Вы тут

Дзеці Рагвалодавых унукаў. Адкуль паходзіць наша дзяржаўнасць?


На пытанне, якое пэўны час для некаторых заставалася спрэчным, нарэшце дадзены канчатковы адказ. Беларускім археолагам удалося даказаць, што беларуская дзяржаўнасць была запачаткаваная яшчэ ў ІХ—ХІІІ стагоддзях, яе вытокам стала Полацкае княства. Гісторыкі, грамадскія дзеячы сабраліся, каб абмеркаваць гэту тэму за круглым сталом, арганізаваным РГА «Белая Русь» у прэс-цэнтры БелТА. Надзвычай цікава было пачуць ад вядомых даследчыкаў абгрунтаваныя доказы з гэтай нагоды.


Фота: БЕЛТА

Мадэратарам сустрэчы выступіў старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, ён адзначыў:

— Гісторыя Беларусі ў савецкай агульнаадукацыйнай школе не выдзялялася як асобны прадмет, а разглядалася як састаўная частка вялікай дзяржавы. З гэтай прычыны ў свядомасці многіх беларускіх грамадзян гісторыя дзяржаўнасці бярэ пачатак пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Гісторыкі савецкага перыяду выкарыстоўвалі тэрмін «беларускі народ», не выдзяляючы формаў існавання гэтага народа. Усё, што зроблена ў справе вывучэння гістарычных формаў нашай дзяржаўнасці ў ІХ—ХІІІ, з'яўляецца здабыткам сучасных беларускіх гісторыкаў. Не дарэмна праца Вольгі Ляўко і Дзяніса Дука ў 2016 годзе была намінаваная на Дзяржаўную прэмію ў галіне навукі і тэхнікі. Разбурэнне савецкай сістэмы прывяло да таго, што пачыналі з'яўляцца даследаванні і нават цэлыя тэорыі, якія супярэчаць афіцыйнай трактоўцы савецкага часу. Некаторыя навукоўцы ставяць пад сумненне трыадзінства славянскіх народаў — рускага, украінскага і беларускага, — на якім у СССР будавалася гістарычная палітыка. Напрыклад, ёсць меркаванне, што рускія — гэта не славяне, а славянізаваныя фіна-угры, украінцы — генетычна цюркі, нашчадкі ці то булгар, ці то печанегаў, і толькі беларусы з'яўляюцца адзінымі славянамі сярод так званых усходнеславянскіх народаў.

Як вы разумееце, у кантэксце сучасных падзей гэтыя сцверджанні маюць надзвычай важнае стратэгічнае, геапалітычнае значэнне, могуць аказваць уплыў на знешнюю палітыку краін-суседзяў і нават правакаваць рэгіянальныя канфлікты. Натуральна, нас цікавіць меркаванне прафесіяналаў па гэтым пытанні, аргументы, якія могуць быць прыведзеныя на карысць той ці іншай пазіцыі. Гэты гістарычны перыяд змяшчае нямала фактаў, якія маглі б фарміраваць пазітыўную мадэль гістарычнай памяці, служыць нагодай для нацыянальнага гонару.

Тэму полацкай дзяржаўнасці працягнула загадчыца цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Вольга ЛЯЎКО:

— На тэрыторыі нашай краіны самымі раннімі з'яўляюцца дзве гістарычныя формы дзяржаўнасці. Першая — гэта раннедзяржаўнае ўтварэнне Полацкая зямля. А другая форма — гэта Кіеўская Русь, у склад якой уваходзіла частка сучасных беларускіх зямель. Кіеўскай Русі належыць два пераддзяржаўныя цэнтры — гэта Кіеў і Ноўгарад. А ў Полацкай зямлі адзіны цэнтр — гэта Полацк, вакол якога і развівалася ўся раннедзяржаўная структура.

Ёсць шматгадовыя даследаванні і супастаўленні пісьмовых крыніц па гэтай тэме з тымі матэрыяламі археалагічных даследаванняў, якія нам удалося сабраць і якія агулам збіраліся з 1928 года — з моманту пачатку даследаванняў у Полацку і іншых цэнтрах гэтай зямлі. Нам удалося падвесці пэўную рысу пад праведзенымі вывучэннямі. Ёсць два галоўныя моманты ў тэме. Гэта геаграфічнае размяшчэнне Полацка і магчымасці камунікатыўных сувязяў, якія праявіліся на працягу ўсяго першага тысячагоддзя. З аднаго боку, мы вывучалі зараджэнне і развіццё старажытных гарадоў на тэрыторыі Беларусі. А з іншага, даследавалі праблему эканамічнага развіцця, звязаную найперш з гандлёвымі шляхамі.

У VІІІ—Х стагоддзях, як паказваюць нашы археалагічныя даследаванні, ужо склаліся шляхі, што праходзілі праз тэрыторыю Беларусі, яны звязвалі Поўнач з Поўднем і Захад з Усходам па Дзвіне і па рэках, якія злучалі Дзвінскі басейн з Дняпроўскім. Каля гэтых рэк фарміраваліся цэнтры, якія дазвалялі аб'ядноўваць насельніцтва ў пэўныя тэрытарыяльна, эканамічна зацікаўленыя групы з тым, каб развіваўся менавіта той участак, дзе быў пэўны цэнтр, які з'яўляўся папярэднікам дзяржаўных утварэнняў.

