Вы тут

Як беларусы ставіліся да сексу?


Чым насамрэч займаецца Купалінка ў самую легкадумную летнюю ноч? Што каваль куе ўначы, не паліўшы свячы? І чаму кума адмаўляецца ад агурка, які прапануе ёй кум, і пры гэтым просіць «не псаваць яе жываточка»? Не толькі ў двухсэнсоўных прыпеўках, але ў розных формах фальклору беларусы маглі гаварыць пра інтымныя адносіны.


Толькі ўсё тут схавана за вобразамі, сімваламі, пра якія, аднак, нашы продкі добра ведалі. Дзяўчаты разумелі, якія прапановы робіць хлопец, калі просіць напаіць каня або разуць, абуць маладзіцу, і пры дапамозе якіх дзеясловаў расказваецца пра ўзаемадзенне пары (калоць, каваць, шыць, ірваць), які мужчынскі орган параўноўваецца з таўкачом (шылам), а жаночы — са ступаю (хамутом, дзяжой). Ці не сведчанне гэта таго, што нашы продкі былі неабыякавыя да тэмы сексу?

І хоць даўней грамадства і спрабавала рэгуляваць інтымныя адносіны (чаго вартыя праверкі нявест у першую шлюбную ноч), стрымаць палкі тэмперамент не заўсёды ўдавалася. Невыпадкова ў беларусаў былі выпрацаваны пакаранні для дзяўчат, якія да вяселля не захавалі цнатлівасць.

Далікатная тэма не раз трапляла і ў поле зроку даследчыкаў.

  • «Каб дзеўка любіла хлопца ці хлопец — дзеўку, то трэба даць, сцёршы ў пыл, з'есці ці выпіць той бярозавы лісток з веніка, што прыстане ў лазні к азадку пасля таго, як ужэ чалавек абдасца вадою. Як гэта зрабіць, то так пакахае, так прыстане, бы той ліст».
  • «Каб у дзевачкі-падшпарка хутчэй выраслі грудкі, з-за якіх любяць і за якія нібыта ненарокам хапаюцца, то іх трэба націраць хлапецкаю шапкаю. Дзевачкі-падшпаркі, каб хутчэй раслі грудкі, прыкладваюць к ім сляпых шчанят».
  • «Калі ў дзевачкі-падшпарка вельмі хутка растуць грудкі, то жанкі кажуць, што з яе не будзе добрае жонкі, што яна будзе вельмі падкая да мужчын, а затым хутка састарыцца, як грыб».

Гэтыя запісы зрабіў этнограф Аляксандр Сержпутоўскі. Але інфармацыю, якая датычыцца ўзаемаадносін паміж поламі, можна знайсці і ў іншых даследчыкаў.

  • «Ранняе развіццё ў дзяўчынкі адных толькі грудзей гаворыць пра дзве акалічнасці: а) што маці зачала такую дачку па-за шлюбам; б) што такая дачка не захавае дзявоцтва да шлюбу». Гэта ўжо запісаў Нікіфароўскі.
  • «Нявеста лічыцца спелаю, калі яе каса дарасла да пояса. Калі грудзі, вушы ці нос у нявесты мяккія — яна страціла цнатлівасць», — знаходзім у Раманава.

Калі пакапацца ў запісах этнографаў, мы можам знайсці падказкі, як вызначыць палкіх асоб (напрыклад, улюблівымі і гарачымі маглі быць людзі з крывымі зубамі). Жанчыны ведалі, што рабіць, каб падабацца супрацьлегламу полу. У модзе былі пышныя формы, і таму дзяўчатам раілі: каб такія займець, трэба тройчы скубнуць цеста з лапаты, калі садзяць хлеб у печ.

Часта самі бацькі клапаціліся пра будучы поспех свайго дзіцяці на эратычнай ніве. Не проста так нованароджаных дзяўчынак загортвалі ў мужчынскую кашулю, хлопчыкаў — у жаночую. І абразанне пупавіны роўна на два пальцы звязвалі з будучымі інтымнымі паводзінамі дзіцяці.

Дзяўчаты ведалі, што рабіць, каб хутчэй выйсці замуж (напрыклад, сесці на месца нявесты), і чаго пазбягаць, каб не застацца адной (не садзіцца на калоду, не кідаць смецце цераз парог).

Ведалі на вёсках і спосабы, як паўздзейнічаць на супрацьлеглы пол. Адны раілі насіць галаву ястраба (гэтая птушка — сімвал палкасці і адвагі) на жываце, — маўляў, «тады ўсе будуць любіць». Другія падказвалі дзяўчыне тры разы на маладзік ударыць абранага хлопца сарванай галінкай, на якой сядзеў салавей. Трэція раілі сабраць сем кропляў поту і цішком даць іх выпіць хлопцу, які падабаецца, — маўляў, пасля гэтага так кахаць будзе, што і жыцця свайго не пашкадуе.

Ды і народны каляндар быў складзены так, каб у маладых людзей не было праблем з пошукам сваіх палавінак: яны маглі сыходзіцца падчас розных святаў, гульняў, рытуалаў, якіх было багата. Але не трэба думаць, што нашы продкі былі заклапочаны толькі працягам роду. Інтымныя зносіны ў першую шлюбную ноч «забяспечвалі» дабрабыт і працвітанне гаспадаркі. Чалавечыя паводзіны выдатна пераносіліся на сельскагаспадарчыя справы. Так, спараджальныя функцыі зямлі звязвалі з жаночым пачаткам, таму гаспадыні так многа завіхаліся на агародзе, прычым часта пры пасадцы яны маглі распранацца, распускаць валасы. Тое ж і з мужчынамі: гаспадара запрашалі на грады з агуркамі, лічылася, добра будзе, калі ён паскача там голым, маўляў, агуркі будуць расці вялікія.

