15 Кастрычнік, панядзелак

Вы тут

Хутка тэатральная сфера вызначыць свае наймацнейшыя бакі


Мы пачалі шлях да вызначэння лаўрэатаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі, якія будуць абвешчаны 21 снежня. Музычныя, лялечныя, эксперыментальныя спектаклі і не толькі будуць прадстаўлены ў адмысловых секцыях і ў шэрагу намінацый змогуць стаць найлепшымі. З 2 кастрычніка на мінскіх пляцоўках паказваюцца найцікавейшыя, па версіі адборачнай камісіі, пастаноўкі, створаныя ў беларускіх тэатрах за апошні год. З гэтых намінантаў некалькі складаў журы павінны будуць вызначыць пераможцаў. За спаборніцтвам, адпаведна, могуць сачыць і гледачы: расклад паказаў можна знайсці на сайце Купалаўскага тэатра, які з'яўляецца выканаўчай дырэкцыяй конкурсу.


Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» толькі-толькі завяршыў паказ праграмы «Bеlаrus ореn», якая прадстаўляе свой пункт гледжання на тое, што ў беларускіх тэатрах варта ўвагі, а мы ўжо маем магчымасць пазнаёміцца з новай падборкай, дзякуючы свайму фармату нават шырэйшай. Пяты Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» арганізуецца Міністэрствам культуры і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, гэта значыць нейкім чынам транслюе цікавасць дзяржавы да тэатра і яго падтрымку. Прыемна, што дыплом і статуэтка лаўрэатам прадугледжваюць і грашовы прыз.

Конкурс павінен вызначыць пераможцаў у секцыях музычных тэатраў, тэатра лялек, тэатраў драмы, кожная з якіх уключае ў сябе некалькі намінацый, эксперыментальных спектакляў, а таксама знайсці найлепшы спектакль на твор сучаснага беларускага аўтара і найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва.

Упершыню, напрыклад, Нацыянальная тэатральная прэмія выдзяляе эксперыментальныя спектаклі ў асобную секцыю. «Тое, што сёння з'яўляецца эксперыментам і смелым прарывам, заўтра можа стаць класікай», — каментуе першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Пакуль незразумела, па якіх крытэрыях секцыя ўвабрала ў сябе свае спектаклі, але ўвайшло сюды чатыры работы — «Бетон» і «Сёстры Граі» Яўгена Карняга, «ДэкаДанс/Арыгамі» Вольгі Скварцовай, «Оеdірus» Юры Дзівакова.

Сярод намінаваных на прэмію ёсць і тыя спектаклі, што належаць прыватным тэатрам. Зразумела, са сваімі праектамі — а ўсяго на ўдзел у першым адборачным туры было пададзена 87 заявак, з якіх адабрана 48 пастановак, — выступаюць Вялікі тэатр оперы і балета, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, Магілёўскі абласны драматычны тэатр ці Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек. Але таксама і тэатр Генадзя Гладкова «Тэрыторыя мюзікла» (на конкурсе ён прадстаўлены спектаклямі «Недалёка ад нормы» і «Жарсці па Цілю»), Цэнтр выканальніцкіх і візуальных мастацтваў «Арт Карпарэйшн» з іх праектам «Опіум» Аляксандра Марчанкі, тэатральны праект «ТрыТфармаТ» з пастаноўкай «Шлюбны дагавор».

Яшчэ адной навінкай стала намінацыя «Найлепшы спектакль тэатра драмы малой формы». Апроч яе, у секцыі тэатраў драмы пастаноўкі змогуць прэтэндаваць на званне «Найлепшага спектакля тэатра драмы», свае перамогі атрымаюць найлепшыя рэжысёр, сцэнограф, выканальнікі мужчынскай і жаночай роляў. Гэтая секцыя ўвогуле адна з самых «густанаселеных», бо ўвабрала ў сябе 22 пастаноўкі, сярод якіх як «Рэвізор», скажам так, мэтра Мікалая Пінігіна, так і «Чалавек з Падольска» маладога рэжысёра Дзмітрыя Багаслаўскага.

У секцыі музычных тэатраў за ўзнагароды будуць змагацца тры тэатры і дзевяць пастановак. Чатыры ад Вялікага — «Багема», «Тоска», «Ор і Ора», «Каханне і смерць». Тры ад акадэмічнага музычнага — «Трыстан і Ізольда», «Вясёлая ўдава», «Вішнёвы сад». І дзве ўжо названыя ад «Тэрыторыі мюзікла».

Лялечны тэатр — адзін з самых цікавых у беларускім тэатральным асяроддзі ўвогуле — пакажа сем прэтэндэнтаў на званне «найлепшага спектакля тэатра лялек», а таксама зможа вызначыць зноў жа найлепшага рэжысёра, сцэнографа, выканальнікаў мужчынскай і жаночай роляў. Крыху дзіўна, што сярод намінантаў няма работ Аляксея Ляляўскага, але Беларускі дзяржаўны тэатр лялек тут ёсць: у выглядзе «Каляднай гісторыі» Ігара Казакова і «Пансіёна Bеlvеdеrе» італьянскага рэжысёра Матэа Сп'яцы. Ёсць і пастаноўкі ўжо вядомых імёнаў — Яўгена Карняга, Аляксандра Янушкевіча, Юры Дзівакова.

Асобна будзе ўзнагароджаны «Найлепшы спектакль па творы сучаснага беларускага аўтара», і на гэты прыз намінаваныя «Час сэканд-хэнд» паводле Святланы Алексіевіч, «Радзіва Прудок» паводле нядаўняга бестселера Андруся Горвата і «Дарожка мая» Аляксандра Козака — усяго шэсць спектакляў.

Усе намінаваныя на Нацыянальную тэатральную прэмію пастаноўкі маюць быць паказаны да 21 снежня, а на адмысловай урачыстай цырымоніі атрымаць — ці не атрымаць — свае ўзнагароды. Конкурс сапраўды інтрыгуе: часам нават сам адбор падаецца дзіўным, таму з уласнай згодай і нязгодай спаборніцтва спектакляў набывае даволі гарачы характар.

Білеты можна набыць у касах тэатраў, а таксама на сайце kuраlаuskі.bу.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

У «высокім» арт-асяродку таксама ёсць месца жарсцям і інтрыгам. 

Грамадства

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Папяровыя кветкі, маляўнічыя паштоўкі, песні, танцы і мора праніклівых, ласкавых слоў.

Грамадства

«Найлепшае выхаванне — уласны прыклад»

«Найлепшае выхаванне — уласны прыклад»

Вясковая матушка — пра гаджэты, адзнакі, якія закранаюць самалюбства бацькоў, і сакрэт трывалых адносін.