Вы тут

Чаму «штарміць» Ірак?


На мінулым тыдні ў Іраку забілі каралеву прыгажосці. Пераможцу конкурсу «Міс Багдад» 22-гадовую Тару Фарэс з трыма агнястрэльнымі раненнямі знайшлі ў яе прыпаркаваным спорткары. Жанчыну давезлі да бальніцы, аднак выратаваць яе не ўдалося. Тара Фарэс вяла старонку ў «Інстаграме», дзе за яе жыццём сачылі 2,7 мільёна падпісчыкаў.

Некаторыя з іх крытыкавалі прыгажуню за занадта «заходнія» здымкі, якія яна выстаўляла. Яе прыхільнікі ўпэўненыя: жанчыну застрэлілі радыкальна настроеныя мусульмане, а прычынай забойства сталі яе адкрытае адзенне і раскаванасць у зносінах. Іndependent адзначае, што Тара Фарэс пайшла з жыцця праз некалькі дзён пасля гібелі праваабаронцы Суад Аль-Алі, якую таксама застрэлілі ва ўласным аўто ў Басры. А ў ліпені мінулага года ахвярай радыкалаў стаў Карар Нушы. Студэнт Інстытута мастацтваў, іракскі акцёр і мадэль памёр ад нажавых раненняў. Паведамлялася таксама, што на яго целе былі знойдзены сляды катаванняў.

Вядома, гэта далёка не поўны пералік крывавай хвалі гвалту, якая захліснула старажытную краіну. Калі дадаць працяглую палітычную нестабільнасць, то сітуацыя насамрэч падаецца ледзь не патавай. Што ж адбываецца ў Іраку?


Калыска цывілізацыі

Гэтыя мясціны — калыска сусветнай цывілізацыі. Урадлівая вобласць Месапатаміі ў даліне Тыгра і Еўфрата стала адным з першых месцаў яе зараджэння. Нават сціслае пералічэнне гістарычных фактаў выглядае як захапляльны трылер. Спачатку тут з'явіліся шумерскія гарады-дзяржавы (Ур, Урук (назва якога ўласна і трансфармавалася пазней у Ірак), Вавілон), затым сюды мігравалі семіцкія плямёны, правадыр аднаго з якіх стварае легендарную акадскую імперыю. Паступова цэнтрам старажытнай Месапатаміі стаў Вавілон. У І тысячагоддзі да н. э. на гэтай тэрыторыі ўзнікла Асірыя з цэнтрам у Ніневіі. Пануючай мовай у той час з'яўлялася арамейская.

Пасля гібелі Асірыі гегемонія перайшла да халдзеяў. Персідскі цар Кір ІІ Вялікі заваёўвае Вавілон і ўключае Месапатамію ў склад сваёй дзяржавы, якую пасля пакарыў падчас грандыёзнага заваявальнага паходу Аляксандр Македонскі. Пасля ўлада над гэтымі землямі пераходзіць эліністычнай дзяржаве Селеўкідаў. У ІІ стагоддзі да н. э. Месапатамія была захоплена парфянамі, а затым войскамі Траяна, у выніку чаго з'явілася рымская правінцыя Месапатамія. У ІІІ стагоддзі рымлян адсюль выціскаюць сасаніды.

Арабы пачынаюць пранікаць на тэрыторыю Ірака яшчэ ў перыяд позняй антычнасці. У 636 годзе халіф Умар канчаткова заваёўвае Месапатамію, прынёсшы сюды іслам. Першымі арабскімі цэнтрамі сталі гарады Эль-Куфа і Басра. Пры халіфе Алі краіна ператвараецца ў арэну грамадзянскай вайны, гэта час з'яўлення тут шыітаў, якія цяпер складаюць рэлігійную большасць Ірака. У 762 годзе халіф Ал-Мансур будуе Багдад і робіць яго сталіцай Арабскага халіфата. Найбольшага росквіту гэтая дзяржава дасягнула пры Харуне ар-Рашыдзе, чый вобраз быў адлюстраваны ў кнізе «Тысяча і адна ноч». Падзенне халіфата прыходзіць разам з уварваннем манголаў у 1258 годзе, калі Багдад быў разбураны, а халіф забіты.

Пасля мангольскага нашэсця Ірак уваходзіць у дзяржаву Хулагуідаў, паступова ўзмацняецца цюркскі элемент. У 1534 годзе тэрыторыя Месапатаміі была заваяваная туркамі-асманамі і знаходзілася ў складзе Асманскай імперыі. У 1914-м брытанскія войскі ўварваліся на поўдзень Ірака. Да 1918-га яны ўзялі пад кантроль амаль усю краіну. Незалежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі абвешчана ў 1932 годзе.