Гарачымі былі не толькі сялянкі. На старых карцінах можна ўбачыць сур'ёзных дам, замураваных у строгія, закрытыя ўборы. Але што рабілася насамрэч, калі жанчыны не пазіравалі мастаку? Глыбокія дэкальтэ, палкія позіркі і інтрыжкі — гэтым жыў высокі свет у часы Вялікага Княства Літоўскага. Захаваліся і дакументы, якія сведчаць пра гэта.

Гісторыі з ложка

Пра тое, што секс на Беларусі быў у любыя часы, можна пачытаць і ў новым даследаванні «У ложку з беларусам» Анастасіі Зелянковай. І ў часы інтэрнэту, калі любая інфармацыя даступна, тэма сексу застаецца цікавая. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што грошы на выданне кніжкі пра эратычныя традыцыі беларусаў былі сабраныя на краўдфандынгавай пляцоўцы. Але, тым не менш, ніякай «клубнічкі» ў гэтай кніжцы няма. У ёй вы пачытаеце пра традыцыі, быт, норавы, звязаныя з узаемаадносінамі мужчын і жанчын. У кніжцы 196 прамых спасылак на крыніцы, каля ста зносак, якія распавядаюць пра пэўныя гістарычныя факты. Ды і, як прызнаецца сама аўтарка, яна хацела ў тым ліку звярнуць увагу і на гісторыю краіны. Прыспеў час разбіваць стэрэатыпы пра наш народ — быццам ён увесь час сумуе, ходзіць за плугам, спявае пра долю-нядолю. Не такі ўжо ён быў няшчасны і забіты! Нашы продкі былі агонь і ў сексе мелі поспехі не горшыя за іншых.

— У 2008 годзе я пазнаёмілася з кніжкай беларускай даследчыцы Таццяны Валодзінай «Беларускі эратычны фальклор». Уразіла, што вучоныя сцвярджалі: беларускі фальклор у параўнанні з украінскім ці рускім найбольш эратычны, — дзялілася аўтарка падчас прэзентацыі кнігі. — Нават калі не мець на ўвазе ўсё тое, што прыбралі цэнзары з тэкстаў. У самых звычайных песнях, многія з якіх сёння спяваюць нашы народныя калектывы, гаворыцца «пра гэта». Тая ж песня, дзе Ясь просіць напаіць каня, як прыклад. Я так уразілася, як продкі ўсё сумелі схаваць, што мне захацелася даведацца больш. Сустрэлася з даследчыкам шляхецкай культуры, пасля ўзялася за іншыя перыяды. І назбіралася багата розных фактаў. Напрыклад, на тэрыторыі дарэвалюцыйнай Беларусі публічныя дамы былі легалізаваныя. У пачатку ХХ стагоддзя ў жанчын была магчымасць замовіць сабе секс-цацку з Еўропы, нават урачы прапісвалі эратычны масаж для лячэння жаночай «сцярвознасці». У цэнтры Мінска круцілі біяскоп, на якім мільгалі парнаграфічныя карцінкі, і каштавала гэта 20 капеек. І калі я раней думала, што гэта ў «ліхія» 90-я была свабода, аказваецца, усё было адкрыта яшчэ раней.

— Каго з беларусак можна было б назваць секс-бомбай?

— У кожныя часы былі свае гераіні. Тут можна згадаць Барбару Радзівіл. Калі Сігізмунд хацеў узяць з ёй шлюб, яму прадставілі спіс усіх яе палюбоўнікаў: ад конюха да манаха. Магчыма, тут пастаралася і маці Сігізмунда Бона Сфорца — можа, каго і прыпісалі лішняга. Але, як мы ведаем, закаханага нішто не спыніла. Ды і ў самога Сігізмунда было досыць палюбоўніц — маці трымала яму гарэмы, забяспечвала дзяўчынамі.

— А Казановы на Беларусі былі?

— Канешне. Відаць, можна назваць Аўгуста Станіслава Панятоўскага: у яго была бясконцая колькасць жанчын, пад сто пазашлюбных дзяцей. Ён быў палюбоўнікам нават расійскай імператрыцы Кацярыны. Стэфан Баторый любіў не толькі Гродна, але і гараднічанак. Той жа Касцюшка не толькі ваяваў — ён і кахаць умеў, і карыстаўся попытам у жанчын. І быў вельмі прыгожым мужчынам.

— У народзе ведалі, як пакараць «нячыстую» дзяўчыну, пазашлюбных дзяцей называлі «крапіўнікамі», а як да гэтай справы ставілася шляхта?

— Пазашлюбныя адносіны асуджаліся. Нават у законах было прапісана, што пралюбадзейства караецца. Быў уведзены тэрмін «бенкарт» — пазашлюбнае дзіця. Але ўсё роўна існавала столькі парушэнняў!.. У перыяд ВКЛ польскія гісторыкі апісвалі, што адбываецца на нашых землях: казалі, тут няма ніводнай шляхцянкі, у якой не было б палюбоўніка і пры гэтым ён з'яўляецца сябрам сям'і. Ліцвінкі лічыліся самымі легкадумнымі жанчынамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Інтым прапаноўваць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».