектывізацыі, у 2016-м фотамовай размаўлялі пра перыферыю. Сёлета ў якасці сэнсавага ядра Месяца фатаграфіі закладзена паняцце «юбілей» — з намерам нагадаць публіцы першапачатковае прызначэнне фатаграфіі і ў тым ліку адзначыць першую пяцігодку існавання. Гэта можна ўбачыць на асноўнай пляцоўцы, якой з’яўляецца «Галерэя “Ў”», дзе размешчаныя шэсць разнастайных выставак.

— Нам 5 гадоў, а калі казаць пра карані слова «юбілей», то і 50, — расказвае арганізатар фестывалю Андрэй Лянкевіч. — Таму за аснову ўзялі часавы дыяпазон паміж гадавінай смерці амерыканскага ваеннага фатографа Стэнлі Грына (ён быў маім настаўнікам) і 150-годдзем з дня нараджэння Эдварда Кёрціса, амерыканскага фатографа, які ўсё жыццё фатаграфаваў індзейцаў. Паказваць фотамастацтва праз асобы — рашэнне, якое дапамагае ўбачыць не толькі прафесіяналізм, але ж і эвалюцыю мастакоў розных часоў.

Напрыклад, выстаўка фотажурналіста Стэнлі Грына «Чорны пашпарт» карыстаецца вялікім поспехам: яна адлюстроўвае ўнікальны досвед аўтара, які ўдзельнічаў у міжнародных канфліктах трох апошніх дзесяцігоддзяў на тэрыторыі былога СССР, ва Усходняй Еўропе, Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы і Блізкім Усходзе. Стэнлі Грын пачынаў кар’еру як фатограф у галіне музыкі і моды, а пазней стаў адным з самых уплывовых рэпарцёраў, заснаваўшы ўласнае фотаагенцтва «Noor Images».

На цэнтральнай пляцоўцы Месяца фатаграфіі ў Мінску таксама прадстаўлены праект «Страчаныя тэрыторыі» польскага фотакалектыву «Sputnik», маштабная серыя фатографа Эдварда Кёрціса. Фатаграфаваць індзейцаў ён пачаў яшчэ ў канцы XIХ стагоддзя. Акрамя таго, Кёрціс збіраў легенды і паданні Дзікага Захаду, рабіў запісы пра традыцыйныя стравы, вопратку і традыцыі. Яшчэ адзін важны праект — выстаўка даўняга госця фестывалю Матыяса Гардэра, які вывучае тэму колеру ў сучаснай фатаграфіі. Упершыню ўдзельнічае фатограф з Кітая Чжан Кэ Чунь — аўтар нашумелага праекта і фотакнігі «Жоўтая рака», дзе адлюстраваны тры гады яго падарожжаў на складным веласіпедзе ўздоўж легендарнай ракі Хуанхэ.

Адметнасць сёлетняга Месяца фатаграфіі ў Мінску — прысутнасць у праграме вялікай колькасці праектаў не толькі замежных аўтараў, але і беларускіх.

— Трэба больш паказваць наша, — лічыць Андрэй Лянкевіч. — У Беларусі і раней, і цяпер жывуць таленавітыя творцы, якія выпрацавалі свой прафесійны густ, чым можна ганарыцца. Іншае пытанне — пра іх не ўсе ведаюць. Гэтым разам мы змаглі скласці праграму так, каб і замежныя, і нашы мастакі былі арганічна ўпісаны ў кантэкст тэмы. Спадзяюся, гэта пачатак вялікай прэзентацыі беларускага фотамастацтва ў маштабнай форме. Адзін з самых цікавых фотапраектаў беларускіх аўтараў — выстаўка «59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі», арганізаваная куратарамі Ганнай Самарскай і Антанінай Сцебур. Выстаўка прысвечана перыяду з 1959 да 1982 года — час аматарскага, фотаклубнага руху ў Беларусі. Яна апісвае зараджэнне, развіццё і росквіт клубнага руху, які пасля 1982 года змяняецца іншымі формамі камунікацыі і супольнай дзейнасці фатографаў, а таксама прыходам іншай фатаграфічнай эстэтыкі. Гэты праект дазволіў па-новаму зірнуць на асноўных удзельнікаў фатаграфічнага руху Беларусі сярэдзіны мінулага стагоддзя, дапамог рэанімаваць і вярнуць шэраг забытых імёнаў, а таксама агучыць жаночыя імёны, прадэманстраваўшы іх ролю ў свеце фатаграфіі, які традыцыйна лічыўся мужчынскім.

Яшчэ адзін цікавы праект, які адлюстроўвае беларускую ментальнасць, падрыхтавалі куратары Настасся і Дзіна Даніловіч. Ён называецца «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня». Гэтым праектам арганізатары імкнуцца паказаць творы людзей, аўдыязапісы галасоў або выканальніцкага майстэрства, якія складаюць скарбонку фонаархіва ў кабінеце традыцыйных музычных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Фатаграфіі выстаўкі паказваюць беларускае вяселле праз партрэты жанчын — носьбітак песенна-абрадавай традыцыі. Партрэты мужчын — гэта выявы вясковых музыкаў. Яны былі на вяселлі важнымі фігурамі, бо адказвалі за танцавальную частку свята, якую ўсе госці асабліва любілі і чакалі. Акрамя таго, фатаграфіі на выстаўцы можна праглядзець у фармаце слайд-фільма, дзе кожны здымак агучаны «вясельным голасам» таго, хто на ім выяўлены.

Упершыню ў гісторыі Месяца фатаграфіі ў Мінску асноўная экспазіцыя стала даступная людзям з праблемамі са зрокам. Куратар Наталля Кавалевіч, якая сама не бачыць, адмыслова арганізоўвае інклюзіўны маршрут: кіруючыся ім, гледачы могуць «прачытаць» здымкі з дапамогай гукаў і пахаў.

Пяты Месяц фатаграфіі працягвае традыцыі, закладзеныя на фестывалях мінулых гадоў. Серыю альбомаў «Бібліятэка МФМ» дапоўніць новая публікацыя — каталог з работамі класіка беларускай фатаграфіі, аднаго з заснавальнікаў фестываляў «Фатаграфіка», педагога і публіцыста Юрыя Васільева. Дарэчы, да канца фэсту гледачам яшчэ будзе прапанаваная шырокая адукацыйная праграма: лекцыі, прэзентацыі і аўтарскія экскурсіі. Ахвотныя могуць разабрацца ў сваіх сямейных архівах і пераўтварыць іх у фотакнігі ў межах аднадзённага майстар-класа.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.