Вы тут

Пра што маўчала крытык Арлова


Гэта ўзаемна: у беларускага тэатра ёсць крытык Таццяна Арлова, у жыцці крытыка Арловай ёсць беларускі тэатр. Апошняе — справа, у якую ўмяшаўся лёс. Таму што яна, прыехаўшы з Масквы ў Мінск паступаць на журфак, не проста тут засталася, а здолела ўвайсці ў беларускі тэатральны мікракосмас і ўплываць на яго праз сваё меркаванне. Разбірала на атамы, выводзіла заканамернасці і прапаноўвала формулы, каб з аднаго рэчыва сінтэзаваць новае ці некалькі новых. І здолела дасягнуць таго, што падаецца неверагодным для любога крытыка наогул: яе любіць тэатр. Як адзначыў галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргей Кавальчык, заўсёды хацелася сачыць, пра што напісала крытык Арлова і пра што яна прамаўчала.


Яе любяць у тэатры, і не толькі ў Купалаўскім, дзе адбылася сустрэча-размова з прафесарам Таццянай Арловай пра жыццё і мастацтва. Яна сабрала залу! Не будучы пазнавальнай праз тэлебачанне актрысай, рэжысёрам ці імпрэсарыа (прадзюсарам) з сусветным імем. Але гэта як паглядзець. Таму што ў той час, калі Таццяна Арлова пачынала пісаць пра тэатр, крытык павінен быў быць па ведах і мысленні на ўзроўні рэжысёра, яго праца фактычна была роўнай па задачах з працай тэатральнага імпрэсарыа. А наконт актрысы... Будучы дачкой вядомага артыста і тэатральнага выкладчыка Дзмітрыя Арлова, так ці інакш была паглыблена ў таямніцы гэтай прафесіі.

І дакладна — заўсёды ўмела сябе трымаць належным чынам перад вялікай аўдыторыяй (не дадуць схлусіць былыя студэнты журфака, што прайшлі журналісцкую школу Арловай), і заўсёды было цікава: што ж пра тую ці іншую прафесійную з'яву скажа Арлова? Як яна гэта скажа?

Дагэтуль цікавяцца. На сустрэчы ў тэатры імя Янкі Купалы зала камернай сцэны была паўнюткая. Людзі тэатра (рэжысёры, акцёры, крытыкі), журналісты (па культуры, грамадстве ці спорце). І абавязкова — студэнты. Яе студэнты — не былыя, а заўсёдныя. Прыйшлі на чарговую лекцыю Арловай. Якую яна правяла на адным дыханні. На гэты раз расказвала пра жыццё, уласнае.

Тэатр

— Мне прыемна, што гэта адбываецца ў тэатры імя Янкі Купалы. Гэта дарагое для мяне месца, яшчэ з пасляваеннага часу, калі мы, дзеці акцёраў, гулялі ў вайну і будавалі штабы, — гаворыць Таццяна Арлова. — Мой штаб быў пабудаваны на пажарнай лесвіцы гэтага будынка. Цяпер там шкляны пад'ёмнік. Каб замаскіравацца і лепш схавацца, мы збіралі розныя рэчы, афішы спектакляў. Вось у такім антуражы мы гулялі...

Мая першая кніжачка «Ты і я» была не толькі пра тэатр, а яшчэ і пра кіно. Першую свядомую кніжку «Купалаўцы» я напісала, калі была маладая, пра тых акцёраў, якіх ведала і любіла. Цяпер у мяне гатовая больш істотная работа, якая мае папярэднюю назву «Друзей моих прекрасные черты».

Адным з купалаўцаў быў мой муж, Яўген Шабан. У гэтым тэатры ён працаваў загадчыкам літаратурнай часткі, тут ішлі яго п'есы.

Для мяне тэатр — гэта душа, думкі, учынкі чалавека. Ён у цэнтры. Пра яго гаворка.

Журналістыка

— Гэта не толькі тэхналогіі, як часам нам здаецца. Увогуле, гэта таксама чалавек у яго думках, пачуццях і ўчынках.

Калі я расказвала пра тэатр і вучыла студэнтаў пісаць рэцэнзіі, я была абсалютна ўпэўнена, што той, хто ўмее напісаць рэцэнзію, здолее стварыць любы журналісцкі матэрыял.

Доктарскую дысертацыю я абараніла, увёўшы ў навуковы зварот тэрмін «тэатральная журналістыка». Даказала, што такая была, ёсць і будзе. Тэатразнаўцы і сур'ёзныя крытыкі скептычна ставяцца да гэтай з'явы. Тэатральную журналістыку ствараюць усе журналісты, якія пішуць пра тэатр. І яна таксама будзе існаваць вельмі доўга. Як тэатр, як асобы ў ім. Як людзі, пра якіх расказваюць на мовах розных мастацтваў.

Ёй хочацца гаварыць пра тое, што яна ведае. І, магчыма, да тых кніг, што належаць аўтарству прафесара Таццяны Арловай, дададуцца новыя, ужо створаныя, што чакаюць выхаду ў свет і яшчэ не напісаныя. Але тут затрымкі не будзе — такая ў яе прафесія.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM?