Вы тут

На вялікім экране паказалі фільм, цалкам складзены з дарожных здарэнняў


Кіно — адна з самых цудоўных маніпуляцый. Яшчэ цудоўней назіраць, якія формы гэтая маніпуляцыя часам набывае. У час, калі ў кінасферы не проста з'яўляюцца, а ў свае правы ўступаюць ненаратыўныя эксперыменты, фільмы, знятыя на схаваную ці вэб-камеру, кампіляцыі фотаздымкаў і іншае, на вялікім экране ў Мінску паказалі дакументальную карціну «Дарога» Дзмітрыя Калашнікава. Фільм цалкам складзены з запісаў відэарэгістратараў, дзе работа рэжысёра, здаецца, заключаецца ў выбарцы і мантажы. Так, нехта зрабіў калекцыю відэа, склаў гэта ў нейкую адпаведную задуме чарговасць, і выдаў за кіно. І паказаў, што гэта можа быць вартым кінатэатра, а не толькі канала на YоuTubе.


Праект беларускага прадзюсара Волі Чайкоўскай і расійскага рэжысёра пакатаўся па цэлым шэрагу кінафестываляў, ад расійскага «Артдокфэсту» да нідэрландскай «ІDFА», з'ездзіў у Фінляндыю, Канаду, Польшчу, Эстонію, ЗША са слоганам «Усё, што заўгодна, можа здарыцца на расійскіх дарогах». Са слоганам і кур'ёзным кірункам, у якім паказваецца насамрэч не толькі расійская, але, скажам, рускамоўная прастора, праект, здаецца, добра «зайшоў» замежнай публіцы, бо ўпісаўся ў тамтэйшую дэманізацыю Расіі, якая часам значна дапамагае кінааўтарам прыцягваць да сябе ўвагу. Скажам так, Андрэй Звягінцаў добры не толькі сваім тонкім, атмасферным і шчырым кіно, але і тым, што трапляе ў кан'юнктуру.

З дарогі і гурта «Троіца» тут усё пачынаецца, дарогай і канчаецца. Увесь фільм складаецца з эпізодаў розных часоў, гарадоў і значэнняў, і ад кожнага ты ў выніку пачынаеш чакаць нейкага здарэння, непрадбачанага для тых, хто знаходзіцца ў аўтамабілі, і вельмі жаданага для цябе. Аварыі, жывёлы, Чалябінскі метэарыт і іншыя пагодныя катаклізмы, раз'юшаныя людзі і бойкі паказваюцца пад акампанемент каментарыяў і не даюць спыніцца. Як толькі пачынаецца новы эпізод, ты ведаеш, што кіроўца знаходзіцца ў пэўнай небяспецы і горача жадаеш дазнацца, у чым яна заключаецца на гэты раз.

У гэтым сэнсе «Дарога» — вельмі маніпулятыўны фільм. Мы ўсё яшчэ знаходзімся ў сферы кіно, якому ўласціва выклікаць суперажыванне, хваляванне, спачуванне, але падчас прагляду на першы план выступаюць іншыя пачуцці. Мы сапраўды чакаем новых здарэнняў і казусаў, незалежна ад таго, нясе гэта ў рэальным жыцці небяспеку, калецтвы і смерці, гэта значыць замяняем чалавечыя пачуцці на прагу новых узрушэнняў. Натуральна, перавароты машын, стрэлы, палаючы лес задавольваюць глядацкую цікавасць і праз гэта не адпускаюць ад экрана: перастаць глядзець, што яшчэ можа здарыцца на дарогах, немагчыма. Пэўным індыкатарам тут выступаюць больш дынамічныя ўстаўкі, у якіх кароткія вытрымкі з запісаў відэарэгістратараў змантаваны пад драйвовую ці нейкую яшчэ музыку.

