Вы тут

Гісторыя чэмпіёнкі Аксаны Петрушэнкі, якая з дзяцінства нічога не чуе


Па выніках цяперашняга чэмпіянату Еўропы па плаванні сярод інвалідаў па слыху беларуская зборная заняла чацвёртае агульнакаманднае месца. У скарбонцы нашых спартсменаў дзевяць медалёў: два залатыя, два сярэбраныя і пяць бронзавых. Беларусаў апярэдзілі толькі каманды Расіі, Украіны і Польшчы. Два «золаты» нашай дружыны на рахунку гамяльчанкі Аксаны Петрушэнкі, яна стала пераможцай на дыстанцыях 100 і 200 метраў брасам, устанавіўшы пры гэтым рэкорды Еўропы. Пра тое, што такое жыць у ціхім свеце, заваёўваць узнагароды і адначасова ствараць сям'ю, Аксана расказала ў сваёй гісторыі.


Сёння 34-гадовая жанчына ў прафесійным спорце ўжо больш за два дзясяткі гадоў, плаваннем яна пачала займацца ў чацвёртым класе. «Я вучылася ў школе для дзяцей з парушэннямі слыху, — расказвае Аксана. — Неяк да нас прыйшоў трэнер, каб набіраць дзяцей у секцыю плавання, так для мяне і пачаўся шлях у вялікі спорт». У спартыўнай секцыі Аксана займалася з абсалютна здаровымі дзецьмі, не адчуваючы пры гэтым дыскамфорту. Спартсменка адзначае, што на пачатковым этапе і не думала аб прафесійным спорце і медалях. Усведамленне таго, што яна можа дасягнуць вышынь, прыйшло толькі ў той час, калі дзяўчына стала паказваць добрыя часавыя вынікі ў басейне і займаць першыя прызавыя месцы на міжнародных спаборніцтвах. «Усе мае перамогі, медалі і рэкорды перш за ўсё азначаюць, што трэніроўкі і манатонная праца ў басейне не прайшлі дарма, — дзеліцца Аксана. — Калі казаць аб самых значных перамогах, то для мяне гэта вікторыя на Дэфлімпійскіх гульнях».

Плыўчыха адзначае ў поспехах не толькі сваю вялікую заслугу, але і трэнера. «З Сяргеем Львовічам Кузікавым мы працуем ужо даўно, і ён навучыўся разумець мяне, а я яго. Настаўнік за доўгі час нядрэнна асвоіў мову жэстаў», — адзначае спартсменка. Дарэчы, менавіта мова жэстаў і з'яўляецца галоўным спосабам атрымання інфармацыі для Аксаны. Праблемы са слыхам у дзяўчыны прыроджаныя, яе бацькі таксама не чуюць. Плаванне стала для Аксаны Петрушэнкі асноўнай працай і адным з галоўных сродкаў самарэалізацыі ў жыцці. «Людзям з падобнымі праблемамі спорт вельмі дапамагае, — адзначае дзяўчына. — У Беларусі інваспорт развіты досыць нядрэнна. Калі параўноўваць нас з іншымі краінамі, то атрымліваецца, што ў Беларусі інвалідаў у спорце фінансава падтрымлівае дзяржава, падобная сітуацыя ў Расіі і на Украіне, а на Захадзе, напрыклад, спартсмены з абмежаванымі магчымасцямі трэніруюцца і выступаюць толькі за коштспонсараў».

Што да іншых сфер жыцця, Аксана адзначае, што не адчувае дыскамфорту і не лічыць сябе чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі. «Хутчэй, я чалавек з асаблівасцю, — адзначае дзяўчына. — Часцей даводзіцца сутыкацца не з дыскамфортам у звычайным жыцці, а, як бы дзіўна гэта ні гучала, з людзьмі, якія не ўспрымаюць тое, што я не чую. У Беларусі штосьці робіцца ў плане навучання і працаўладкавання інвалідаў, але ўсё роўна абмежаванні пакуль ёсць. Напрыклад, не ўсюды можна вучыцца і працаваць, на Захадзе з гэтым на парадак лепш, але зрухі да лепшага ёсць і ў нас».

Чым будзе займацца пасля завяршэння прафесійнай кар'еры плыўчыхі, Аксана пакуль не вырашыла, пакажа час. Але, нягледзячы на вялікую занятасць у спорце, дзяўчына ўжо мае мужа і дзіця. «Прафесійны спорт і сям'ю можна сумяшчаць, галоўнае мець жаданне. Мой муж таксама працуе ў спартыўнай сферы, можа быць, таму ў нас не ўзнікае праблем і непаразумення. Калі я знаходжуся ў ад'ездзе, з выхаваннем дзіцяці дапамагае бабуля», — расказвае Аксана.

Наступным важным стартам для Аксаны Петрушэнкі і нашай зборнай па плаванні сярод інвалідаў па слыху стане чэмпіянат свету 2019 года ў Сан-Паўлу, а пакуль яны будуць прымаць удзел у прамежкавых стартах. У лістападзе адбудзецца міжнародны турнір у Польшчы, у снежні — Кубак Беларусі, а ў красавіку наступнага года — чэмпіянат краіны па плаванні.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Перамагаць у цішыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».