Вы тут

Юлія Глебава: «Хачу падзяліцца любоўю да цымбалаў»


Рок-музыка з беларускімі цымбаламі — гэта магчыма, арыгінальна і прыцягальна. Так некалькі гадоў таму вырашыла Юлія Глебава, найперш вядомая шырокаму слухачу сваімі песнямі разам з групай «Час speak». Цымбалы ў песнях з’явіліся невыпадкова: Юлія прафесійны музыкант, грае на гэтым інструменце. І сёлета яна выдала інструментальны альбом, складзены з дзвюх частак, дзе папулярныя класічныя творы і творы эпохі барока загучалі на цымбалах. Альбом зроблены для таго, каб як мага больш людзей далучылася і да музычнай спадчыны, і да нашага выдатнага нацыянальнага інструмента. Альбом лёгкай, прыгожай інструментальнай музыкі. І з’явіўся ён у выніку любові да цымбалаў і імкнення падзяліцца гэтай любоўю з усімі.


— Жаданне запісаць такі альбом у мяне было даўно, бо я многа выступаю менавіта як цымбалістка, езджу з канцэртамі па еўрапейскіх краінах, бываю на фестывалях у Германіі — ці сольна, ці з праектам «Рэзананс». Гучаць і творы з так званай папулярнай класікі, старадаўняя музыка, апрацоўкі народных песень — гэта вельмі добра ўспрымаецца слухачамі. Трэба было захаваць вынік шматгадовай працы. Да таго ж мелася і невялічкая асабістая прычына, бо хацелася паказаць слухачам, што я сапраўдная цымбалістка і не проста так уключаю гэты інструмент у свае песні, што для мяне гэта справа жыцця.

Але ж галоўнае — я хацела падзяліцца сваёй любоўю да цымбалаў! Мне крыху крыўдна, што публіка недаацэньвае гэты інструмент, не ведае, не цікавіцца ім.

— Якія творы ўвайшлі ў запісаную ў студыі праграму?

— Была ідэя зрабіць досыць папулярны альбом, прадэманстраваць не якая я віртуозная цымбалістка, а прывабіць шырокае кола слухачоў, можа, і зусім далёкіх ад класічнай музыкі. Маё ранняе дзяцінства прыпала на апошнія гады савецкага часу, калі па радыё гучала нямала класікі, многія ведалі вальсы Шапэна, турэцкае ронда Моцарта, танец пастушкоў з балета «Шчаўкунчык», «Да Элізы» Бетховена. І я вырашыла зрабіць такі маркетынгавы ход — сабраць самыя масавыя творы. Бо наглядзелася на нашых выдатных акадэмічных выканаўцаў, многія з якіх сапраўдныя майстры, вялікія артысты. Нехта з’язджае за мяжу, каб развівацца. А тыя, хто застаецца, вымушаны працаваць ва ўмовах, калі іх мастацтва глыбока элітарнае, для надзвычай вузкага кола. Я нярэдка кажу: мы прыходзім у філармонію на цымбальны канцэрт, і ўсе гледачы адзін аднога ведаюць. Педагогі, музыканты, дзеці педагогаў і музыкантаў, іх родныя і знаёмыя. І ўся гэтая аўдыторыя вандруе з аднаго канцэрта на іншы, усе варацца ў сваім соку. Мне захацелася неяк вырвацца з гэтага палону, вывесці цымбалы ў больш шырокі свет. І за кошт знаёмых усім мелодый звярнуць увагу на інструмент і яго цудоўнае гучанне, арыгінальнасць і шматграннасць.

Увогуле, гучанне беларускіх цымбалаў падабаецца ўсім. Я многа выступала ў Германіі, Польшчы — усе ў захапленні. Бо нашы беларускія цымбалы моцна адрозніваюцца ад якіх іншых: у іх ёсць свой спецыфічны тэмбр — і дзякуй за гэта выдатным рэканструктарам, якія зрабілі такі высокатэхнічны і віртуозны інструмент! І яму цяпер падуладная самая розная музыка: народная, джазавая, акадэмічная.

— Вы з маленства вучыліся на цымбалах. Не было момантаў расчаравання?

— Шчыра сказаць, быў у падлеткавым узросце такі час, калі я трохі стамілася. Як і ўсім дзяўчынкам, мне хацелася ці танцаваць, ці спяваць, ці быць эстраднай зоркай, прыгожа стаяць ля мікрафона. Але гэты падлеткавы перыяд хутка скончыўся. Я паступіла ў музычны каледж імя Глінкі, і там мяне наноў прывабілі да інструмента, навучылі разумець яго больш глыбока. А вось ужо падчас вучобы ва ўніверсітэце культуры ў цымбалы закахалася. Мне настолькі пашчасціла з педагогам — Святланай Іванаўнай Івановай (у дзявоцтве Верамейчык), — што ні пра які іншы інструмент я і чуць не хацела.

— Тым не менш вы заспявалі, стварылі групу, запісалі два альбомы. І многіх здзівілі, калі адной з першых уключылі цымбалы ў рок-песні.

