Вы тут

Пра кветкі, восень і адзін лёс


На пачатку кастрычніка, калі сонца яшчэ даволі высокае, але ўжо не грэе, калі над апусцелымі палеткамі пралятаюць апошнія чароды гусей, калі на чорных ускапаных агародах зелянеюць крамяныя галоўкі капусты, а ў садах трава, якая ўжо пачынае рудзець, засыпаная бурштынава-жоўтымі антонаўкамі, квітнеюць у самай прыглушана-яркай сваёй красе галоўныя кветкі восені — бабіна лета. Ідзеш па вясковай вуліцы — а яны глядзяць на цябе з кожнага агародчыка, хітаюць мноствам суквеццяў пад халаднаватым ветрам, вітаючы, дзякуючы, што прыехаў. Кветак гэтых у апошнія гады ў вёсцы шмат і самых розных (дзякуючы дачнікам-«селекцыянерам») — ад вялікіх калматых да дробненькіх, ад белых і блякла-бэзавых да густа-фіялетавых. Яны не патрабуюць асаблівага догляду, растуць і кусцяцца там, дзе іх калісьці ўткнулі ў зямлю клапатлівыя рукі гаспадыні. І гаспадыні той, бывае, ужо каторы год на свеце няма, і хата з забітымі вокнамі стаіць, а бабіна лета цвіце сабе, раскашуе кожную восень, пышным букетам з-за плоту на прыціхлую вуліцу выглядваючы. І так да самых маразоў, а калі здараецца ранні снегапад пры яшчэ амаль плюсавой тэмпературы, рознакаляровыя кусцікі крыху прыгінаюцца пад неспадзяваным цяжарам, але нічога, вытрымліваюць і, як толькі снег растае, зноў натапырваюць свае завостраныя пялёсткі і радуюць вока яркімі фарбамі...


І назву ім трапную далі — бабіна лета. Пра тое, што гэта ўсяго толькі (па-навуковаму) астра новабельгійская шматгадовая, нямногія, думаю, здагадваюцца. Праўда, рускамоўным іншаземцам, для якіх гэта расліна якраз што астрай і завецца, даводзіцца доўга тлумачыць, чаму лета — увосені, чаму яно — бабіна, і ўвогуле пры чым тут кветкі? Памятаю, Таццяна доўга смяялася, калі пра наша жаночае «лета» даведалася, і сказала, што ўсё гэта акурат пра яе, а кветкі гэтыя — якраз яе любімыя, толькі яна не ведала, што яны так называюцца.

З Таццянай мы пазнаёміліся не памятаю ўжо колькі гадоў назад таксама на пачатку кастрычніка ў Мінску, на «інтэрнацыянальным» вяселлі, на якое яна са сваім сябрам-немцам прыехала ў якасці госці з боку маладога. Мы тады хутка знайшлі з ёй агульную мову — Таццяна, якая нарадзілася ў Балгарыі, выдатна размаўляла па-руску. Удасканальваць веданне мовы яе натхнялі і рускае прозвішча — Свірыдава, і ўласна рускія карані — яе прадзед быў белым афіцэрам, што пасля грамадзянскай вайны атабарыўся ў Турцыі, пасля пераехаў у Балгарыю...

Мы пасля неаднойчы перасякаліся ўжо за межамі Беларусі. Дзіўна, нас нібы прыцягвала нейкая сіла: мы часта апыналіся ў адзін час у адным месцы, хаця ніякім чынам не дзяліліся планамі, хто дзе будзе. Я ўжо даволі шмат пра яе ведала. Пра тое, што пачыналася ў яе ўсё даволі ўдала: падчас змены сацыялістычнага ладу ў сябе на Радзіме ў канцы 80-х яна з'ехала вучыцца ў Германію. Што атрымала права навучацца бясплатна ва ўніверсітэце, скончыла яго з дыпломам мастацтвазнаўцы і нават пачала пісаць дысертацыю аб мастацтве позняга сацрэалізму. Што выйшла замуж за нябеднага хлопца, у прозвішчы якога была прыстаўка «фон»... А потым усё пайшло неяк коса. Працу па спецыяльнасці (ды яшчэ каб абавязкова цікавую!) наваспечаная знаўца мастацтва не знайшла. Пакуль шукала матэрыялы для дысертацыі (ездзіла ж па іх і на радзіму, і ў Расію — так і мінула гадоў пяць) — тэма стала зусім неактуальнай, і ёй вельмі празрыста намякнулі, што за навуковую працу нават не варта брацца. Муж, радня якога з самага пачатку вярнула нос ад такой нявесткі, завёў раман з іншай і падаў на развод...

