Вы тут

Belarus IGF 2018: якім будзе Байнэт заўтра


Нацыянальны Форум па кіраванні інтэрнэтам Belarus IGF 2018 прайшоў у Мінску 3 кастрычніка. IGF — адзіная ў краіне буйная пляцоўка для дыялогу паміж дзяржавай, бізнесам, інтэрнэт-карыстальнікамі і грамадзянскай супольнасцю. Сёлета форум сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў — больш за 500 IT-спецыялістаў, праваабаронцаў, праваахоўнікаў, прадпрымальнікаў, актывістаў, юрыстаў, студэнтаў.


“Нацыянальны форум — гэта ўдалы прыклад таго, як можна і трэба аб'ядноўваць намаганні ўсіх бакоў, зацікаўленых у развіцці інтэрнэту: як для абмену думкамі, напрацоўкамі, вопытам, так і для выпрацоўкі канкрэтных рашэнняў і рабочых ініцыятыў, — сказаў у прывітальным слове на адкрыцці форуму Дзмітрый Шэдко, першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі. — Трэці год запар форум падымае вострыя грамадска значныя пытанні, на якія ўдзельнікі з ліку галіновых экспертаў і радавых інтэрнэт-карыстальнікаў разам знаходзяць адказы”.

Сёлета на форуме прайшлі 10 тэматычных сесій і пленарных дыскусій. У прыватнасці, упершыню ў парадак дня была ўключана тэма “Грамадзянская актыўнасць і інтэрнэт: ад суседскага чата да краўдфандынгавай платформы”.

Паводле слоў першага намесніка міністра, форум ужо паспеў даказаць сваю значнасць і важнасць: ён стаў той адкрытай пляцоўкай, дзе кожны жадаючы атрымлівае ўнікальную магчымасць выказацца і быць пачутым. Тут вядуць дыялог, каб не проста зразумець адзін аднаго, а знайсці рашэнні на карысць усёй інтэрнэт-супольнасці.

“І ўсё ж з упэўненасцю магу сказаць, што людзі важней за тэхналогіi. У гэтай зале сабралася каля 500 удзельнікаў: бізнесмены, грамадзянскія актывісты, даследчыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Усе тыя, каму не ўсё роўна, якім будзе Байнэт заўтра”, — рэзюмаваў Дзмітрый Шэдко.

Нязменным арганізатарам форуму з'яўляецца кампанія hoster.by. Як адзначыў яе генеральны дырэктар Сяргей Павалішаў, форум унікальны для Беларусі: “IGF стаў менавіта той пляцоўкай, дзе абсалютна ўсе бакі: дзяржава, бізнес, грамадзянская супольнасць, акадэмічная супольнасць атрымліваюць магчымасць цалкам на роўных удзельнічаць у дыскусіях на самыя надзённыя тэмы”. Ён падкрэсліў, што з кожным новым форумам усё больш у дыялог уключаецца дзяржава. Сёлета ў форуме прымалі ўдзел: Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Нацыянальны статыстычны камітэт, Міністэрства ўнутраных спраў, Следчы камітэт і шэраг іншых дзяржаўных органаў і арганізацый. Асабліва Сяргей Павалішаў падзякаваў Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства і нагадаў, што асноўнай рухаючай сілай першага нацыянальнага IGF быў менавіта ААЦ.

Гендырэктар hoster.by нагадаў, што тры гады таму першы нацыянальны форум IGF ўспрымалі як своеасаблівы эксперымент. “Мы рады, што тут сёння — прадстаўнікі дзясяткаў прафесій усіх узростаў: ад кібердэтэктываў да блогераў, ад студэнтаў да пенсіянераў. Цікавасць сапраўды ёсць, — падкрэсліў Сяргей Павалішаў. — Дзякуй кожнаму, хто ўносіў прапановы і рэкамендаваў тэмы, дапамагаў і крытыкаваў. Хто дзейнічае, а не чакае, пакуль нехта іншы вырашыць будучыню інтэрнэту за яго, каб затым абрынуцца з крытыкай. Большая частка праграмы сённяшняга форуму складаецца з падобных ініцыятыў. А значыць, беларускае грамадства гатовае да IGF”.

Аляксандра Кулікова, кіраўнік па рабоце з краінамі Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі ICANN нагадала, што ў Беларусі тры гады таму пачалася рэгістрацыя ў дамене БЕЛ, а сёння ён ужо другі па папулярнасці пасля дамена РФ. Для нелацінскага дамена 15 тысяч сайтаў — выдатны паказчык. Сяргей Павалішаў таксама адзначыў, што ў Беларусі нядрэнна развіваецца інтэрнэт на нацыянальнай мове.

Ульяна Зініна, кіраўнік па сувязях з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі Facebook падкрэсліла, што “Беларусь стала плацдармам для развіцця IT-сектра ў нашым рэгіёне”. Каля 40 беларускіх кампаній сталі глабальнымі лідэрамі ў сваёй галіне.

Намеснік кіраўніка аддзела знешніх камунікацый Каардынацыйнага цэнтра даменаў .RU / .РФ Міхаіл Анісімаў нагадаў, што ў Расіі неўзабаве адбудзецца 10-ы нацыянальны IGF, але “нам ёсць што пераняць у беларусаў”.

Даведка:

Фармат форумаў па кіраванні інтэрнэтам (Internet Governance Forum) з'явіўся ў 2006 годзе па ініцыятыве ААН. Асноўныя прынцыпы IGF — адкрытасць і прадстаўленасць ўсіх зацікаўленых бакоў для абмеркавання пытанняў, звязаных са стабільным, устойлівым і бяспечным развіццём інтэрнэт-галіны.

Ужо 12 гадоў IGF праводзяцца ва ўсім свеце на нацыянальным, рэгіянальным і глабальным узроўнях.

Belarus IGF з'яўляецца адным з найбуйнейшых форумаў у рэгіёне. Яго праца накіравана на даступнасць, бяспеку і адкрытасць інтэрнэту, фарміраванне галоснасці і ўліку ўсіх меркаванняў пры прыняцці рашэнняў і распрацоўцы законапраектаў. IGF заслужыў рэпутацыю пляцоўкі, якая дае пачатак рэальным дзеянням.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.