Пра важнасць дакументальных сведчанняў расказаў загадчык аддзела гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Васіль ВАРОНІН:

— Я ўдзельнічаў у адным важным выдавецкім праекце, які прадугледжваў публікацыю самых даўніх полацкіх дакументаў, самых старажытных гістарычных крыніц. Дакументы, сабраныя ў зборніку, захоўваюцца ў самых розных краінах. Напрыклад, можна ўбачыць карту Вялікага Княства Літоўскага ХVІ стагоддзя: межы краіны былі стабільныя і на працягу стагоддзяў мяняліся не шмат, а былі сфарміраваныя ў ХІІ стагоддзі. Цікавым з'яўляецца і пасланне, якое датуецца 1309 годам (цяпер захоўваецца ў Рыжскім архіве). Гэта пасланне полацкага епіскапа Якава да рыжан. У той час у Полацку не было свайго князя, таму, відаць, духоўная асоба выконвала абавязкі і кіраўніка. У гэтай грамаце гаварылася пра розныя пытанні, у тым ліку змяшчалася просьба да рыжан прапусціць у Полацк жыта — відаць, у той час на гэтай зямлі здарыўся неўраджайны год. Яшчэ адзін цікавы дакумент датуецца ХV стагоддзем. Гэта дакумент полацкага архіепіскапа Сямёна, які прысвечаны зямельным справам і сведчыць пра землеўладанні полацкай епархіі і манастыроў (захоўваецца ў дзяржаўным архіве Ніжагародскай вобласці ў Расіі). Адметнымі з'яўляюцца і пячаткі горада Полацка і прыватых асоб, пачынаючы з ХІV стагоддзя і заканчваючы пачаткам ХVІ стагоддзя. Усе пячаткі былі прыгожыя, па-рознаму аформленыя і створаныя на розных мовах. Увогуле ж дакументы, што маюць дачыненне да Полацка, цяпер раскіданы ледзь не па ўсёй Усходняй Еўропе. Давялося добра іх пашукаць.

Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, доктар гістарычных навук, прафесар Дзяніс ДУК падзяліўся ўласнымі напрацоўкамі:

— Я некалькі дзесяцігоддзяў праводзіў раскопкі ў Полацку, а зараз гэта працягваюць рабіць мае вучні. Мы адкапалі сведчанні і пацвердзілі, што Полацк у ІХ стагоддзі быў! Здавалася б, гэта даволі просты археалагічны факт, але ён дарагога варты. Пераканаць скептычна настроеную грамадскасць, у тым ліку і нашых суседзяў, можна толькі паказаўшы ім артэфакты, гістарычны слой тых часоў. Сёння пра Смаленск, Ноўгарад такога сказаць нельга, як і пра многія гарады на Русі, а пра Полацк можна — і мы даказалі яго даўняе паходжанне. Больш за тое, мы паказалі, што тая культура, якую мы называем раннеславянскай, культура смаленска-полацкіх доўгіх курганоў датуецца нават раней, чым летапісная згадка Полацка, чым 862 год. Я нават паспрабаваў абгрунтаваць дату: 780-я гады — першая археалагічная згадка гэтых летапісных слаёў у Полацку. Усе ўбачылі — Полацк быў. Аднак які ён быў? Расійскія гісторыкі іранічна сцвярджаюць: «Заурядный городок, затаившийся в речных излучинах» (цытую даслоўна). Пазней, маўляў, прыйшоў скандынаў Рагвалод, які быў чагосьці варты. Аднак трэба звярнуцца зноў жа да археалагічных даных: невядома, з кім прыйшоў Рагвалод, няма археалагічных слядоў прысутнасці скандынаваў у Полацку. Гэта азначае, што істотнай прысутнасці скандынаваў у нас не было. Відавочна і тое, што не было такога, каб сюды прыйшлі славяне і быццам бы знішчылі мясцовае балцкае насельніцтва... Бо слядоў пэўнага катаклізму мы не знаходзім. Усё перацякае даволі плаўна, адна культура — у іншую. Ніякіх слядоў ваенных сутычак мы не знаходзім. Так, сапраўды адбыўся канфлікт з Уладзімірам, які забіў Рагвалода, ажаніўся з Рагнедай і вывез яе ў Кіеў, — у той час тут быў кіеўскі намеснік (мы знайшлі падвеску з трызубцам Уладзіміра, магчыма, яе і насіў намеснік). Аднак як можна растлумачыць тое, што ў гэтым «заурядном городке» без скандынаўскай прысутнасці ў ХІ стагоддзі адбываецца каласальнае, 20-разовае, павелічэнне плошчы тэрыторыі? Гэта быў акурат той час, калі адрадзілася мясцовая княжацкая дынастыя, якая пазіцыянавала сябе як «Рагвалодавы ўнукі, Ізяславічы». Мясцовая дынастыя ніяк не прэтэндавала на кіеўскі трон. Такім чынам, быў горад, мясцовая дынастыя, свая тэрыторыя. І полацкія князі займаліся тым, што сваім родам гэту тэрыторыю паляпшалі, з дапамогай розных рычагоў, у тым ліку гандлю і рамёстваў. У ХІ стагоддзі горад зрабіўся надзвычай багатым, тэрыторыя дасягнула 200 гектараў разам з прадмесцямі, у якіх жылі надзвычай таленавітыя рамеснікі (ювеліры). У той жа час стварылася ўнікальная школа дойлідства, маштаб яе будаўніцтва проста ўражвае. А для гэтага патрэбна была эканамічная падтрымка, пэўныя сувязі. Да таго ж яны будавалі, не азіраючыся ні на кога... Візантыйскі канон узялі за матрыцу, а далей стваралі цалкам адметныя формы!.. За палову стагоддзя было пабудавана больш цэркваў, чым пабудавана цяпер...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Дзеці Рагвалодавых унукаў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.