У 1958-м была ўтворана адзіная Арабская Федэрацыя з Каралеўствам Іарданія. 14 ліпеня таго ж года ў выніку змовы афіцэраў і рэвалюцыі былі забітыя кароль, рэгент і прэм'ер-міністр краіны, манархія знішчана, Ірак абвешчаны рэспублікай. Камандзір брыгады генерал Абдэль Керым Касем стаў кіраўніком новага рэжыму. Арабская Федэрацыя распадаецца. У 1979 годзе прэзідэнтам Ірака становіцца Садам Хусейн аль-Маджыд ат-Тыкрыці. Пад яго кіраўніцтвам была праведзена маштабная мадэрнізацыя краіны. У выніку гэтых пераўтварэнняў ужо ў пачатку 1980-х Ірак стаў адной з найбольш развітых дзяржаў арабскага свету.

Пасля Садама

Сілы міжнароднай кааліцыі (асноўныя ўдзельнікі — ЗША і Вялікабрытанія) у сакавіку 2003 года без мандата Савета Бяспекі ААН уварваліся ў Ірак. Аперацыя «Іракская свабода» пачалася на падставе пошуку зброі масавага паражэння (ЗМП) і прывяла да звяржэння рэжыму Садама Хусейна і Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння («Баас»). Пазней інспектары ААН і амерыканскія вайскоўцы прыйшлі да высновы, што на момант пачатку ваеннай аперацыі Багдад не меў праграмы стварэння ЗМП, а Хусейн — сувязяў з «Аль-Каідай», у чым яго абвінавачвалі ў ЗША. Адметна, што гэтыя дзеянні днямі рашуча асудзіў Дональд Трамп. «Дзень, калі мы накіраваліся на Блізкі Усход, стаў самым дрэнным для нашай дзяржавы», — адзначыў цяперашні гаспадар Белага дома. Дарэчы, паводле асобных падлікаў, Штаты выдаткавалі на Блізкі Усход сем трыльёнаў долараў.

Між тым, як адзначаюць эксперты, у 2000-я Ірак уступіў у перыяд грамадзянскіх войнаў. Сітуацыя ўскладнялася тым, што на тэрыторыі краіны атабарыліся баевікі «Ісламскай дзяржавы». Фарміраванні ІД акупавалі частку іракскай тэрыторыі летам 2014-га. У чэрвені таго ж года яны захапілі другі па велічыні горад краіны Масул (адміністрацыйны цэнтр правінцыі Найнава) і абвясцілі яго сталіцай «халіфата». У 2015-м пры падтрымцы міжнароднай кааліцыі іракскія ўрадавыя сілы пачалі шырокамаштабную кампанію па вызваленні захопленых тэрарыстамі раёнаў. Летась у снежні прэм'ер-міністр Ірака Хейдар аль-Абадзі абвясціў аб канчатковай перамозе над ІД у краіне.

Як заўважаюць эксперты, нягледзячы на абяцанні амерыканцаў выкараніць тэрарызм і пабудаваць «свабодную нацыю», сёння гэтая блізкаўсходняя дзяржава па-ранейшаму пакутуе ад экстрэмізму і гвалту, эканамічнага адставання і слабасці дзяржаўных інстытутаў. Ваеннае ўварванне, грамадзянская вайна і тэрарызм прывялі да гібелі сотняў тысяч грамадзян. Па некаторых падліках, толькі ваенныя дзеянні c 2003-га па 2011 год забралі жыцці амаль паўмільёна іракцаў. З-за канфлікту мільёны людзей пакінулі сваё жыллё, папоўніўшы ў тым ліку шэрагі бежанцаў, якія рухаюцца на захад.

Нафтавы «рэбус»

Ірак — трэці ў свеце экспарцёр нафты, які саступае толькі Саудаўскай Аравіі і Расіі. Краіна здабывае 4,3 мільёна бараляў у дзень, з якіх прыкладна 4 мільёны ідуць на экспарт. Пры цяперашніх расцэнках на «чорнае золата» краіна павінна штодня атрымліваць 340 мільёнаў долараў. Амерыканцы спадзяваліся, што за кошт нафтавай выручкі Ірак зможа хутка аднавіцца пасля вайны і ператварыцца ў багатую дзяржаву накшталт Кувейта або Саудаўскай Аравіі. Але гэтага не адбылося з-за палітычных і сацыяльных узрушэнняў.

Паводле ацэнкі ААН, 99 працэнтаў дзяржаўных даходаў Ірака генеруецца нафтавым сектарам. Дзякуючы яму фінансуецца работа ўрадавых органаў, абаронны сектар, інфраструктурныя праекты. У гэтым сектары заняты ўсяго адзін працэнт насельніцтва краіны. Як заўважаюць эксперты, з-за карупцыі нафтавыя даходы размяркоўваюцца вельмі вузкай праслойкай іракскага насельніцтва.

