Вы тут

У кастрычніку ў краіне стартуе першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання


Пералік устаноў, дзе яно будзе праводзіцца па матэрыялах арганізатараў ЦТ, можна знайсці на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. У многія навучальныя ўстановы запісацца на рэпетыцыйнае тэсціраванне цяпер можна не выходзячы з дома: на іх сайтах адкрыта анлайн-рэгістрацыя. Кошт удзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні складае сем рублёў за адзін прадмет.


Апрацоўка бланкаў адказаў удзельнікаў рэпетыцыйнага тэсціравання і разлік балаў будуць ажыццяўляцца па тэхналогіі ЦТ. Інфармацыю пра свае вынікі абітурыенты змогуць атрымаць на сайце РІКВ па асабістым кодзе ўдзельніка.

На рэпетыцыйнае тэсціраванне могуць трапіць не толькі абітурыенты, але і дзесяцікласнікі, і бацькі школьнікаў, і настаўнікі, і рэпетытары. Яны прыйдуць ва ўніверсітэцкую аўдыторыю, каб на ўласным вопыце пераканацца, ці так проста згуляць ва «ўгадайку» і метадам выпадковага выбару адказаў набраць прыстойную суму балаў. Бо адна справа — разважаць у тэорыі, і зусім іншая — прайсці ўвесь тэст ад «А» да «Я» за строга лімітаваны час.

Удзельнікам рэпетыцыйнага тэсціравання трэба мець на ўвазе, што працэдура яго правядзення нічым не адрозніваецца ад цэнтралізаванага. Задача арганізатараў у аўдыторыях — прытрымлівацца ўсіх правілаў правядзення ЦТ, каб адразу настроіць абітурыентаў на сур'ёзны лад і змадэляваць рэальную псіхалагічную абстаноўку правядзення экзамену: прысутнасць мабільнікаў, дапаможнікаў і шпаргалак у экзаменацыйнай аўдыторыі катэгарычна не дапускаецца. Арганізатарам дазваляецца кансультаваць удзельнікаў рэпетыцыі толькі па тэхналогіі работы над тэстам і па парадку запаўнення бланка, але ніякіх кансультацый па змесце тэстаў.

Бланачнае рэпетыцыйнае тэсціраванне таксама можна прайсці і непасрэдна ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў: тут яно праводзіцца кожны дзень, трэба толькі загадзя зарэгістравацца на яго на сайце інстытута анлайн.

Да пачатку ўступнай кампаніі абітурыенты змогуць праверыць свае веды некалькі разоў. Першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання будзе доўжыцца да канца гэтага года. Другі этап пройдзе ў студзені — лютым. Трэці — у сакавіку — красавіку. Кожны раз варыянты, вынесеныя на «рэпетыцыю», будуць змяняцца.

Яшчэ адна магчымасць адпрацаваць тэхналогію экзамену — здаць дыстанцыйнае тэсціраванне на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Гэта можна зрабіць не выходзячы з дому. Дыстанцыйнае тэсціраванне праводзіцца бясплатна і на яго цягам года выносіцца толькі адзін варыянт тэстаў. Затое бясплатна прайсці дыстанцыйнае тэсціраванне дазваляецца па ўсіх 15 дысцыплінах ЦТ. І трэніравацца на ім можна будзе столькі разоў, колькі абітурыенту патрэбна.

Для набліжэння да рэальных умоў здачы ЦТ на сайце РІКВ падчас выканання тэста можна кіравацца часам, які адводзіцца на пэўны прадмет. Тыя, хто захоча проста адпрацаваць тэхналогію экзамену, змогуць не абмяжоўваць сябе часавымі рамкамі. Акрамя гэтага, электронны бланк адказу можна будзе раздрукаваць, запоўніць, а пасля занесці ўсе пазіцыі з папяровага носьбіту ў электронную версію.

Вынікі тэстаў абітурыенты атрымаюць адразу пасля іх выканання, не пакідаючы сайта РІКВ. У дадатак яны атрымаюць матэрыялы тэматычнага кансультавання, якія ўключаюць само заданне, яго рашэнне і (або) каментарый да яго, правільны адказ і спасылку на падручнік ці вучэбны дапаможнік з указаннем параграфа, у якім выкладзены гэты вучэбны матэрыял. Для набыцця навыкаў запаўнення бланка і недапушчэння тэхнічных памылак пры афармленні адказаў на ЦТ у раздзеле «Дыстанцыйнае рэпетыцыйнае тэсціраванне» прыведзены ўзоры бланка адказаў і відэаролік з падрабязнай інструкцыяй па яго запаўненні.

Пакуль што ў раздзеле «Дыстанцыйнае тэсціраванне» прадстаўлены варыянт, які здавалі абітурыенты бягучага года. Дарэчы, у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў нам паведамілі, што з моманту запуску на сайце бясплатнага дыстанцыйнага тэсціравання ў ім паўдзельнічалі ўжо больш як 95 тысяч чалавек.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея Нікановіча

Загаловак у газеце: «Рэпетыцыя» экзамену: платная і бясплатная

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.