Калі мы пазнаёміліся, яна мела за плячыма сорак гадоў жыцця, статус беспрацоўнай (дзяржава ёй плаціла дапамогу і здымала невялікую кватэрку на верхнім паверсе) і дзівакаватага кавалера-праграміста, з якім у гэтай самай кватэрцы і жыла. Пра сябе бадзёра казала: «Я ў пошуку. У мяне яшчэ лета, а наперадзе ж яшчэ бабіна лета, праўда?» Калі мы сустракаліся, яна заўсёды так жартавала.

Міналі леты і восені, а яе статус «у пошуку» так і не мяняўся. Мянялася само жыццё, і не ў лепшы бок. Статусу беспрацоўнай яе ўрэшце пазбавілі: яна адмаўлялася ад усёй прапанаванай работы, бо быць кансультантам у мастацкай галерэі ёй здавалася занадта дробязным для яе ўзроўню. Пачаліся праблемы са здароўем, а медыцынскую страхоўку дзяржава ёй ужо не аплачвала. Кавалер-камп'ютаршчык заявіў, што парывае адносіны, але з кватэры не з'едзе, а яна такому нахабству і не абурылася: жылплошчу ж трэба было аплачваць. Апошні раз мы бачыліся з ёй гады чатыры таму. Я прыехала да сяброў, і Таццяна была ўжо тут як тут, хоць тыя не казалі ёй, што я прыеду. Зрэшты, містыкі тут не было ніякай: яна ў той час толькі і хадзіла па знаёмых: там кавай пачастуюць, там абедам... Мы тады доўга размаўлялі, і яна, адпіваючы з келіха віно, зноў разважала пра недасканаласць свету, пра часовыя цяжкасці і пра тое, што ў яе ўсё яшчэ наперадзе.

А пасля яна проста знікла. Адключыла тэлефон, не пакінула нікому адраса — проста прапала. Версій куды — сярод знаёмых было безліч: хтосьці казаў, што падалася ў пошуках сэнсу жыцця на Тыбет, хтосьці чуў, што атрымала ў Сафіі кватэру ад бабулі ў спадчыну. Праз нейкі час ужо пра нашу дзіўную прыяцельку і не ўспаміналі, хіба што зрэдку — у кожнага сваё жыццё, свае клопаты...

А днямі сяброўка з Берліна звоніць: Таццяна аб'явілася. Была, аказваецца, і на Тыбеце, і ў Сафіі, у бабулінай кватэры. Але — вярнулася, бо — «у пошуку», а яшчэ і эзатэрыкай захапілася. Без працы, а цяпер і без жылля — былы, як толькі яна з'явілася, выставіў за парог усе яе рэчы, што заставаліся. Ходзіць па знаёмых, дзе перакусіць, дзе пераначуе... А самой ужо праз некалькі месяцаў пяцьдзясят будзе.

Учора я з ёй па тэлефоне размаўляла: яна якраз у сяброўкі вячэрала. На маё «Як справы?», як і дзесяць гадоў назад адказала: «Усё будзе добра, яшчэ ж бабіна лета наперадзе». Не ведаю, пра сезон казала ці пра сябе, але чамусьці перад вачыма адразу закалыхаліся прыгнутыя пад цяжарам ранняга снегу кусты кветак, якія не зважаючы ні на што спрабуюць красаваць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Бабіна лета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».