Новая канстытуцыя 2005 года абвясціла Ірак дэмакратычнай федэратыўнай парламенцкай рэспублікай, зацвердзіла ўвядзенне аўтаномнага кіравання на поўначы і поўдні краіны, а таксама пераразмеркавала ўладу. На пасаду прэм'ер-міністра абіраецца прадстаўнік шыітаў, на пасаду прэзідэнта краіны — курдаў, на пасаду спікера парламента — сунітаў. Але нягледзячы на рэформы і спробы дэмакратызацыі, дзяржаўны апарат па гэты дзень застаецца паралізаваным з-за карупцыі (Ірак займае 169-е са 180 месцаў у рэйтынгу Transparency Іnternatіonal) і бюракратыі (з часоў Садама Хусейна колькасць дзяржслужачых вырасла з 1 мільёна да 7 мільёнаў чалавек).

Новая глава?

Ірак адкрыў новую главу ў сваёй гісторыі і пачаў перыяд аднаўлення пасля вызвалення ад тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Ірака Ібрагім аль-Джаафар, выступаючы нядаўна на 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. «Наша краіна паступова адыходзіць ад вайны з тэрарызмам і рыхтуецца да новага этапу — этапу аднаўлення і рэканструкцыі, вяртання пакінутых бежанцаў у іх домы, умацавання дзяржаўных інстытутаў, — сказаў ён. — Ваенная перамога над тэрорам не азначае яго канчатковага знішчэння, мы імкнёмся ліквідаваць прычыны яго ўзнікнення».

Сёлета ў лютым у Кувейце прайшла міжнародная канферэнцыя па аднаўленні Ірака. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі сусветнага бізнесу, гуманітарных арганізацый, ААН, Сусветнага банка і дзясяткаў дзяржаў. У прыватнасці, Еўрапейскі саюз абвясціў аб выдзялеленні 400 мільёнаў долараў у якасці гуманітарнай дапамогі. Сусветны банк вырашыў выдаткаваць 4,7 мільярда долараў, Кувейт — 2 мільярды, Турцыя — 5 мільярдаў, Саудаўская Аравія — 1,5 мільярда долараў. Усяго ўдзельнікі канферэнцыі абавязаліся ўкласці ў рэабілітацыю эканомікі пасляваеннага Ірака ўнушальную суму — каля 30 мільярдаў долараў.

Кажучы аб аднаўленні пацярпелых ад ІД раёнаў, аль-Джаафар падчас выступлення на сесіі Генасамблеі ААН зноў заклікаў іх «выканаць дадзеныя абяцанні і абавязацельствы». «Наш урад працуе над пераадоленнем эканамічнага крызісу з дапамогай наладжвання эканамічнага партнёрства, стварэння спрыяльнага інвестыцыйнага клімату для забеспячэння стабільнага росту і развіцця эканомікі Ірака», — дадаў дыпламат.

Днямі прэзідэнт Ірака Бархім Салех (быў абраны ў аўторак новым складам парламента пад кіраўніцтвам спікера Мухамеда аль-Хальбусі, былога губернатара правінцыі Анбар) вылучыў Адэля Абдэля Махдзі (колішняга міністра нафты) кандыдатам у прэм'еры і даручыў яму сфарміраваць новы ўрад рэспублікі. Махдзі атрымаў падтрымку найбуйнейшых палітычных аб'яднанняў, якія прайшлі ў парламент. У іх ліку альянс «Саірун» шыіцкага багаслова Муктады ас-Садра, які перамог сёлета на майскіх выбарах, а таксама «Фатх» камандзіра шыіцкага апалчэння Хадзі аль-Аміры. У адпаведнасці з канстытуцыяй, у Махдзі ёсць 30 дзён, каб вылучыць кандыдатуры міністраў і прадставіць іх у парламент на зацвярджэнне. Здаецца, у палітычным жыцці шматпакутнага Ірака з'яўляюцца прыкметы стабілізацыі. Вядома, новаму кабінету трэба адбудоўваць краіну пасля трохгадовай вайны з джыхадзістамі і лавіраваць паміж галоўнымі саюзнікамі: Іранам і ЗША, якія ў адносінах паміж сабой з'яўляюцца геапалітычнымі праціўнікамі. «Калі іракцы загінуць, яны зноў падымуцца», — казаў некалі Садам Хусейн. Вельмі хацелася б, каб атрымалася менавіта так.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: У Багдадзе неспакойна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.