Калі бачыш аварыі пад песню «Аўкцыёна», нешта ўсё ж падаецца ненармальным — ці гэта іронія над гледачом, які «з'ядае» жудаснае відовішча пад дынамічныя біты, ці шчырае жаданне паказаць дарожныя здарэнні як цалкам натуральныя інцыдэнты, бо на гэтай прасторы, маўляў, інакш быць не можа. Фокус у тым, што і глядач перастае ўспрымаць аварыі як аварыі, а глядзіць на гэта як на нейкі партрэт вось такой кур'ёзнай рэальнасці. Маўляў, паміраюць людзі — што зробіш, гэта расійскія дарогі.

Што цікава, дакументальны фільм, дзе аўтар нават не прыклаў руку да здымак і распараджаўся толькі правам выбару і мантажом, часам выглядае вельмі кінематаграфічна. Што толькі пацвярджае інтэграцыю законаў кіно ў рэальнае жыццё ці наадварот. Тут ёсць дзіўны эпізод: машына з пасажырамі, што, канешне, актыўна каментуюць і выказваюць эмоцыі, праязджае праз палаючы лес. На краі дарогі гарыць іншая машына. Кіроўца рухаецца павольна. Такое скажэнне колераў, адчуванне сусветнай катастрофы і інтрыга не заўсёды сустракаюцца і ў ігравым кіно. Зомбі-апакаліпсіс запісалі на відэарэгістратар.

Часам сярод такога роду відэа, аказваецца, сустракаюцца сюжэтныя эпізоды. На адной вытрымцы дзяўчына кінула свае сумкі ў машыну, а кіроўца з'ехаў. Яна папрасіла ўладальніка відэарэгістратара, што стаяў за імі, паехаць за тым аўтамабілем, бо гэта таксіст. Яны дагналі таксі, забралі сумкі з дакументамі, а скончылася ўсё знаёмствам «Я Паша» — «Я Даша».

Карціна ахапіла шмат характэрных рэчаў: спосаб вырашаць канфлікты — саступаць дарогу павінен той, у каго няма молата; спосаб рамантаваць дарогі — закідваць месіва ў лужыну; спосаб пакутаваць — выбягаць басанож на дарогу перад машынай, садзіцца на капот, а потым перабягаць па яе даху. Мядзведзя на дарозе і коней з санямі, якія наехалі на аўтамабіль. Танкі і клінінг-сэрвіс для іх. Хлопца, што скраў каўбасу з машыны. Дзяўчыну, якая вучылася кіраваць і пераехала праз усю дарогу, знесла агароджы, бо пераблытала педалі.

Не менш важнай часткай фільма з'яўляецца не толькі тое, што адбываецца перад лабавым шклом, але і падзеі ўнутры аўтамабіля. Каментарыі, нецэнзурныя словы, якія ўвесь час уплятаюцца ў гаворку, «заі», упамінанне Бога, спосаб камунікаваць, манера гаварыць, цеплыня паміж сваякамі і іх духоўнае яднанне пасля катастрофы, што здарылася перад вачыма, нерухомасць, калі маладыя людзі збіваюць кіроўцу іншай машыны, — усё таксама складваецца ў пэўны калектыўны партрэт. Не кажучы ўжо пра тое, што жывыя эмоцыі становяцца важнай часткай нашага ўспрымання фільма і таго, што ён дэманструе.

«Дарога», што скарысталася запісамі відэарэгістратараў, паказала пошук новых формаў і шляхоў сучасным кінематографам і паспрабавала праз сваю ідэю адлюстраваць пэўную прастору. Кур'ёзна і маніпулятыўна. Аказалася, мы вельмі проста пераключаемся з дарогі як страшнай з'явы на дарогу як крыніцу жартаў. Фільм Дзмітрыя Калашнікава ў гэтым сэнсе больш вылучаецца сваімі эксперыментамі над гледачом, чым створанымі сэнсамі. Прынамсі, эксперымент паказаў цікавы вынік.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Зомбі-апакаліпсіс на відэарэгістратары

Выбар рэдакцыі

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM?