Вы тут

Святаслаў Драніцкі: Калі думаю пра медалі, ахілы рвуцца


Што перашкаджае нашым гімнастам перамагаць? Чэмпіён Еўропы расказвае пра старыя залы і сур'ёзныя траўмы

Пасля гучных перамог Віталя Шчэрбы і Івана Іванкова беларуская спартыўная гімнастыка адышла ў цень. Сярод сусветных лідараў — японцаў, кітайцаў, амерыканцаў, расіян — мы вельмі рэдка чуем беларускія прозвішчы, але ўсё ж такое здараецца. На цяперашнім чэмпіянаце Еўропы ў Глазга нарэшце прагучаў і беларускі гімн, малады спартсмен Святаслаў Драніцкі стаў пераможцам у апорным скачку. Дарэчы, апошні раз нашы юніёры перамагалі на чэмпіянаце кантынента ажно ў 2002 годзе, тады «золата» заваяваў Аляксей Ігнатовіч.

Пасля чэмпіянату Еўропы Святаслаў павінен быў пачаць падрыхтоўку да чэмпіянату свету, але праз два тыдні пасля перамогі яго напаткала няўдача: на спаборніцтвах у Грузіі Драніцкі атрымаў сур'ёзную траўму і з-за гэтага не здолеў змагацца за пападанне на мундзіяль, які пройдзе ў гэтым месяцы. Мы сустрэліся са спартсменам, каб абмеркаваць цяперашнюю сітуацыю ў спартыўнай гімнастыцы, успомнілі Віталя Шчэрбу і трэнера Івана Іванкова.


Фота Ганны Занкавіч

— Святаслаў, вы прыйшлі ў гімнастыку, калі эра вядомых беларусаў ужо скончылася, значных вынікаў нашы спартсмены не дасягалі.

— Там быў невялікі перапынак, нашы хлопцы сталі чэмпіёнамі свету ў камандзе ў 2001 годзе, а я пачаў займацца спартыўнай гімнастыкай у 2005-м. Не магу сказаць, што нешта канкрэтнае прыцягнула мяне ў гэтым відзе спорту. Прывялі бацькі, у мяне атрымлівалася, мне падабалася, было жаданне хадзіць на трэніроўкі, таму і застаўся.

— Адсутнасць вынікаў у нашых спартсменаў зараз спісваюць на дрэнныя ўмовы. Якія залы і трэнеры былі ў вашым дзяцінстве?

— Мяне прывялі ў гімнастыку ў пяць гадоў, у залу «Кольцы славы» каля стадыёна «Трактар». У гэтай самай зале я трэніруюся і сёння, праз трынаццаць гадоў. Наогул, памяшканню, па-мойму, ужо 45 гадоў. Вядома, умовы далёкія ад ідэальных, можна сказаць старажытныя, напрыклад няма дывана. Але ў нас жа ёсць база ў Стайках, мы ездзім туды на зборы, там умовы добрыя. У «Кольцах славы» нічога новага вучыць не спрабуем, гэта небяспечна. Каб пазбегнуць траўмаў у асноўным навучанне ідзе ў Стайках, на «Трактары» толькі адпрацоўваем элементы, даводзім да аўтаматызму ўжо вывучанае.

Што датычыцца трэнераў, не магу сказаць, што яны ў нас у Беларусі дрэнныя ці не кваліфікаваныя. Усе настаўнікі, з якімі я працаваў, вельмі падабаліся. Першым трэнерам была жанчына, яна выкладала харэаграфію, набірала дзяцей з садка і ўзяла мяне да сябе. У першы ж год я пачаў выйграваць спаборніцтвы, можа быць, дарэчы, з-за гэтага і захацеў застацца ў спорце. Перайшоў у групу, вышэйшую па ўзроўні, потым трэніраваўся ў настаўніка Івана Іванкова Юрыя Сцяпанавіча Коваля. Дарэчы, яму ўжо хутка будзе 80, але ён і цяпер трэніруе. З вялікай павагай да яго ставіўся, вельмі дасведчаны трэнер, рады, што займаўся ў яго. Менавіта Юрый Сцяпанавіч і заклаў у мяне асноўную базу, асновы гімнастыкі. Ён любіць пагаварыць, таму часта расказваў і пра Івана, прыводзіў нам, тады яшчэ дзецям, яго ў прыклад.

— Кажуць, найлепшыя трэнерскія кадры з'ехалі за мяжу...

— Не магу так сказаць. Хто з'ехаў, той з'ехаў, не хачу даваць ацэнку, асуджаць. Гэта выбар кожнага.

— Колькі дзяцей тады было ў вашай групе?

— Шмат, колькі дакладна, не памятаю, але толькі два чалавекі перайшлі ў наступную групу, і яны ж засталіся ў вялікім спорце, гэта я і Рома Антропаў.

— Што вы памятаеце з дзяцінства? Што тады казалі пра таго ж Шчэрбу ці Іванкова?

— Казалі, што яны зрабілі нешта добрае, але я гэтага не разумеў — кажуць і кажуць. Потым, калі пачаў разумець, што яны заваёўвалі медалі Алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў свету, стаў думаць пра гэта. Але тады для мяне прыкладам былі ўсё ж такі не яны, а старэйшыя хлопцы, якія трэніраваліся ў нас у зале, заўсёды глядзеў за імі і проста хацеў дагнаць.

— Наколькі сёння беларуская гімнастыка вядомая ў свеце?

— Думаю, яна наогул не вядомая. Зразумела, аматары спорту ва ўсім свеце памятаюць Шчэрбу, але не больш за тое. На юніёрскім узроўні мы выступаем добра, таму нас ведаюць. Калі браць дарослую каманду, яна шмат «падае», пакуль у нас няма стабільнасці. Зараз хлопцы набралі вялікую складанасць, таму цяжка. Калі з'явіцца стабільнасць, у камандных спаборніцтвах мы спакойна можам наблізіцца да п'едэстала. У асабістых выступленнях таксама ёсць нядрэнныя хлопцы: Павел Булаўскі, які выйграваў этапы Кубка свету, Андрэй Ліхавіцкі.

— Вы займаецеся ў зале, дзе трэніруюцца і дзіцячыя групы, цяпер у гімнастыцы шмат дзяцей?

— Не, большасць бацькоў выбіраюць спартыўную гімнастыку толькі як базавы від спорту, таму што гэта вельмі добра для развіцця. Гэта значыць, яны прыводзяць дзяцей, а потым забіраюць, каб аддаць у футбол, хакей і гэтак далей. Ёсць, вядома, бацькі, якія хочуць вадзіць на заняткі і далей, але дзіця не хоча.
Можа, дзецям не падабаецца, таму што гэта цяжкі від спорту. Многіх палохаюць траўмы. Хоць кажуць, што гімнастыка — адзін з самых бяспечных відаў спорту, а, напрыклад, футбол па статыстыцы нашмат небяспечнейшы.

— Ці згодны з гэтым?

— Канешне, не!

— А вас траўмы не палохалі?

— Было такое, што я наогул баяўся нешта рабіць у зале, вучыць элементы. А потым трэнеры проста прымушалі, дапамагалі і страх праходзіў. Цяпер вось парваў ахіл, у гэтым годзе ламаў яшчэ палец, спіцы ўстаўлялі. Пераломы гэта звычайная справа.

— Што здарылася з ахілам?

— Праз два тыдні пасля чэмпіянату Еўропы паехалі на спаборніцтвы ў Грузію, здаваў там камбінацыю, і ён чагосьці адарваўся. Цяпер трэба будзе два месяцы хадзіць у гіпсе, потым аднаўляцца. Калі доўга адпачываеш, цяжка пачаць штосьці рабіць, трэнерам даводзіцца падштурхоўваць, а потым як-небудзь прыйдзеш у залу і пачынае атрымлівацца, думаеш: «О, яшчэ зраблю!» Потым яшчэ, і так успамінаеш, усё вяртаецца. Знаходзячыся ў гіпсе, усё роўна хаджу ў залу, мацую тыя мышцы, якія магу, каб захаваць форму і па магчымасці адразу прыступіць да трэніровак.

— «Золата» чэмпіянату Еўропы для вас было нечаканым?

— Я заўсёды разлічваю на тое, што траплю ў фіналы, а там ужо як пойдзе. Думкі пра ўзнагароды, вядома, заўсёды ёсць, але ніколі іх не планую, таму што, калі пачынаю думаць пра медалі, вось ахілы рвуцца ці яшчэ што-небудзь здараецца. Апошнія гады два проста імкнуся трапіць у фінал, каб зрабіць там сваё, паказаць усё, на што здольны.

— Любімыя практыкаванні ў вас ёсць?

— Не, а вось нелюбімыя ёсць — гэта конь-махі. З дзяцінства яны ў мяне не атрымліваюцца.

— У сусветных лідарах у спартыўнай гімнастыцы сёння японцы, кітайцы, амерыканцы, расіяне. У чым іх сакрэт?

— Цяжка сказаць. Ну, нават калі параўноўваць Беларусь і Расію. Краіна суседзяў нашмат большая; людзей, якія займаюцца гімнастыкай, адпаведна, таксама больш, ёсць канкурэнцыя і выбар. У нас жа паміж пакаленнямі чамусьці атрымліваюцца вялікія разрывы. Добрыя хлопцы 1994 года нараджэння, потым ідзе перапынак у шэсць гадоў, і чагосьці дасягаюць толькі мае аднагодкі, гэта спартсмены 1999—2000 гадоў нараджэння, пасля нас зноў такі ж разрыў будзе, хоць набіраюць дзяцей кожны год.

Да тэмы

25 кастрычніка ў Досе стартуе чэмпіянат свету па спартыўнай гімнастыцы. Задача мінімум для беларускіх спартсменаў — увайсці ў лік 24 найлепшых камандаў, гэта дазволіць працягнуць барацьбу за алімпійскія пуцёўкі ў Токіа. Нашу каманду ў Досе прадставяць Васіль Міхаліцын, Ягор Шарамкоў, Андрэй Ліхавіцкі, Дзяніс Санувонг і Раман Антропаў. Апошняй праверкай сіл перад турнірам стаў французскі этап Кубка свету, у якім двое беларусаў дабраліся да фіналу, але так і не змаглі заваяваць там медалі. У жаночых спаборніцтвах Беларусь на чэмпіянаце свету прадставяць Марыя Ластоўская, Ганна Траўкова і Аляксандра Нецяжэнка.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.