Вы тут

Пакупнік выбірае... нагамі


Вольга АНУФРЫЕВА, рэдактар «МС»:

— Зусім нядаўна стала сведкай тыповай, відаць, сітуацыі: на ганку адной буйной крамы райспажыўтаварыства, у якую я завітала падчас наведвання сваёй малой радзімы, стаяла прадаўшчыца гэтай самай крамы і сумна праводзіла вачыма мінакоў — патэнцыйныя пакупнікі спяшаліся ў суседнюю зусім маленькую прыватную крамку... Трэба сказаць, відовішча мяне крыху здзівіла. Растлумачу чаму. Памятаю, як гадоў пяць таму з помпай адкрывалі першы магазін самаабслугоўвання ў пасёлку. Безумоўна, належаў ён (як і зараз) мясцоваму райспажыўтаварыству. Вітрыны зіхацелі ад навізны і радавалі пакупнікоў багаццем выбару. Да таго ж побач у гэтым жа будынку з'явілася і кулінарыя, дзе можна было па прывабных цэнах набыць смажаных бройлераў (і яшчэ трэба было пачакаць, каб атрымаць гэтую смакату — ахвотных паласавацца заўсёды хапала), вараныя бурачкі ды розную іншую гатаваную ежу. Словам, з зайздрасцю я глядзела на такі падыход у арганізацыі гандлю для вясковага насельніцтва і нават прыводзіла ў прыклад сваім калегам-журналістам з іншых абласцей — маўляў, вось могуць жа дагадзіць пакупнікам, калі жаданне ёсць...

Мінула няшмат часу, і ўспамін аб багацці выбару ў гэтай краме быў, вядома, свежы, таму ў чарговы свой прыезд накіравалася менавіта сюды. Сустрэўшы здзіўлены позірк прадаўшчыцы на ганку, што выйшла паўзірацца на людзей, нават крыху збянтэжылася — звычайная справа: пакупнік накіроўваецца ў краму па прадукты, што тут дзіўнага?! І толькі апынуўшыся ўнутры, зразумела ўсю складанасць сітуацыі і, па сутнасці, рэальнае становішча спажывецкай кааперацыі: паўпустыя паліцы, на якіх (замест ранейшай разнастайнасці і багацця выбару) невялікі набор прадуктаў з ліку тых, што не хутка псуюцца: мука, крупы, цукар, кансервы, прыправы... словам, спіс сацыяльна значных тавараў тут вытрымліваўся. Прыгадаўшы, што зайшла ж па смятану, накіравалася да адпаведнай паліцы, дзе ўбачыла адзін (!) 400-грамовы пакет патрэбнага мне малочнага прадукту 15-працэнтнай тлустасці, які каштаваў больш за два рублі. Дзеля справядлівасці адзначым, што на выбар былі яшчэ адзін ці два пластыкавыя кубачкі (да слова, не надта танныя) патрэбнага мне прадукту. Не паверыўшы вачам, вырашыла спраўдзіць, можа, вытворца з Новай Зеландыі ці яшчэ адкуль?! На жаль, як высветлілася, прадукцыя была выраблена ў мясцовым абласным цэнтры. Крыху паабураўшыся ў душы і сфатаграфаваўшы гэты цуд, так і выйшла без таго, па што прыйшла. Дарэчы, не здзівіўшы тым самым расслаблена-важную прадаўшчыцу, якая дзеля патэнцыйнага пакупніка павінна была як мінімум пакінуць свой ганак...

— Дзе ж тады купляюць прадукты мясцовыя жыхары? — задаюся пытаннем.

Аказалася — побач, у маленькай крамцы, што трымае нейкі прыватнік. На 15 «квадратах» тут знайшоўся ўвесь патрэбны асартымент, уключаючы «малочку». Адшукалася і мая смятанка 15 %-й тлустасці, расфасаваная ў пакеты па 400 грамаў, (праўда, вытворца са сталічнай вобласці)... амаль удвая таннейшая, чым у суседзяў-кааператараў — яе прапанавалі крыху больш чым за рубель. Здзіўленню не было межаў, бо той жа самы прадукт я купляю ў сеткавай краме ў Мінску працэнтаў на 30 даражэй...

«І якая ж выснова?» — спытае чытач. Ды ўсё проста: зразумела, што спажывецкая кааперацыя перажывае не самыя лепшыя часы свайго развіцця, але гэтае разуменне не ідзе ў лад з уласнай кішэняй і самім сабой у якасці спажыўца, які з двух абсалютна аднолькавых па якасці прадуктаў выбірае таннейшы. І не трэба ніякіх аргументаў аб свабодным цэнаўтварэнні і неабходнасці капейкай падтрымліваць галіну — пакупнік ідзе туды, дзе яму выгадней. Вось і атрымліваецца, што галасуе за свой выбар нагамі...

У якасці рэзюмэ дадам, што гэты асобны так званы прыватны выпадак можна сустрэць і ў іншых мясцінах краіны. Нездарма на нарадзе ў Прэзідэнта, што прайшла на мінулым тыдні, прагучала галоўная думка: наспеў час вызначацца, чым будзе займацца спажыўкааперацыя, бо ў лютым неабходна будзе прымаць рашэнне, якой ёй быць далей. Можа варта цяпер займацца той дзейнасцю, дзеля якой галіна і была першапачаткова створана? Праўда, трэба яшчэ адказаць на адно пытанне, якое агучыў старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў: а хто паедзе гандляваць у маленькія вёсачкі? Асабліва ахвотных сярод прыватнікаў няма...

А што датычыцца справы сезонных нарыхтовак і дапамогі вяскоўцам па закупе лішкаў ураджаю, то тут кааператары на добрым рахунку. Падрабязнасці падрыхтавалі нашы ўласныя карэспандэнты ў рэгіёнах: з іх матэрыялаў вы даведаецеся, ці можна зарабіць з яблычнага ападу, чаму бульба перастала карыстацца попытам у нарыхтоўшчыкаў і колькі тон кавуноў (!) яны закупілі ў насельніцтва? Што адпраўляюць за мяжу і пакідаюць у краіне? Аб гэтых і іншых цікавых фактах чытайце ў нашай сённяшняй тэме тыдня на старонках 13—15.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».