Вы тут

Абуджэнне колерам


У галерэі «Арт-Беларусь» ёсць магчымасць успомніць традыцыі фавізму і ўбачыць, якім чынам яны працягваюцца ў наш час, прычым не толькі ў выяўленчым мастацтве. Магчымасць з’явілася дзякуючы беларускай фотамастачцы Алене Адамчык, работы якой злучыліся ў адной прасторы з жывапісам літоўскіх мастакоў Ёнаса Чапоніса і Рымаса Бічунаса. Пры тым, што Літоўская Рэспубліка зусім побач, да нас адкрываецца не надта шмат выяўленчага мастацтва гэтай краіны. Але ёсць нагода знаёміцца бліжэй: стогоддзе аднаўлення Літоўскай дзяржавы стала нагодай для міжнароднага выставачнага праекта «Колер: традыцыі фавізму ў жывапісе і фота». Яго падтрымала Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі.


Ёнас Чапоніс «Figure».

Ёнас Чапоніс і Рымас Бічунас з’яўляюцца творчымі нашчадкамі Антанаса Гудайціса, якога лічылі вучнем Анры Маціса. Праз Гудайціса фавізм прыйшоў у Літву, і яго традыцыі працягваюцца ў імкненні мастакоў выкарыстоўваць чыстыя колеры. Алене Адамчык пашчасціла вучыцца ў Ёнаса Чапоніса адчуванню колеру, што яна імкнулася адлюстраваць ужо ў фатаграфіі. А два гады таму, наведаўшы вялікую рэтраспектыву Чапоніса ў Вільнюсе, фотамастачка вырашыла, што трэба пазнаёміць з яго творчасцю Беларусь і тых, хто працягвае традыцыі фавізму ў мастацтве. Таму на выстаўцы прадстаўлены творы Рымаса Бічунаса, які таксама з’яўляецца вучнем Антанаса Гудайціса.

Міхаіл БАРАЗНА, мастацтвазнаўца, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

Алена Адамчык «The song of love».

— Экспазіцыя яшчэ раз даказала, што ў мастацтве дамінуюць не тэхналогіі, а погляд і стаўленне аўтара да свету рэчаў і ўменне гэта адлюстраваць ярка і пераканаўча. Таму можна побач прадставіць жывапіс і фатаграфію і, магчыма, многае іншае па выкананні. Выстаўка работ Ё. Чапоніса, Р. Бічунаса і А. Адамчык убачыў як сплаў сілы колеру і схаванай моцы бачнага простага. Колер з яго сімволікай, падкрэсленай эмацыянальнасцю стаў аб’яднальным фактарам для кожнага з трох аўтараў. Унутрана пачуццёвая, а не знешне паказная сюжэтная лінія таксама аб’ядноўвае прадстаўленыя работы. Дзіўным чынам гэты карнавал фарбаў упісаўся ў пастаяннай экспазіцыі галерэі. Часам межы паміж творамі аўтараў «парыжскай школы» і работамі Ё. Чапоніса, Р. Бічунаса і А. Адамчык станавіліся ўмоўнымі. Работам А. Адамчык уласцівыя як апераванне ў адной серыі самымі складанымі прасторавымі пабудовамі, так і адначасова выкарыстанне простай франтальнасці. Штодзённыя прадметы становіцца нечаканымі акцэнтамі, крыніцамі моцнай колеравай энергіі. У адрозненне ад многага ў свеце фатаграфіі ў работах А. Адамчык яўнае адчуванне ўдзелу аўтара. Ён — галоўны герой, адлюстраваны ў навакольным свеце. Яго хочацца ўбачыць і распытаць пра многае. Датаванне работ (1980-я) робіць адсылку да тых часоў, калі новае пакаленне праз творчасць зноў адкрывала свет дакладных чалавечых каштоўнасцяў.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.