— Спевы ішлі паралельна з інструментальнымі заняткамі, я скончыла ўніверсітэт культуры яшчэ і па спецыяльнасці «Эстрадны вакал». Спачатку не думала змешваць сваю дзейнасць цымбалісткі з дзейнасцю аўтара — выканаўцы песень. Наадварот, марыла, што буду як нармальная жанчына хадзіць на рэпетыцыі з мікрафонам у сумачцы, а не з вялікім цяжкім інструментам. (А цяпер вось і з мікрафонам, і з цымбаламі хаджу.) Але ў нейкі момант вырашыла паэксперыментаваць, уставіла маленькі пройгрыш на цымбалах у песню, мне падалося, што гучыць вельмі цікава. І аднойчы мы паказалі такі варыянт на канцэрце. Мяне тады трохі збянтэжыла, што далёка не ўсе слухачы былі ў захапленні ад такога ўключэння цымбалаў у песні. Бо ў многіх ужо ўмацавалася ўяўленне, што гэта фальклорны інструмент, народны і больш нічога на ім іграць нельга. Але не трэба змешваць прафесійныя цымбалы і народныя, якія і цяпер яшчэ можна сустрэць у вёсках, у фальклорнай музыцы — для полек, гапакоў і таму падобнага. Тыя цымбалы нашмат прасцейшыя, больш аўтэнтычныя. А прафесійныя — гэта на тры з паловай актавы практычна іншы, новы інструмент.

Мне вельмі спадабалася, як цымбалы гучаць у стылі рок, і на маім другім альбоме з групай «Час speak» ім было адведзена ўжо пачэснае месца, некаторыя песні, як, напрыклад, «Малюй», цалкам пабудаваныя на партыі цымбалаў. І менавіта гэтая кампазіцыя потым выклікала самы вялікі водгук.

— У нас ігры на цымбалах вучаць ва ўніверсітэце культуры, у Акадэміі музыкі гэтак жа, як ігры на фартэпіяна, гітары ці скрыпцы.

— У нас найвыдатнейшая школа, не пабаюся сказаць — адна з лепшых у свеце! Мала дзе такое ёсць, каб цымбалам вучылі ў вышэйшых навучальных установах, — у нас, у Венгрыі, ва Украіне. У многіх краінах цымбалы існуюць практычна на аматарскім узроўні, веды перадаюцца ад майстра да вучня, шмат народнага музіцыравання, многа самавучак. Трэба адзначыць Венгрыю, дзе да цымбалаў вельмі сур’ёзнае стаўленне. Але ж венгерскія цымбалы зусім непадобныя да нашых. Гэта надта вялікі інструмент, на якім трэба іграць даўгімі палачкамі, венгерскія цымбалы могуць і акампаніраваць самі сабе. Мне здаецца, нашыя выйграюць у віртуознасці, у большай здольнасці быць сольным інструментам, а таксама ў яркасці і багацці тэмбравай палітры. Нашым цымбалам падуладны нават увесь скрыпічны рэпертуар — найбольш тэхнічны, з вялікім дыяпазонам. І джаз, і імправізацыі, і што заўгодна можна сыграць на беларускіх цымбалах.

— У вашых запісах твораў эпохі барока часам нават цяжка адрозніць гучанне цымбалаў ад клавесіна. У альбоме нямала твораў, што былі напісаныя для фартэпіяна.

— Па завядзёнцы педагогі не надта даюць вучням выконваць на цымбалах фартэпіянныя творы. А я раблю гэта даволі часта. Аднойчы ў Германіі я сыграла накцюрн Шапэна, дык столькі захопленых водгукаў пачула ад гледачоў: як, аказваецца, музыка Шапэна пасуе для цымбалаў, якія новыя фарбы раскрываюцца! А наконт клавесіна — гэта мая любімая тэма. Сапраўды, у той частцы альбома, дзе сабраная музыка барока, творы кампазітараў-клавесіністаў — Люлі, Купярэна, Дакена, — я старалася стылізаваць гучанне цымбалаў пад клавесін і выкарыстоўвала спецыяльныя прыёмы ігры. Бо што такое клавесін? Гэта ў пэўным сэнсе нашчадак цымбалаў. Калі мы зазірнём унутр клавесіна, убачым амаль што тыя ж цымбалы.

— Ці думаеце, што гэтая новая двайная інструментальная пласцінка будзе ацэнена беларускай публікай?

— Альбом не так даўно выйшаў, і я яшчэ не займалася яго прамоцыяй. Але ж у інтэрнэце можна знайсці, паслухаць. Хацелася б, каб ён не застаўся незаўважаны. Бо вельмі многія любяць слухаць лёгкую інструментальную музыку, многім падабаюцца папулярныя апрацоўкі класікі. І тут гэта ўсё ёсць. Але ж ёсць яшчэ і арыгінальнае, прыгожае гучанне нашых цымбалаў.

Надзея КУДРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.